Пераважная колькасць удзельнікаў гэтай суполкі аднадумцаў — мінчане сталага ўзросту, якія імкнуцца спалучыць жаданне займацца творчасцю з любоўю да прыроды і актыўным ладам жыцця.
Жорсткіх крытэрыяў, якія б абмяжоўвалі палёт натхнення, няма, хаця пэўны накірунак у дзейнасці прыхільнікаў клуба зададзены: работы павінны адлюстроўваць прыгажосць беларускага наваколля і пажадана вырабляцца з прыродных матэрыялаў.
З гэтай нагоды, так бы мовіць, “магістральным” шляхам мастацкай самарэалізацыі ўдзельнікаў творчай суполкі з’яўляецца стварэнне вырабаў дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва з пнёў, карэнняў, незвычайных наростаў на дрэвах, аднак ёсць і майстры, што вышываюць, малююць, працуюць з батыкам ці карыстаюцца яшчэ больш незвычайнымі мастацкімі тэхнікамі. Сярод апошніх абавязкова трэба ўзгадаць стварэнне барэльефаў-пейзажаў з… аксамітных стужак.
Пачала сваю дзейнасць “Прырода і фантазія” з 1968 года, і за час свайго існавання ў ім прынялі ўдзел сотні чалавек. Самых розных, ад вельмі далёкіх ад мастацтва ў звычайным жыцці да вядомых дзеячаў культуры. Адным з найбольш актыўных удзельнікаў была народная артыстка СССР Стэфанія Станюта (1905-2000 гг.). Яе асабістая калекцыя мастацкіх твораў дагэтуль выстаўляецца і выклікае непадроблены інтарэс наведвальнікаў.
Асабліва ўражвае падборка аўтарскай біжутэрыі з разнастайнага прыроднага матэрыялу. Адразу нават цяжка зразумець, што зроблены каралі, калье, бранзалеты з гароху, жалудоў і разнастайнага насення.
Зараз клуб “Прырода і фантазія” ажыццяўляе вялікі інфармацыйны праект па папулярызацыі далучэння пажылых землякоў да заняткаў дэкаратыўна-прыкладным мастацтвам, дзеля чаго арганізоўваюцца верні-сажы ў самых розных куточках беларускай правінцыі. У Асіповічы выстава, у якую ўвайшлі найбольш цікавыя творы, патрапіла, папярэдне пабываўшы ў Крупках, Талочыне, Міёрах, Ждановічах, Мядзелі, Бягомлі, Полацку і дзясятку іншых вялікіх ды малых гарадоў.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.