Сёлетняя сустрэча, прымеркаваная да чарговай гадавіны з дня вываду савецкіх войск з Афганістана, мела некалькі адметнасцей.
Напачатку адбыўся справаздачна-выбарны сход раённай арганізацыі грамадскага аб’яднання “Беларускі Саюз ветэранаў вайны ў Афганістане”. За перыяд у 4 гады зроблена нямала, але не менш спраў чакае наперадзе — і работа над Кнігай памяці, і стварэнне музея. У пэўнай ступені больш хуткай рэалізацыі планаў аказалі б садзеянне сродкі, якія могуць пералічваць на рахунак 3015123166661 у ЦБП 722 філіяла 703 ААТ “АСБ “Беларусбанк” г. Асіповічы, МФО 153801760, УНП 700079112 не толькі члены арганізацыі, але і тыя, хто падзяляе імкненні воінаў-інтэрнацыяналістаў захаваць памяць аб афганскіх падзеях і баявых таварышах. Адзінагалосна шляхам адкрытага галасавання старшынёй зноў абраны Юрый Корбан — чалавек, які на працягу многіх гадоў канкрэтнымі справамі пацвердзіў званне лідара.
Запамінальным момантам стаў рытуал уручэння райарганізацыі асабістага сцяга — яго ўрачыста расчахліў намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Семянцоў. Гэты атрыбут — сімвал гонару, доблесці і славы.
Традыцыйна адбыўся дыялог удзельнікаў афганскай вайны з прадстаўнікамі ўлады. Пытанні тычыліся і добраўпарадкавання райцэнтра, і неабыякавасць да горада і роднай зямлі толькі імпануе.
Факт, што прадстаўнікі арганізацыі маюць актыўную жыццёвую пазіцыю, уваходзяць у розныя грамадскія аб’яднанні — вось і Юрый Корбан і Юрый Мядзелец атрымалі білеты новага ўзору Камуністычнай партыі Беларусі.
Вучні СШ № 1, дзе і праходзіла мерапрыемства, падрыхтавалі тэматычную літаратурна-музычную кампазіцыю, якая ўключала экскурс у гісторыю тых няпростых гадоў, вершы і песні. Ніхто не застаўся раўнадушным, не раз прысутныя ўставалі, каб ушанаваць памяць тых, каму заўсёды будзе дваццаць…
I вось мітынг-рэквіем ля помніка воінам-інтэрнацыяналістам на Алеі Герояў.
— Сёння мы сабраліся ў чарговы раз, каб ушанаваць памяць загінуўшых землякоў і аддаць даніну павагі ўдзельнікам падзей 1979-1989 гадоў. Нізка схіляем галовы перад людзьмі, якія прайшлі выпрабаванне агнём, падзяляем боль страты, — звярнуўся да прысутных воінаў-інтэрнацыяналістаў і членаў іх сямей, школьнікаў, прадстаўнікоў арганізацый і прадпрыемстваў старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Пузік.
Былі ля помніка і дзве матулі, чые сыны не вярнуліся з той вайны — Галіна Сядых і Алена Габрыйчук.
Дзень вываду савецкіх войск з Афганістана не далучаны да дзён воінскай славы, адзначыў Сяргей Семянцоў, але гэта дата назаўсёды застанецца ў памяці як сімвал імкнення да міру. У той час не ўсе разумелі, што там нашы воіны першымі сталі супраць міжнароднага тэрарызму. Салдат і афіцэраў папракнуць няма ў чым: яны не здрадзілі ні прысязе, ні доўгу, ні баявому брацтву.
Ад маладога пакалення трымаў слова член БРСМ гімназіст Яўген Шаўлюга. Ён паабяцаў, што сённяшняя моладзь будзе беражліва захоўваць памяць і мірную спадчыну.
…Шчымлівая хвіліна маўчання, урачыстыя залпы, вянкі, кветкі. I — бадзёрае ціньканне сініц: хутка вясна. Шкада толькі, што прыйдзе яна не для ўсіх…
Валянціна КОРБАЛЬ.