Прафесійная кар’ера Вячаслава Атрохава пачыналася напрыканцы 80-х гадоў мінулага стагоддзя з будаўніцтва ў вагонным дэпо звышсучаснага для СССР цэха па рамонце кантэйнераў. А з 2008 года ён займае пасаду галоўнага інжынера СЗАТ “Асіповіцкі вагонабудаўнічы завод” — аднаго з найбольш высокатэхналагічных профільных прадпрыемстваў ва ўсім СНД.
Паміж гэтымі пунктамі працоўнай біяграфіі асобнага чалавека не толькі 30 гадоў. За ўзгаданы адрэзак часу ў тэхніцы ішоў вірлівы прагрэс, адбыўся якасны скачок у гаспадарчым укладзе і грамадска-палітычным жыцці краіны.
Ды што там — нават “вечназялёны” амерыканскі долар у плане пакупніцкай здольнасці ўпаў амаль на 300%! Між іншым, пры пераліку цэн з улікам інфляцыі вартасць абодвух праектаў, у рэалізацыі якіх прымаў удзел інжынер Атрохаў, атрымліваецца прыблізна роўнай. Але ж цікава не адноснае падзенне сабекошту перадавога вытворчага абсталявання, а псіхалогія чалавека, які, па-першае, ведае гэтую тэхніку як змесціва ўласнай кішэні, а па-другое — умее наладжваць яе эфектыўную эксплуатацыю.
— Вячаслаў Аляксандравіч! Можа на пачатку паспрабуем з інжынернага пункту гледжання параўнаць ход рэалізацыі інвестыцыйных праектаў па рэканструкцыі вагоннага дэпо і стварэнні СЗАТ “АВЗ”?
— У дэпо справы рушылі вельмі хутка — “пад ключ” новае абсталяванне і патрэбная для яго дзейнасці інфраструктура былі здадзены ў эксплуатацыю за 28 месяцаў. Тэмпы работ жорстка кантраляваліся на самым высокім узроўні — у СССР імклівасць уводу ў эксплуатацыю буйных прамысловых прадпрыемстваў лічылася адным з галоўных дзяржаўных прыярытэтаў. Выбар тэхналогій і адпаведнага абсталявання, забеспячэнне новай вытворчасці працоўнымі рэсурсамі, расходнымі матэрыяламі і наладжванне збыту гатовай прадукцыі для планавай савецкай эканомікі не з’яўляліся істотнымі абмежаваннямі.
АВЗ ж — акцыянернае таварыства, таму яго развіц-цё вызначаецца магчымасцямі і пажаданнямі інвестараў. Да таго завод існуе ва ўмовах рынкавай канкурэнцыі, што вымушае гнутка закладваць у ствараемы вытворчы комплекс самыя перспектыўныя інавацыі і ўвесь час шукаць спосабы пераадолення мноства самых розных праблем — тэхнічных, арганізацыйных, кадравых. Складаныя вытворчыя і тэхнічныя пытанні, якія ва ўмовах СССР можна было вырашыць у самым лепшым выпадку за год, сёння “разрульваюцца” практычна імгненна. Так што зараз на ствараемым прадпрыемстве інжынерам працаваць намнога цікавей.
— Прыклад мудрагелістай задачы з цікавым рашэннем прывесці можна?
— Зараз рыхтуецца да выпуску новая мадэль танк-кантэйнера для транспарціроўкі сціснутага газу. Такія вырабы павінны праходзіць пэўныя іспыты на трываласць і герметычнасць. Аднак стандартнымі метадамі наш танк-кантэйнер па шэрагу прычын правяраць нельга, таму неабходна прапанаваць прымальную альтэрнатыву. Каб справіцца з такой справай, трэба цэлая каманда вопытных і таленавітых інжынераў, якія могуць знайсці прынцыпова правільнае рашэнне і, галоўнае, давесці яго да практычнай рэалізацыі. Што ж тычыцца галоўнага інжынера, то ён адказвае за правільнасць зробленага выбару ўласнай рэпутацыяй.
— А не страшна браць на сябе такую адказнасць?
— Увогуле інжынер — творчая дзейнасць, таму нармальным “фонам” для яе з’яўляецца не занепакоенасць, а радасць ад пачуцця, што ўдалося дасягнуць чагосьці новага, незвычайнага.
З гэтай нагоды хацелася б узгадаць аб сур’ёзнай праблеме, якую інжынернаму корпусу прадпрыемства ўдалося пераадолець найлепшым чынам.
Калі мы асвойвалі выпуск танк-кантэйнераў для перавозкі хімічных рэчываў, колькасць браку зварачных швоў дасягала 60 працэнтаў, што, зразумела, непрымальна. Каб выправіць сітуацыю, спатрэбілася грунтоўна азнаёміцца з апошнімі дасягненнямі ў зварачных тэхналогіях і набыць дзве ўстаноўкі плазменнай зваркі — унікальнага для беларускай індустрыі абсталявання. Правільны выбар сродкаў вытворчасці дазволіў пры пераходзе на серыйны выпуск перспектыўнай прадукцыі цалкам пазбавіцца ад дэфектных швоў.
— У свой час Вы ўзначальвалі вагоннае дэпо, таму, напэўна, ведаеце, хто лепш разумее жыццё вытворчасці — дырэктар альбо галоўны інжынер?
— Вобразна кажучы, дырэктару важна дасканала ведаць сваё прадпрыемства “звонку”, а галоўнаму інжынеру — “знутры”. Разуменне таго, як працуе тэхніка, дазваляе своечасова папярэджваць пазаштатныя сітуацыі і хутка знаходзіць прычыны вытворчых дэфектаў. Надзвычайных выпадкаў на АВЗ не было і, спадзяюся, не будзе, а вось збоі ў рабоце абсталявання — пакуль “непазбежнае зло”. Адзін з найбольш няўлоўных дэфектаў тычыўся змяншэння шчыльнасці зварачных швоў. Пошук прычыны браку быў падобны на дэтэктыў, а “злоўленых злачынцаў” аказалася два, прычым вельмі розных: збой у праграмным забеспячэнні зварачнага абсталявання плюс няякасны газ, струмень якога падаецца ў зону расплаву.
— Некалі інжынеры былі папулярным і персанажамі кіно, літаратуры. А чаму сёння на прадстаўнікоў прафесіі, значэнне якой для нашай цывілізацыі толькі ўзрастае, масавая культура звяртае яўна менш увагі?
— Пра інтарэсы работнікаў мастацтва чалавеку, звязанаму з тэхнікай, разважаць цяжка, а мне асабіста не давялося нават патрапіць і ў дакументальны тэлесюжэт. Калі на завод прыязджаў Прэзідэнт краіны, я быў задзейнічаны ў выкананні праграмы бяспекі гэтага візіту і сачыў, каб не адбылося нейкага форс-мажору…
Гутарыў Дзмітрый САЎРЫЦКІ.