Якія складаемыя поспеху працаўніка сельскай гаспадаркі? Намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзмітрый МIХАЛЁЎ называе іх некалькі: адказныя адносіны да сваіх абавязкаў, захаванне тэхналагічнасці працэсаў, наяўнасць неабходнай тэхнікі. Прынамсі, у сукупнасці гэта і дало магчымасць сёлета вырасціць рэкордны ўраджай: сельгасарганізацыямі Асіповіччыны намалочана больш за 36 тысяч тон збожжа і зернебабовых, што на 40% больш леташняга. Здабыткі гэтага года і планы на заўтра і сталі асноўнай тэмай гутаркі напярэдадні прафесійнага свята працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці аграпрамысловага комплексу.
— Сельская гаспадарка раёна спецыялізуецца на вытворчасці збожжа і зернебабовых культур, цукровых буракоў, масланасення рапсу, малака і мяса, — канкрэтызаваў Дзмітрый Аляксандравіч. — Асаблівая ўвага заўсёды надаецца хлебу. Самы важкі колас вырасцілі ў філіяле “Белшына-агра” ААТ “Белшына” — 50,6 цэнтнера з гектара, у тройцы лідараў па ўраджайнасці таксама калгасы “Карытнае” і “Лапічы”, дзе кожны гектар даў 41 і 39,9 цэнтнера адпаведна. Добры вал збожжа атрымалі “Чырвоны ўдарнік”, “Карытнае”, “Авангард” — 3.913, 3.646 і 3.427 тоны, а ў працэнтах да мінулагодняга гэта 115, 176 і 116 суадносна.
Цукровыя буракі таксама важная для раёна культура. I хоць сёлета па шэрагу прычын не лепшая аддача ад “салодкіх” палёў, але дзяржзаказ выкананы. За буракі можна пахваліць фермерскую гаспадарку “АграАўтаНова”, дзе пры ўраджайнасці больш за 350 цэнтнераў на круг атрыманы вал у 7.500 тон, і філіял “Белшына-агра”: у гаспадарцы накапалі 8.250 тон — па 330 цэнтнераў з гектара.
У нашых сельгаспрадпрыемствах нямала механізатараў, дзякуючы руплівай працы якіх маем добрыя здабыткі. Гэта Алег Малевіч з “Авангарда” і Валерый Ганчаронак з філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, Сяргей Дрозд з СВК “Калгас “Каўгарскі” і працаўнік “Чырвонага ўдарніка” Аляксандр Бузаноўскі, многія другія. Адметна, што ў кагорце лепшых хапае і моладзі: “белшынавец” Сцяпан Давідовіч, Сяргей Лось з “Лапіч”, Сяргей Снігір з “Ясеня”. Словам, змена дастойная.
Можа раён ганарыцца і тэхнікай. Напрыклад, філіял “Белшына-агра” мае пакуль рэдкі ў краіне 12-корпусны плуг, ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” — прэс-падборшчык-абмотчык рулонаў “Тарнада”, асвойваюць асіповіцкія палі тры найсучаснейшыя трактары “Беларус-3522”. У надзейных руках узгаданае і не толькі — магутная сіла.
Зроблены крок наперад і ў жывёлагадоўлі. Найбольш актуальныя пытанні на сёння — будаўніцтва і рэканструкцыя ферм у кожнай гаспадарцы. Час паказвае, што перш за ўсё гэта якасць прадукцыі. Напрыклад, зараз на “авангардаўскім” комплексе ў Лучыцах атрымліваюць 88% малака гатунку “экстра”, у ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне” — 80. Добры старт па якасці ўзяў і калгас “Бярэзіна”. Ну а сярэднясутачны надой ад каровы датычна новых ферм самы высокі ў “Авангардзе” і “Новым шляху” — 16,8 і 16,1 кілаграма.
Безумоўна, у жывёлагадоўлі таксама нямала сапраўдных майстроў. Сярод лепшых аператараў машыннага даення, напрыклад, Наталля Козел з “Чырвонага ўдарніка”, Алена Гарадзецкая з “Лапіч”, Алена Кілбас з “Авангарда”. Падзякі за-слугоўвае работа жывёлаводаў Жанны Савінай з “Ясеня”, Віктара Старкова з ААТ “Асіповічыаграпрамтэхзабеспячэнне”.
Зараз жа перад калектывамі ўсіх ферм галоўнае — арганізавана правесці перыяд стойлавага ўтрымання жывёлы, не дапусціць зніжэння колькасці малака.
Напярэдадні прафесійнага свята шчыра віншую ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці АПК. Моцнага вам здароўя, дабрабыту ў сем’ях. Няхай працуецца з задавальненнем, а вынікі работы натхняюць на далейшыя поспехі!