Ведаць. Памятаць. Ганарыцца
На тэрыторыі цяперашняга пасёлка Ялізава пражывае 2.700 чалавек. Сярод іх — 6 ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, 4 малалетнія вязні канцлагераў. У 1939 годзе было 4,5 тысячы жыхароў, на шклозаводзе — 750 рабочых. Падчас акупацыі гітлераўцы знішчылі каля 300 ялізаўчан. 325 пасялкоўцаў загінулі ў баях з нямецка-фашысцкімі захопнікамі.
У 1967 годзе на брацкіх пахаваннях і магіле ахвяр фашызму пастаўлены помнікі. Адна з вуліц носіць імя Героя Савецкага Саюза М.В.Рамашкі, які загінуў пры вызваленні Ялізава.
Над Ялізавам хмары чорныя праплывалі вайною не раз
Па ўспамінах ветэрана-ялізаўчаніна Анатоля Iванавіча Дзівака, першыя бомбы на пасёлак немцы скінулі ў раёне моста цераз раку. Ноччу 30 чэрвеня на станцыі спыніліся эшалоны з нашымі салдатамі. Па галоўнай вуліцы з боку Бабруйска ўжо рухалася нямецкая калона — на станцыю і чыгуначны мост. Праз некаторы час пачуліся страляніна і магутныя выбухі. Страшна было выйсці на вуліцу. Як потым даведаліся, палягло шмат савецкіх воінаў, якія ўтрымлівалі мост. У палон таксама трапіла многа байцоў. Калі ўсё скончылася, пасялкоўцы ўбачылі разбіты ўшчэнт наш браняпоезд. Ён доўга яшчэ стаяў тут…
Пра баі за масты цераз Бярэзіну ёсць не адна публікацыя, у тым ліку і ў “раёнцы”. А вось цытата з ваенных мемуараў “В первые дни Великой Отечественной”, дзе ўзгадваецца і пра эпізод у Ялізаве: “Когда самолеты отбомбились, бойцам предстала удручающая картина: прямыми попаданиями бомб изуродованы контрольные платформы, на бронированной обшивке паровоза и площадок зияли рваные раны, рельсы полотна покорежены и скручены, на насыпи виднелись огромных размеров воронки”…
Iдуць гады, сціраюцца з памяці і многія падзеі вайны. Як напамінак пра яе — помнікі не толькі людзям, але і тэхніцы: танкам, самалётам, цягнікам. Думаецца, што браняпоезду, які абараняў пераправу ў Ялізаве, таксама можна ставіць помнік — у гонар салдацкай мужнасці і адвагі.
Яшчэ адзін удзельнік вайны Эдуард Фларыянавіч Шышко прыгадвае, як у пасёлак прыйшлі немцы. Многія тады пайшлі ў партызаны, у асноўным — рабочыя шклозавода “Кастрычнік”. Сярод іх быў і былы начальнік аддзела забеспячэння Станіслаў Мікалаевіч Мазура. Вось што ён расказваў (гл. “ЗЛ” № 42 ад 9 красавіка 1970 г.):
Білі ворага днём тут і ўночы
У баях за вызваленне пасёлка і шклозавода, абарону чыгуначнага моста цераз раку Бярэзіну змагаліся салдаты і афіцэры 210-га стралковага палка пад камандаваннем падпалкоўніка К.В.Барычэўскага, 1359-га зенітна-артылерыйскага, 601-га стралковага, 1900-га сапёрнага, 146-га супрацьтанкавага і 795-га артылерыйскага палкоў.
З успамінаў палкоўніка запасу Канстанціна Васільевіча Барычэўскага:
Мой полк атрымаў заданне перарэзаць шашу Бабруйск-Магілёў і рухацца далей на захад. Вызвалілі Кіраўск. Падышлі да Бярэзіны. Трэба было дзейнічаць так, каб заняць масты, пазбавіць немцаў магчымасці іх узарваць. Гэта ўдалося. I мост, і пасёлак захапілі.
Запомнілася, як сустракалі Чырвоную Армію жыхары Ялізава. Безумоўна, гучалі радасныя прывітанні. Адразу, як толькі полк заняў пасёлак, да нас прыйшлі юнакі, сталі прасіцца, каб узялі з сабой. Жыхары пасёлка дапамагалі будаваць пераправу для танкаў цераз Бярэзіну.
Нам далі суткі на перагрупоўку і адпачынак. Полк заставаўся ў Ялізаве. Але мы іх так і не выкарысталі. Немцы прарваліся з “бабруйскага катла”. Iх, як вядома, было 60 тысяч. Лавінай фашысты рынуліся ўздоўж Бярэзіны, хацелі праз пасёлак выйсці за Свіслач. Супраць масы варожых салдат у палку было толькі 1200 актыўных штыкоў, але рубеж над Бярэзінай трэба было ўтрымаць.
Праз пасёлак не далі немцам прарвацца. Тады яны абышлі нас лесам і вырваліся да ракі Свіслач. Але і тут іх сустрэлі агнём. На мосце стаялі кулямёты і гарматы. Яны ва ўпор расстрэльвалі фашысцкіх ваяк, а тыя ў псіхічным прыпадку лезлі пад свінцовы дождж.
Пратрымаліся да вечара. Ялізава некалькі разоў пераходзіла з рук у рукі. Далей чыгункі не адышлі.
Немцы паспрабавалі прарвацца недалёка ад вёскі Усціж. Тут, на паляне Лысая гара, іх сустрэла рота нашых сібіракоў. 60 байцоў не адступілі ні на крок.
Здорава дапамагалі зенітчыкі, якія павінны былі аберагаць мост ад бамбардзіроўшчыкаў.
У шостай гадзіне наляцелі нямецкія самалёты — закружыліся сотні парашутаў: гэта скідвалі прадукты акружаным фашыстам. Але ўсё дасталася не ім, а мясцовым жыхарам.
У баі каля Бярэзіны загінуў не адзін дзясятак байцоў нашага палка, затое немцаў пад Ялізавам палягло 20 тысяч, тут засталася і ўся іх тэхніка.
У пасёлку ўцалела зусім мала дамоў і будынак школы.
Тут памятаюць пра вызваліцеляў
Сярод іх — старшы лейтэнант Дзмітрый Пятровіч Грыгор’еў, які камандаваў ротай дэсантнікаў 82-й Ярцаўскай Чырванасцяжнай ордэнаў Суворава і Кутузава стралковай дывізіі. 29 чэрвеня быў атрыманы загад фарсіраваць раку Бярэзіну па чыгуначным мосце каля станцыі Ялізава, захапіць яго і выратаваць ад знішчэння праціўніка, які прарваўся з “бабруйскага катла”. Дэсантнікі на самаходных устаноўках занялі мост і адбівалі атакі немцаў. Былі знішчаны каля 300 нямецкіх салдат і афіцэраў. За праяўлены гераізм пры выкананні пастаўленай задачы Грыгор’еў быў прадстаўлены да звання Героя Савецкага Саюза.
30 чэрвеня 1359-ы зенітна-артылерыйскі полк атрымаў такі ж загад. Батальён пад камандаваннем намесніка камандзіра палка па палітычнай часці маёра Мікалая Васільевіча Рамашкі стаў на абарону моста.
Першая атака была адбіта — страцілі камандзіра роты капітана Кончына. Яго месца заняў нампаліт. Зноў атака за атакай. Забіты камандзір узвода, які з кулямёта расстрэльваў фашыстаў ва ўпор. Тады Рамашка сам залёг за кулямёт і агнём спыніў ворагаў. Радзелі рады байцоў, заканчваліся боепрыпасы. Вось змоўк кулямёт справа. Маёр спяшаецца туды. Варожая куля трапіла і ў яго, але афіцэр хутка зрабіў сабе перавязку; працягваў стральбу. А вось другая рана аказалася смяротнай… Радзіма высока ацаніла заслугі маёра Рамашкі: прысвоіла званне Героя Савецкага Саюза. Пахаваны ў Магілёве. Там жа яго імем названа вуліца. У Капылі, дзе ён нарадзіўся, — таксама.
I 210-му стралковаму палку прыйшлося весці жорсткую барацьбу з ворагам і несці страты. Групу разведчыкаў імкнуліся акружыць немцы. Гэта ўбачыў яфрэйтар Сяргей Пяцялін. Спрабуючы выратаваць таварышаў, ён адкрыў агонь па фашыстах, але не заўважыў, як сам апынуўся ў акружэнні. Пачаў адстрэльвацца, але ў дыску аўтамата скончыліся патроны. Ворагі смела кінуліся да бяззбройнага байца, аднак ён гранатай узарваў і сябе, і немцаў. За гэты подзвіг быў удастоены звання Героя Савецкага Саюза.
Кровапралітныя баі вяліся і за авалоданне шклозаводам. Выбіць немцаў адтуль загадана было намесніку маёра Барычэўскага А.Х.Заўялаву і камандзіру роты старшаму лейтэнанту I.А.Тарасенку. Узвод А.Т. Аўдоніна ўварваўся на тэрыторыю прадпрыемства. Камандзір трэцяга ўзвода аўтаматчыкаў малодшы лейтэнант А.Ф.Лукаў, прабраўшыся з байцамі ўздоўж завода, пераадолеў дашчаную агароджу і ўдарыў у тыл гітлераўцам. Загінула многа фрыцаў, але і камандзіра куля не пашкадавала. Аднак загад быў выкананы — шклозавод “Кастрычнік” апынуўся ў руках нашых байцоў.
Толькі за варотамі прадпрыемства зноў паказаліся калоны немцаў. Пад націскам праціўніка рота Тарасенкі вымушана была пакінуць пасёлак. Цяжкае становішча склалася і на ўчастку абароны стралковага батальёна. У роце Р.Д.Данчанкі быў цяжка паранены камандзір першага ўзвода лейтэнант Уладзімір Алфёраў, тры камандзіры аддзяленняў — забітыя. Пад прыкрыццём узвода лейтэнанта Валянціна Пігурова камандзір другога батальёна старшы лейтэнант Я.П.Бялоў падняў байцоў у атаку.
Загінулі салдаты Грыбянко, Ягор Арціменка і другія.
Больш за 300 байцоў пахаваны ў брацкіх магілах пасёлка. У сямідзясятыя гады называлася лічба 150. Але пошукі працягваюцца. I верыцца, што будуць устаноўлены новыя імёны.
Вуліца Рамашкі. У 1970 годзе цераз дарогу насупраць мясцовай школы ўстаноўлены помнік-бюст у гонар Героя Савецкага Саюза Сяргея Пяцяліна.
Па гэтай жа вуліцы на мясцовых могілках таксама стаіць абеліск у гонар 4 невядомых воінаў.
P.S. Пры ліквідацыі акружанай групоўкі праціўніка, якая выходзіла з “бабруйскага катла”, знішчана больш за 16 тысяч нямецкіх салдат і афіцэраў і ўзята ў палон 18 тысяч.
У ліку разгромленых і 45-я пяхотная дывізія вермахта, якая была сфарміравана з 4-й дывізіі аўстрыйскай арміі з Лінца. У раёне Ялізава аўстрыйцы вялі бой з 210-м савецкім стралковым палком. Далей былі баі і за мост каля вёскі Свіслач, дзе рэшткі нямецкіх часцей былі разбіты. Камандзір 45-й дывізіі генерал Энгель разам з 13 салдатамі і афіцэрамі быў захоплены ў палон пад Трасцянцом 9 ліпеня 1944 года.
Падрыхтавала Ніна ВIКТОРЧЫК.