Трэба адрамантаваць абутак? Падшыць штаны? Падстрыгчыся? Жыхары пасёлка Ялізава заўсёды маюць магчымасць зрабіць гэта без перашкод. Неабходна толькі прыйсці на вуліцу Кірава – у Дом быта, якім кіруе Людміла Сіняўская. Таксама тут працуюць майстар па рамонце абутку Святлана Сідарэнка, цырульнікі Юлія Бурак і Наталля Радзіміновіч, швачкі Ніна Шахно, Элеанора Ананіч, Галіна Любчык.
– Калектыў у нас хоць і невялікі, але вопытны, – кажа Людміла Аляксандраўна. – Ёсць і старажылы: Галіна працуе ўжо 35 гадоў, а Ніна – усяго на 2 гады менш. Мой жа стаж – амаль дзесяцігоддзе. Не шкадую, што прыйшла сюды: працуем дружна і зладжана.
Хоць Дом быта і знаходзіцца ў пасёлку, але вопратку тут могуць пашыць не горш, чым у вялікім горадзе: пачынаючы ад спецадзення і заканчваючы святочнымі сукенкамі. Адзінае, з скурай пакуль не працуюць. Але ж, як адзначаюць швачкі, часцей даводзіцца рамантаваць і перарабляць: дзесьці падшыць, залатаць, па памеры падагнаць, дадатковыя вытачкі зрабіць. Што тычыцца абутку – у асноўным набойкі на абцасікі ставяць. Паслугі ялізаўскіх бытавікоў карыстаюцца попытам у мясцовых жыхароў, асабліва ўлетку, калі хочацца выглядаць асабліва добра. Ну а прыгожыя прычоскі актуальныя заўсёды, тым больш для жанчын. Акрамя таго, тут аказваюць паслугі пракату, пральні, рытуальныя. Таксама прымаюць заказы, якія потым выконвае Асіповіцкі камбінат бытавога абслугоўвання.
Кліенты ж не скардзяцца, наадварот – шчыра і ад душы хваляць работніц. І калі што, у горад не едуць: бо ў Ялізава ёсць свой Дом быта, у якім вопытныя майстры заўсёды дапамогуць.
Марыя ТАЛЕЙКА. Фота Ніны ЦАРЫК.