Iван Сямёнавіч Багдановіч ваяваў у партызанскім атрадзе “За Савецкую Радзіму”, на 1-м, 2-м і 3-м Беларускіх франтах. На яго грудзях такія баявыя ўзнагароды, як ордэн Айчыннай вайны 1 ступені, медалі “За баявыя заслугі”, “За ўзяцце Кёнігсберга”, “За ўзяцце Берліна”.
Алена Пятроўна Бусель змагалася з ворагам на Заходнім, Сталінградскім, Данскім, Бранскім, 2-м Беларускім франтах. Узнагароджана ордэнамі Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны 2 ступені, медалямі “За баявыя заслугі”, “За абарону Сталінграда”, “За ўзяцце Берліна”, “За перамогу над Германіяй”.
Гэта толькі двое з больш дзясятка паважаных ветэранаў, з якімі напярэдадні 70-й гадавіны з дня вызвалення роднай краіны ад нямецка-фашысцкіх акупантаў сустрэўся старшыня райвыканкама Пётр Шукаловіч, каб разам з ваенным камісарам Мікалаем Гоманам уручыць заслужаным людзям юбілейныя медалі і яшчэ раз ад усяго сэрца выказаць падзяку за ўсё, што яны зрабілі для нас, для сённяшняй суверэннай Беларусі.
Можна лічыць сімва-лічным, што да шчырых слоў удзячнасці кіраўніцтва мясцовай улады даручыліся і замежныя госці, якія прыбылі на Асіповіч-чыну на святкаванне Дня Незалежнасці Айчыны — дэлегацыі Сынджэрэйскага раёна Рэспублікі Малдова і Кранштацкага раёна г. Санкт-Пецярбурга. З карычневай чумой расіяне і беларусы, украінцы і малдаване, татары і армяне за свабоду і незалежнасць біліся разам. I нармальнае жыццё аднаўлялі таксама. А таму і правераныя ў цяжкія гадзіны ліхалецця лепшыя чалавечыя якасці цяпер павінны толькі мацнець і развівацца!
2 ліпеня. На мясцовых могілках вёскі Цэль у 11 гадзін адбыўся мітынг, прысвечаны адкрыццю помніка на брацкай магіле савецкіх воінаў, якія загінулі ў барацьбе з фашыстамі ў 1941-1945 гадах. Такім чынам, дзякуючы неабыякавасці мясцовай грамадскасці, у тым ліку і ветэранам Вялікай Айчыннай і Узброеных Сіл Віктару Трыфанавічу Барабашу і падпалкоўніку ў адстаўцы, кіраўніку гуртка “Ваенна-гістарычная рэканструкцыя” раённага Цэнтра турызму і краязнаўства Юрыю Аляксандравічу Сцяпанаву на асіповіцкай зямлі ўзняўся яшчэ адзін абеліск у гонар тых, хто аддаў сваё жыццё, абараняючы Радзіму ад ворагаў.
У гэты ж дзень кветкі і вянкі ўсклалі і да іншых помнікаў і абеліскаў раёна, месцаў пахавання воінаў, партызан, падпольшчыкаў і ахвяр фашызму.