Запамінальнай аказалася пятніца для шэрага асіпаўчан. Сабраліся ў райвыканкаме прадстаўнікі сталага і маладога пакаленняў адразу па некалькіх прычынах.
14 ветэранам і малалетнім вязням вайны ва ўрачыстай абстаноўцы старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч і ваенны камісар Мікалай Гоман уручылі юбілейныя медалі “70 год Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.” Было выказана нямала слоў шчырай падзякі за ратны подзвіг і створаную для будучых пакаленняў магчымасць жыць, вучыцца і радавацца чыстаму небу. Разам з дзяржаўнай узнагародай кожны атрымаў ад райарганізацыі ГА “Беларускі фонд міру” букет кветак. На працягу месяца медалі будуць уручаны і ўсім астатнім удзельнікам Вялікай Айчыннай вайны, якія жывуць на Асіповіччыне. Iх, на жаль, зараз ужо менш за сотню — час няўмольны і бярэ сваё…
Вось ужо колькі гадоў запар да Дня Канстытуцыі праводзіцца ўсебеларуская патрыятычная акцыя “Мы — грамадзяне Рэспублікі Беларусь”. Сёлета напярэдадні дзяржаўнага свята пашпарты атрымалі два дзясяткі нашых юнакоў і дзяўчат. Галоўны ў жыцці кожнага чалавека дакумент не толькі дае пэўныя правы, але і накладвае дадатковыя абавязкі перад краінай і сваім народам. Гэта вялікі гонар і адказнасць — як перад грамадствам, так і перад самім сабой — быць грамадзянінам Рэспублікі Беларусь. Кіраўнік раёна, вітаючы моладзь, падкрэсліў, што на іх пакаленне ўскладаюцца вялікія надзеі, і маладыя асіпаўчане, верыцца, праславяць родны горад і прыкладуць усе сілы, каб зрабіць яго яшчэ больш прыгожым і багатым.
На Асіповіччыне ўсё больш трывалыя пазіцыі займае маладзёжная суполка. Раённая арганізацыя ГА “БРСМ” папоўніла свае рады і ў той дзень: членскія білеты і значкі атрымалі 33 старшакласнікі. А ўручылі іх першы сакратар РК ГА “БРСМ” Ганна Дземідок і ўдзельнік Вялікай Айчыннай вайны Iван Сямёнавіч Багдановіч.
Стваралі ў зале святочную атмасферу музычныя нумары, якія падрыхтавалі з тройчы ўрачыстай нагоды ўзорная эстрадная студыя “Хваля” Вяззеўскага СДК і група “Крышталь” з МПЦ “Равеснік”. I хоць мерапрыемства ішло не вельмі доўга — сталым людзям складана працяглы час знаходзіцца ў грамадскім месцы, аднак мела значны эмацыянальны водгук як у салдат Перамогі, так і ў школьнікаў.
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.