Вы перадалі паказанні лічыльніка вады за мінулы месяц у Адзіны разліковы цэнтр? А ці рэгулярна гэта робіце? На жаль, шчырае «так» можна пачуць не ад кожнага. А значыць, і грошы за аказаную паслугу ўносім несвоечасова. Многія абаненты скардзяцца: вельмі нязручна штомесяц тэлефанаваць з паведамленнем аб колькасці зрасходаванай вады. Бывае, аўтаадказчык фіксуе не ўсе званкі, што паступілі. Аптымальным для ўсіх было б аплачваць паслугі «Водаканала» такім чынам, як плацім за электрычнасць, газ: па паказаннях лічыльніка, а не згодна з налічанай сумай. Гэта пытанне нашы камунальшчыкі разглядалі не раз, але пакуль не прынята адпаведнае рашэнне.
Плацяць людзі за паступленне вады і яе ўтылізацыю. Хтосьці сумленна, іншыя — імкнучыся кагосьці абдурыць. А ёсць і такія, хто лічыць ваду агульным і бясплатным багаццем. А між тым… Лічбы растрачанай і аплачанай вады з месяца ў месяц чамусьці не сходзяцца. Асабліва відавочна гэта адрозненне ў Ялізаве. Там за ліпень было выкарыстана 21.600 кубічных метраў вады, а грошай ад мясцовых жыхароў атрымалі менш, чым за палову. Вяззеўцы пайшлі далей. За спажытыя 4.300 кубаметраў заплацілі… трэцюю частку. Жыхары станцыі Верайцы таксама не пакутуюць ад злішку сумлення: з 2.395 кубоў аплацілі толькі крыху больш за паўтысячы. Любяць дармавую вадзіцу і ў Малой Гарожы, Красным… У горадзе таксама хапае нядобрасумленных спажыўцоў. Так, за месяц «Водаканал» прадаставіў асіпаўчанам 214 тысяч кубоў вады, за 66 з якіх не атрымаў платы. Прыкладам адказных адносін да дзяржаўнай маёмасці можа служыць пасёлак Сасновы, дзе людзі не імкнуцца да «прыхвацізацыі». У вёсцы Ясень таксама не развіты крадзеж вады. Iншым не шкодзіла б павучыцца ад жыхароў гэтых населеных пунктаў ашчаднасці і прыстойнасці.
Спецыяльна створаная камісія правяла выбарачную праверку водакарыстальнікаў. Вынікі ўразілі. За тыдзень было складзена 62 акты, накладзены штрафы, з іх 11 максімальнага памеру, што складае амаль 10 мільёнаў рублёў. Такую суму налічваюць за множныя парушэнні. Напрыклад, некаторыя грамадзяне не заключылі дагавор на водакарыстанне, у той жа час, пагарджаючы існуючымі нормамі, урэзаліся ў водаправод, льюць, колькі душа жадае, а плаціць зусім не збіраюцца. Знайшліся такія аматары дармаўшчыны ў Ялізаве, Ясені, Жорнаўцы, Пагарэлым… Спіс можна прадоўжыць. Не ўсім і гараджанам хапае сродкаў, каб аплаціць за спажытую ваду. Напрыклад, у так званым «царскім сяле» назіраюцца такія парушэнні. Выяўлена многа «вынаходнікаў», якія самастойна ўстанавілі лічыльнік там, дзе гэта ім выгадна. Быццам бы і плату ўносяць, але мізэрную, а вада льецца праз свабодныя ад прыбораў уліку трубы. Любяць аматары бясплатных камунальных паслуг рабіць несанкцыянаваныя ўрэзкі ў сістэму водазабеспячэння, прычым часта без наяўнасці спецыяльнага кало-дзежа, абсталяванага накрыўкай, што катэгарычна забаронена, бо небяспечна.
Як тлумачыць начальнік сектара па рабоце з абанентамі Людміла Мірончык, падобныя рэйды будуць практыкавацца часцей. Настаў час рабіць павальныя праверкі домакарыстанняў на прадмет выяўлення нелегальных крыніц уцечкі вады. Часта самі жыхары, асабліва ў сельскай мясцовасці, ведаюць тых, хто парушае нормы водакарыстання, але не жадаюць псаваць адносіны з суседзямі, лічачы лепшым плаціць за іх махінацыі.
Як выглядае сярэднестатыстычны «раскрадальнік» вады? Здзівіла, але гэта бабулька-пенсіянерка, якая часта і не ведае, якім чынам падведзена ў яе сядзібе вада, і сама, дарэчы, ашчадна яе выкарыстоўвае. А за бабуляй стаяць забяспечаныя дзеці, якія ўчынілі самаўпраўства і паліваюць-купаюцца-мыюць-льюць днямі напралёт, прыкрываючыся бацькамі.
Узнікла неабходнасць больш жорстка ставіцца да парушальнікаў закона. З тых, хто не жадае аплачваць штраф, будуць вымушаны спаганяць доўг праз суд. Падобныя «выкрутасы» адбіваюцца на ўсіх нас: уносім грошы за сябе і тых «няшчасных», а працаўнікі камунальнай арганізацыі пазбаўляюцца прэміі пры і так невялікай зарплаце.
Яшчэ адной перашкодай у барацьбе з раскрадальнікамі вады з’яўляецца адсутнасць адзінага падыходу да работы з імі з боку «Водаканала» і Адзінага разліковага цэнтра. Ні агенцтва па дзяржрэгістрацыі і зямельным кадастры, ні сельсаветы не ідуць насустрач, каб сумесна вырашаць існуючую праблему.
Вада цячэ па трубах, праз лічыльнікі і мінаючы іх. Відаць, так і людское сумленне. Праўда, лічыльнікі на яго ставіць пакуль не навучыліся…
Iна ЗАСКЕВIЧ.