Галоўны воінскі рытуал — прысяга — адбыўся 13 снежня ў мясцовым гарнізоне. Сотні салдат тэрміновай службы восеньскага прызыву перад сваімі баявымі таварышамі, камандзірамі, ганаровымі салдатамі часцей, роднымі і сябрамі прамовілі: «Я, грамадзянін Рэспублікі Беларусь, урачыста клянуся…» і, прысягнуўшы на вернасць Радзіме, пад гукі марша з гонарам прайшлі па плацу.
Потым іх чакала надта прыемнае: здаць зброю і атрымаць першае звальненне — ля самых дзвярэй казарм хлопцаў ужо чакалі бацькі, сваякі і сябры. Каханыя дзяўчыны, матулі, бабулі абдымалі і цалавалі сваіх салдацікаў, а госці-мужчыны моцна паціскалі руку і па-сяброўску пляскалі па плячах маладых ваеннаслужачых, якія ўжо могуць выконваць сапраўдныя баявыя задачы. «Служы, каб мы табой ганарыліся», — калі не сказалі, то падумалі ўсе родныя прызыўнікоў. У добры шлях, хлопцы!
Фота Марыі ТАЛЕЙКА.