Лета для моладзі не толькі пара адпачынку, але і час, калі можна зарабіць грошы і на маленечкі крок наблізіцца да такой жаданай самастойнасці. Чатыры вучаніцы СШ № 3 — Марына Мошчына, Вольга Ваккер, Крысціна Ненартовіч і Паліна Дзівак — таксама скарысталіся такой магчымасцю. Дзяўчаты звярнуліся ў БРСМ, дзе ім прапанавалі працу ў ДУКВП “Райсэрвіс” пад кіраўніцтвам Алёны Раманьковай. Іх чакала нескладаная, але патрэбная для горада справа: праполка кветнікаў.
Па словах Алёны Яўгеньеўны, “Райсэрвіс” штогод запрашае на працу вучняў, і ў асноўным яна складаецца з праполкі кветнікаў. Большую ахвоту да такога роду заняткаў праяўляюць дзяўчаты, але заўсёды ёсць выключэнні з правілаў. Летам разам з прыгожай паловай чалавецтва працавалі і два хлопцы.
Чаму школьніцы вырашылі летам папрацаваць? На гэтае пытанне прагучалі розныя адказы, але ў адным яны супалі: лішнія грошы яшчэ нікому не пашкодзілі, ды і праверыць свае сілы захацелася.
Дзяўчаты перайшлі ў адзінаццаты клас, збіраюцца паступаць у ВНУ. У школе яны актыўна ўдзельнічаюць у культурна-масавых і спартыўных мерапрыемствах, займаюцца ў разнастайных гуртках. У вольны час ходзяць на дыскатэкі, у парк, займаюцца спортам.
Праца падчас летніх канікул — гэта не толькі асабістыя грошы, але і выдатны спосаб зразумець, на што ты здольны. Засталося яшчэ больш месяца лета, а значыць, у жадаючых яшчэ ёсць шанц паспрабаваць на смак дарослае працоўнае жыццё!
Ганна ШАРАМЕТ.