Свята беларускай традыцыйнай культуры сімвалізуе ўласцівае канцу вясны і пачатку лета ўшанаванне зеляніны, дрэў і кветак, што знаходзяцца ў сваім росквіце. Яны — прыроднае атачэнне свята, яго вобразнасць і змест.
Некалі даўно маладыя дзяўчаты з песнямі хадзілі ў лес. Абіралі там маладыя бярозкі і завівалі паміж сабой стужачкамі, каб атрымаліся такія ўпрыгожаныя вароцікі. Пасля праз іх праходзілі. Даследчыкі кажуць, што гэта такі архаічны сімвал таго, што жанчына ўступае ў шлюбны ўзрост і тым яднаецца з прыродай, паказвае сусвету, што яна ўжо гатовая пайсці замуж і нараджаць дзетак.
Такое свята прайшло і ў Чавусах, дзе сабраліся народныя калектывы і аматары нацыянальнай культуры, каб далучыцца да нашай даўніны, паглядзець, як апраналіся, што спявалі і як танцавалі, пакаштаваць традыцыйныя святочныя пачастункі.
Народны калектыў “Вязанка” з Вяззя таксама прымаў удзел у мерапрыемстве і вярнуўся дадому з Дыпломам І ступені за адраджэнне беларускіх народных традыцый. Віншуем!