Адна з важных падзей гэтага года ў жыцці Асіповіцкага гарнізона — перадыслакацыя 36 дарожна-маставой брыгады ў Жодзіна. Пераезд ваенных дарожнікаў пачаўся прыблізна месяц назад і павінен завяршыцца 31 кастрычніка. На сёння большая частка асабовага складу ўжо асвойваецца на новым месцы службы, але камандаванне брыгады пакуль застаецца ў Лапічах.
З якім настроем развітваецца з нашым раёнам часць, якая правяла ў ім цэлых дванаццаць гадоў? З гэтага пытання і пачалася размова з камандзірам 36 дмастбр палкоўнікам Дзмітрыем Лукерыным:
— Шчыра кажучы, даволі неадназначным. Маладым кадравым ваенаслужачым пераезд у буйны сталічны прыгарад, безумоўна, даспадобы. Больш сталыя, сямейныя вайскоўцы, якія абзавяліся жыллём у Асіповічах, маюць намер як мага хутчэй перавесціся ў іншыя часці мясцовага гарнізона. Што ж тычыцца цывільных супрацоўнікаў — 56 жыхароў Лапіч і пасёлка Сасновы, то для іх пераезд брыгады азначае страту работы, а такая перспектыва наўрад ці каму паляпшае настрой. Мне, як камандзіру, вельмі шкада развітвацца з людзьмі, што сумленна выконвалі свае абавязкі, але ж перавод вольнанаёмнага персаналу пры перадыслакацыі вайсковых часцей немагчымы.
— А як наконт нерухомай маёмасці?
— Сёння брыгада мае ў сваім распараджэнні 43 пабудовы. З іх 3 будуць дэманціраваны і перавезены ў Жодзіна, 1 знесена, 7 — у тым ліку кацельня, будынак штаба, боксы для рамонту і абслугоўвання тэхнікі — застануцца на балансе Міністэрства абароны, а 32 — казармы, клуб, сховішчы і г.д. — пяройдуць у камунальную маёмасць асіпаўчан. Днямі дэталі ўзгаданай перадачы разглядаліся прадстаўнікамі кіраўніцтва Узброеных Сіл і раённай адміністрацыі, аднак шэраг пытанняў усё яшчэ застаецца нявырашаным. Напрыклад, пакуль незразумела, як будынкі з цэнтральным ацяпленнем рыхтаваць да зімы, ці трэба праводзіць кансервацыю, як забяспечваць іх захаванне.
Справа ў тым, што ўсе перадаваемыя пабудовы знаходзяцца ў выдатным стане, многія зусім нядаўна былі адрамантаваны, і будзе вельмі шкада, калі яны застануцца незапатрабаванымі альбо будуць пашкоджаны. Адзінае, што крыху заспакойвае — да лістапада 2015 года тэрыторыя гарадка застаецца пад аховай: да гэтага часу працягнецца здача ў сховішчы Міністэрства абароны маставога рыштунку, які загадана на новае месца не браць.
— Прынамсі, што ўяўляе сабой перадыслакацыя дарожна-маставой брыгады?
— Калі коратка — перасоўванне 2 644 тон грузаў і амаль 500 адзінак тэхнікі. На сёння прыблізна 80 працэнтаў гэтай “рухомай маёмасці” ўжо знаходзіцца на новым месцы дыслакацыі.
Асноўная нагрузка пры перавозцы лягла на плечы кранаўшчыкоў і вадзіцеляў. I складаны загад яны выконваюць добра: задзейнічаная ў рабоце тэхніка працуе бездакорна, збояў у графіках руху, пагрузцы-выгрузцы няма, парушэнняў тэхнікі бяспекі — таксама.
Дарэчы, сярод перавозімых грузаў былі і кнігі нашай бібліятэкі. Гэта амаль 6,5 тысяч тамоў, сярод якіх пераважная большасць — лепшыя ўзоры ваенна-патрыятычнай літаратуры.
— Ужо праз лічаныя дні лапіцкі этап існавання 36 дарожна-маставой брыгады стане перагорнутай старонкай яе гісторыі. Якія найбольш значныя падзеі гэтага дванаццацігоддзя застануцца ў летапісе часці?
– Адна з іх — таксама перадыслакацыя, толькі значна меншага маштабу. Маю на ўвазе расфарміраванне базы захавання маставога рыштунку ў ваенным гарадку Верайцы. Другая — пабудова моста ў Брэсцкай крэпасці для здымкаў гістарычнага фільма аб яе абаронцах. Трэцяя — удзел у Дзяржпраграме “Дарогі Беларусі”, падчас якой ваенныя мостабудаўнікі дапамаглі геолагам весці пошук новых радовішчаў нафты.
Зразумела, будзем памятаць і пра рэканструкцыю палігона “Асіповіцкі” напярэдадні вучэнняў “Узаемадзеянне-2013”…
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКI.