Дзе і на якіх умовах можна нарыхтаваць бярозавых венікаў для лазні? Такое пытанне здаецца банальным толькі на першы погляд: сёння многія віды нарыхтовак дзікарослай прадукцыі жорстка рэгламентаваныя, а парушэнне ўстаноўленых правілаў можа скончыцца выплатай значнага штрафу. Таму, каб не мець ад любімай воднай працэдуры непатрэбнага клопату, аматарам лазні ёсць сэнс прыняць да ўвагі парады, якія даюць начальнік інспекцыі жывёльнага і расліннага свету Андрэй Долгі і галоўны ляснічы ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” Віктар Дамарад:
— Нарыхтоўка галля практычна без абмежаванняў дапускаецца ў лясах, дзе ў хуткім часе будзе весціся альбо ўжо вядзецца высечка. Даведацца пра месцазнаходжанне такіх участкаў і атрымаць усю неабходную інфармацыю па правядзенні нарыхтовак венікаў можна ў бліжэйшым лясніцтве. Жыхарам райцэнтра трэба звяртацца ў Асіповіцкае альбо Цэнтральнае лясніцтвы, якія размешчаны каля гарадскога рынку.
Што тычыцца насаджэнняў, якія ляжаць у межах населеных пунктаў альбо адносяцца да лесапаркавых частак зялёных зон, то ў іх забаронены ўсе віды нарыхтовак і іншыя віды эксплуатацыі другарадных лясных рэсурсаў — выпас дамашняй жывёлы, збор бярозавага соку і г.д. Дазволены не ў прамысловых аб’ёмах збор грыбоў, ягад, пладоў, лекавых альбо араматычных раслін.
Да сказанага застаецца дадаць, што пад узгаданыя абмежаванні падпадае і тэрыторыя вакол недабудаванага комплексу раённай бальніцы на вуліцы Сташкевіча. З фармальнага пункту гледжання буяючыя там джунглі з разнастайных маладых дрэў таксама ляжаць у межах населенага пункта, таму тут самавольна нельга чапаць нават расліны, якія растуць на дахах карпусоў і надаюць ім змрочна-неахайны выгляд.
“Камунікацыйны разрыў” паміж правіламі добраўпарадкавання тэрыторый паселішчаў і правіламі нарыхтоўкі лясных рэсурсаў чарговы раз пацвярджае, што ў рэальным жыцці заўсёды можа скласціся сітуацыя, якая не цалкам упісваецца ва ўстаноўленыя межы. Аднак у незразумелых абставінах самае правільнае — разглядаць сітуацыю з пункту гледжання прыродаахоўнага заканадаўства. Тым больш, што рэйдавая брыгада IАЖіРС практычна штодня некалькі разоў праязджае праз Асіповічы і, убачыўшы чалавека нават з адным свежым венікам у руках, абавязкова пацікавіцца, адкуль той з’явіўся…
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.