Ведаць. Памятаць. Ганарыцца
На тэрыторыі размешчана 14 населеных пунктаў, у якіх пражывае каля паўтары тысячы чалавек. Да вайны было ў тры разы больш, самыя буйныя — Брыцалавічы і Ліпень. Прычым існавалі яшчэ і такія пасяленні, як Заграддзе, Крынічкі, Стараселле, Новае Жыццё, Тодараў Кут, Красналенск, Завішана, Падзіра.
Вялікая Айчынная стала жорсткім выпрабаваннем для сяльчан. Вёскі Бозак і Брыцалавічы акупанты спалілі разам з жыхарамі. Ахвяры злачынстваў фашыстаў — каля дзвюх тысяч сяльчан, у тым ліку і яўрэі мястэчка Ліпень.
Каля 400 чалавек злажылі галовы на палях воінскіх пабоішчаў, многія прапалі без вестак.
Усяго на ліпенскай зямлі знаходзіцца 10 памятных знакаў.
Бозак. У гады вайны тут дзейнічала падпольная група. Часта наведваліся партызаны, многія вяскоўцы дапамагалі ім. Фашысты не пашкадавалі мясцовых жыхароў і здзейснілі сваю чорную справу — спалілі. Трагедыя адбылася 9-10 мая 1944 года.
У 1980 годзе пастаўлена скульптурная кампазіцыя «Бацькі» на брацкай магіле ахвяр фашызму: расстраляны і спалены мірныя жыхары і 10 воінаў і партызан. Скульптурная група ўяўляе сабой мужчыну, які трымае ў руках плуг, і жанчыну з сярпом. А над імі памерлы дарослы чалавек.
Помнік даглядаюць вучні Вязаўніцкай школы. Штогод тут праходзяць мітынгі-рэквіемы. Сюды прыходзяць-прыязджаюць як сведкі тых падзей, так і родныя са спаленай вёскі. Не стаў выключэннем і сёлетні год — з таго трагічнага дня прайшло 70 гадоў…
Брыцалавічы. Вёска размяшчаецца сярод лясоў за 20 кіламетраў на паўднёвы захад ад Асіповіч. Апынуўшыся пад акупацыяй у 1941 годзе, жыхары не сталі мірыцца з новым рэжымам. Непадалёк дзейнічаў атрад № 211 імя Ракасоўскага пад началам мясцовага сяльчаніна Рыгора Баразны, і партызаны не давалі спакойна жыць немцам. Зоны іх дзеяння не абмяжоўваліся бліжэйшай тэрыторыяй. Узрываліся масты, чыгуначнае палатно, выконваліся іншыя заданні. Дзейнасць партызан наносіла значны ўрон як жывой сіле, так і тэхніцы ворага.
Гітлераўцы вырашылі знішчыць Брыцалавічы. За колькі дзён да прыходу карнікаў тут размясцілі невялікі гарнізон акупантаў. Каб усыпіць пільнасць жыхароў, немцы вялі гутаркі з імі, пераконвалі адмовіцца ад падтрымкі партызан.
Але ў студзені 1943 года да занесенай снегам вёскі непрыкметна падышоў атрад эсэсаўцаў і паліцаяў. Яны сабралі мужчын, сем’і народных мсціўцаў і расстралялі ў адным з хлявоў. На другі дзень карнікі здзейснілі няўдалы налёт на партызанскі атрад, пасля вярнуліся ў паселішча, сагналі жыхароў у хлеў і падпалілі яго. Усяго было расстраляна і спалена жывымі 667 чалавек. Ворагі забралі ўсю жывёлу, а вёску спалілі. Толькі некалькі брыцалавічцаў за-сталіся жывыя, у тым ліку Ульяна Кандратаўна Альховік, Ганна Iванаўна Патапейка, Аляксей Фёдаравіч Патапейка. На жаль, ад сведак той жудаснай трагедыі засталіся толькі запісы ўспамінаў.
У 1971 годзе тут па ініцыятыве колішняга старшыні калгаса імя Валадарскага, былога партызанскага камандзіра Iвана Баразны ўзведзены мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці вяскоўцаў і 44 савецкіх воінаў і партызан, што загінулі ў баях у 1943-1944 гг. Ён уяўляў сабой архітэктурна-скульптурную кампазіцыю, асноўны элемент якой — фігура хлопчыка на 4-гранным пастаменце пры ўваходзе. Фактам для гэтай часткі мемарыяла паслужыў расказ відавочцаў пра тое, як фашысты кінулі ў агонь забітага, знявечанага хлопчыка гадоў 10-12, імя якога не ўдалося ўстанавіць. Далей — 6 бетонных пліт з прозвішчамі. Адна з іх — на магіле воінаў і партызан. У кампазіцыі і вертыкальная бетонная стэла на ўзгорку. На яе плоскасці — надпіс-прысвячэнне. Тарцовыя часткі дэкарыраваны сюжэтамі на тэмы мірных будняў.
Аўтары праекта М.Андрэеў, А.Крохмаль, А.Салятыцкі, якія працавалі пад кіраўніцтвам народнага мастака А.А.Бембеля.
Зараз комплекс выглядае інакш. Фігуру хлопчыка напрыканцы 80-х гадоў знялі з пастамента, і праз пэўны час на п’едэстале з’явілася выява смуткуючай маці з дзіцем на руках, каля яе ног ніц ляжыць мужчына.
На месцы масавага знішчэння ў вёсцы па вуліцы Партызанскай стаіць абеліск.
Знаменка. Да вайны вёска насіла назву Кабылянка. У час акупацыі была часткова спалена гітлераўцамі.
Iгнатоўка. Тут дзейнічала антыфашысцкая падпольная група, партызаны-флегантаўцы. Тут, у мясцовых лясах, загінуў і сам Флегантаў, які пахаваны ў г. Чэрвені.
Яўгеній Паўлавіч Ракаў, былы рэдактар і загадчык брыгаднай друкарні, пасля вайны жыў у Сібіры. Ён прысвяціў свайму камандзіру адзін з вершаў:
По-над Свислочью-рекою Лес высокий, тыл глубокий, Свислочь-речка за бугром. Встал на просеке широкой Конно-пеший эскадрон. Не успела вся бригада Свислочь за ночь пересечь. Отводил комбриг отряды, А… наткнулся на картечь! Свислочь-речка, Свислочь-речка, Черный ельник, темный лес… Ни платочка, ни колечка, А секунд на жизнь — в обрез. Бьет из пушек враг проклятый. Все смешалось — крики, стон. Раскалились автоматы В бой пошли клинки, гранаты — Дрогнул вражий батальон. И вскричал комбриг: «Ребята! Немец выдохся! В кольцо! С флангов, в клещи их, проклятых! В хвост и в гриву подлецов!» Пал комбриг… Ой, Свислочь-речка, Ветер марта, хвойный гул… Бродят кони без уздечек, Стынут парни на снегу. Бой победный, бой жестокий. Отгремел орудий гром. Продолжал свой путь далекий Конно-пеший, поредевший Партизанский батальон.Лапковіца. У Вялікую Айчынную вайну акупанты часткова спалілі вёску.
Ліпень. З пачаткам акупацыі была створана падпольная група, якую ўзначальвалі Марк Кунько і Мікалай Гоцін. Пазней усе яе члены сталі партызанамі атрада пад кіраўніцтвам Рыгора Нікіфаравіча Баразны і вялі актыўную барацьбу з фашыстамі. Праз некаторы час атрад атрымаў імя Ракасоўскага. Начальнікам штаба са студзеня сорак трэцяга па чэрвень сорак чацвёртага быў Iван Iванавіч Патапейка.
Не адстала ад братоў Марка і Уладзіміра Кунько іх сястра Рыма, вучаніца Ліпенскай школы. На магіле брата Валодзі дзяўчына паклялася бязлітасна помсціць ворагу — і стрымала слова: на яе рахунку шмат гераічных учынкаў. 1 ліпеня 1944 года была забіта. Пасмяротна ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны I ступені. Пахавана ў Асіповічах у брацкай магіле партызан. На будынку Ліпенскай школы ў яе гонар устаноўлена мемарыяльная дошка. Як і яшчэ адна пліта, на якой напісана: «26 ноября 1942 г. около Липенской СШ пали смертью храбрых партизаны бригады «За Родину» Рощин Александр Андреевич, Бабич Александр Калистратович, Вальков Петр Леонович, Фокин Павел Тимофеевич, Сюборев Тимофей Антонович. Вечная слава героям».
Работа па збору звестак пра гераічна загінуўшых партызан актыўна вялася мясцовымі школьнікамі на пачатку 70-х гадоў. Былы камісар партызанскай брыгады імя Флегантава I.В.Жохаў, які жыў у Маскве, так успамінаў пра бой: «Раніцай 1942 года і эскадрон атрада «Баявы» (камандзір Валькоў), і рота атрада Ціхамірава вялі наступальны бой з гарнізонам праціўніка, галоўныя сілы якога былі размешчаны ў Ліпенскай школе. Спачатку аперацыя развівалася паспяхова, але вораг атрымаў падмогу са Свіслачы, Лапіч і Цэлі, і атакі партызан не дасягнулі мэты. Партызанам давялося адступаць, пакінуўшы забітых таварышаў. Дачакаўшыся змроку, яны зрабілі спробу забраць сваіх, але зноў няўдача. Цяжка было на сэрцы партызан пасля гэтага выпадку. Каб адпомсціць фашыстам, яны правялі налёт на чыгунку».
Партызан даслаў вучням больш за сотню адрасоў ветэранаў вайны былых партызан брыгады імя Флегантава, карту з адзначаным маршрутам руху брыгады ад Падмаскоўя да Брэста, многа фотаздымкаў флегантаўцаў.
Школьнікі адшукалі родных усіх пяцярых байцоў і расказалі яму, што ўсе адзіночныя і групавыя магілы воінаў і партызан, якія знаходзіліся ў вёсцы і яе ваколіцах, былі перанесены ў адну. Яна размясцілася ў парку каля клуба, дзе паставілі сціплы абеліск. А хто быў пахаваны, не абазначылі. I праз 20 гадоў, дзякуючы намаганням мясцовай улады і калектыву школы, тут з’явіўся новы пастамент, на якім на мармуры выбіты прозвішчы 5 вышэй азначаных партызан.
З пісьма дачкі партызана Аляксандра Бабіча В.Варонінай, жыхаркі г. Барнаул, адрасаванага ў 1974 годзе ліпенскім школьнікам: «Мой бацька быў удзельнікам партызанскага руху, ваяваў з нямецка-фашысцкімі захопнікамі на беларускай зямлі ў атрадзе «Баявы» брыгады А.К Флегантава. Зусім нядаўна, некалькі гадоў таму, мы даведаліся, дзе і пры якіх абставінах загінуў родны нам чалавек. Да гэтага лічылі, што ён прапаў без вестак. Дзякуем вучням, настаўнікам і асабіста дырэктару школы Анатолю Уладзіміравічу Кернажыцкаму за пошукі, а таксама за тое, што ўшаноўваюць памяць адважных патрыётаў, якія загінулі на ліпенскай зямлі». Яна і іншыя родныя пяці адважных байцоў у свой час пабывалі на магіле, каб пакланіцца праху.
На помніку — імёны яшчэ 9 вядомых байцоў. Дарэчы, аднаго з іх — Васілія Iванавіча Маркава — удалося адшукаць па фотаздымках, якія захава-ліся ў жыхара вёскі Iгнатоўка Навума Iгнатавіча Глямбоўскага. Менавіта ў яго ў пачатку вайны хаваліся 16 байцоў Чырвонай Арміі. Падчас аблавы ў жніўні 1941 года немцам удалося схапіць іх і расстраляць. На адной з фотакартак быў надпіс: «Дорогие родители, если не вернусь, не расстраивайтесь. Прощайте, Василий. 24 июня 1941 года. Деревня Игнатовка». Глямбоўскі ведаў, што родам баец з Чарапаўца. Дзякуючы журналістам газеты «Звезда», куды ён звярнуўся па дапамогу ў пошуках, знайшліся родныя чырвонаармейца, якія ў 1982 годзе прыязджалі пакланіцца праху блізкага чалавека.
Пахаваны тут і 14 невядомых воінаў.
Немец Лютар. Да вайны ён жыў у мястэчку. У акупацыю ўзначальваў вялікі гарнізон, здзекваўся з людзей, стараючыся выслужыцца перад фашыстамі. Партызаны празвалі яго «Старой лісой», бо той быў надта ўжо хітры. Праз яго загінуў не адзін чалавек. Лясныя байцы прынялі рашэнне ліквідаваць здрадніка. План аперацыі распрацаваў Сумчанка.
10 красавіка сорак другога года на ўскрайку Ліпеня з’явіліся конныя партызанскія разведчыкі і адкрылі агонь па гарнізоне, які пад началам Лютара ў лічаныя хвіліны ўступіў у бой. Загінула многа немцаў і паліцаяў, але самога каменданта сярод забітых не было.
Пасля вяртання ў лагер распрацавалі новы план, які даручылі ажыццявіць Марку Кунько і Уладзіміру Галакціёнаву. Пераапрануўшыся ў жаночае адзенне і ўзяўшы кошыкі з прадуктамі, тыя накіраваліся ў Ліпень на базар, дзе прабылі да позняга вечара. Затым, крадучыся, падышлі да дома Лютара. Бліжэй да поўначы, калі ў хаце з’явілася святло, Галакціёнаў кінуў у акно гранату. Партызанам удалося ўцячы, а параненага здрадніка адправілі ў шпіталь.
Пасля гэтага партызаны правялі ў Ліпені яшчэ адну дыверсію, знішчыўшы больш за 20 фрыцаў і прыхапіўшы ў камендатуры каштоўныя дакументы.
У мясцовай школе захоўваецца літаратурна-мастацкі часопіс атрада «Баявы» партызанскай брыгады імя Флегантава пад назвай «Баявы шлях», выдадзены ў кастрычніку 1943 года. У ім змешчаны артыкулы пра жыццё і змаганне партызан атрада.
Гета. Як і ў іншых мястэчках, дзе жылі яўрэі, у пачатку вайны ў Ліпені фашысты стварылі гета. Тут было расстраляна і спалена звыш 200 чалавек. Згодна з кнігай «Памяць», частка людзей загінула ў жніўні, кагосьці фашысты знішчылі ў верасні, а астатніх спалілі ў кастрычніку сорак першага.
Некаторыя мясцовыя жыхары сталага ўзросту і зараз могуць паказаць месцы, дзе загінулі яўрэі. На адным з іх у 1983 годзе пастаўлены помнік, які даглядаюць школьнікі. Па абодва бакі ад яго — агароды сяльчан. Калі-нікалі сюды прыязджаюць нашчадкі тых, хто навечна пахаваны ў гэтай брацкай магіле.
Вызваленне Ліпеня. Праходзіў праз вёску 556-ы полк, якім камандаваў палкоўнік Пётр Васільевіч Качур. Гэта было падчас ліквідацыі «бабруйскага катла».
З успамінаў франтавіка П.Фралова, былога жыхара Вільнюса: «Тады многа немцаў хавалася ў лясах. Гэта былі ўзброеныя злучэнні, якія імкнуліся прарвацца на захад. Наш полк атрымаў задачу засланіць дарогу адступаючым акупантам, не даць пераправіцца ворагу праз Свіслач. I мы справіліся з гэтым заданнем. За паспяховае яго выкананне многія воіны атрымалі ўрадавыя ўзнагароды. Камандзір палка Качур атрымаў ордэн Леніна».
Малінаўка. У 1970 годзе пастаўлены помнік на брацкай магіле савецкіх воінаў і партызан, якія загінулі ў вайну.
Усціж. Вёска была спалена карным атрадам.
Хімное. У час вайны спалілі 46 двароў. Супраць акупантаў дзейнічала падпольная група.
Ніна ВIКТОРЧЫК.