Ведаць. Памятаць. Ганарыцца
Тэрыторыя ўключае ў сябе 28 населеных пунктаў, дзе пражывае 2.760 чалавек. Такія вёскі, як Брадок, Буда, Ражышча, Уборак, Дубраўка, Ялцоўка, Жукаўка, Зорка і Слабодка налічваюць да 5 чалавек. У Гоманаўцы і Паляддзі — па некалькі дачнікаў. З карты наогул зніклі Віктарова, Заброддзе, Зарэчча, Чырвоная Ніва, Курган, Навіна, Осава, Прытыка, Падброддзе, Папоўка, Цалянка, Цалянская Слабада, Амялішча, Дубраўка, Весялова.
На даваенных лапіцкіх землях жыло звыш чатырох тысяч чалавек. Вайна жорстка абышлася з жыхарамі сельсавета. На франтах Вялікай Айчыннай загінула, паводле кнігі “Памяць”, 360 тутэйшых сялян. Каля дзвюх тысяч мірных жыхароў сталі ахвярамі фашыстаў падчас акупацыі. У знішчальным агні апынуліся Вярбілава, Гоманаўка, Пагарэлае, Лочын, Ражышча, Чарот, Воля, Ялцоўка, Лапічы, Амінавічы, Весялова. Апошняя ўвекавечана ў мемарыяльным комплексе “Хатынь”.
На балансе ўтрымліваецца 10 воінскіх пахаванняў.
Лапіцкі бой
Тыя з мясцовых жыхароў, хто памятае страшэннае трохдзённае танкавае пабоішча, якое адбылося 29 чэрвеня-1 ліпеня сорак чацвёртага года, або ведае пра яго з расказаў родных, сцвярджаюць: яно было настолькі жудасным, што нават страшна ўспамінаць. Доўгі час пра ваенныя падзеі тых дзён мала хто ведаў, але гадоў дзесяць таму краязнаўцы-пошукавікі і іх кіраўнік Вера Козырава правялі велізарную работу, якая дазволіла дэталёва рэканструяваць ход таго жорсткага бою, дзе, па сутнасці, вырашаўся лёс акружанай у “Бабруйскім катле” магутнай групоўкі нямецкіх войск.
…29 чэрвеня, у другой палове дня, літаральна за лічаныя гадзіны батальён і некалькі падраздзяленняў 280-га гвардзейскага знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка, 121-ы асобны сапёрны батальён былі перакінуты з раёна Бабруйска, дзе ішлі баі з акружанай групоўкай нямецкіх войск, у раён ракі Свіслач каля Лапіч. 28 чэрвеня батальён быў выведзены з бою, папоўнены навабранцамі вясенняга прызыву і амаль адразу кінуты ў бой. Мост праз раку Свіслач быў узарваны, перадавому атраду прыйшлося тут жа фарсіраваць раку ўброд. Плацдарм на заходнім беразе быў адразу ўзяты з боем. Байцам з вялікай цяжкасцю ўдалося замацавацца на маленькім кавалку зямлі. Нягледзячы на тое, што супраць нашай пяхоты і супрацьтанкавай артылерыі была кінута 12-я нямецкая танкавая дывізія (больш за 170 танкаў), узмоцненая артылерыяй і пяхотай, нашы байцы выстаялі. Бліжэй да ночы падышла падмога — 17-я танкавая брыгада, самаходная артылерыя, якія за ноч падрыхтаваліся да фарсіравання ракі.
30 чэрвеня, на світанку, савецкія танкі і артылерыя пераправіліся на плацдарм і пачаўся страшны кровапралітны бой. На працягу дня мястэчка Лапічы 9 разоў пераходзіла з рук у рукі. Вёска, чыгуначная станцыя, ваенны гарадок амаль цалкам былі разбураны. Гарэлі танкі, дамы, сады. Поле перад плацдармам пакрылася трупамі фашысцкіх і нашых салдат. Батальён мотапяхоты недалічыўся вялікай колькасці байцоў: загінулі амаль дзеці — маладое папаўненне з Арэнбургскай вобласці, Алтая, Башкірыі, якім ледзьве споўнілася па 18 гадоў. Гэта быў іх першы бой, але пад магутным агнём варожай артылерыі і танкаў, пад бамбёжкай авіяцыі і атакамі пяхоты яшчэ неабстраляныя воіны стаялі насмерць.
36 гадзін доўжыўся бой, у ходзе якога была адкрыта дарога для хуткага наступлення савецкіх войск і вызвалення Мінска. I ўжо 3 ліпеня танкі 1-га Данскога корпуса ўвайшлі ў сталіцу Беларусі.
Агульныя страты 17-й танкавай брыгады дакументальна не пацверджаны, але, па звестках відавочцаў, яны склалі каля 30 танкаў і не менш за 500 чалавек з розных родаў войск.
Дзякуючы архіўным дадзеным, пошукавікам удалося ўстанавіць 132 прозвішчы тых, хто загінуў за вызваленне Лапіч.
Пахавальная каманда пасля бою закопвала ў зямлю трупы дзе прыйдзецца.
12-я дывізія панцарвафе страціла каля 30% баявой тэхнікі і значную частку жывой сілы.
З успамінаў сяржанта Мікалая Аляксеевіча Перфільева, ураджэнца Уладзімірскай вобласці: “И снова рокот танков. Они вырвались из-за леса и шли прямо на артиллеристов… 9 раз шли в атаку гитлеровцы, но не прошли. 8 из машин и огнеметов сгорели в зеленой ржи…”
Пасля вайны жыў у городзе Рыга. Памёр у 1972 годзе.
З успамінаў старшага сяржанта Сяргея Платонавіча Уласенкі, ураджэнца Палтаўскай вобласці: “Против наступающих частей Красной Армии немцы бросили и артиллерию, и танки, и пехоту. Наши артиллеристы метким огнем уничтожили врага. Но обстановка складывалась не в их пользу. Силы были явно не равны. Вот в поселке прямой наводкой разбиты две пушки и танк противника. Гитлеровцы бросили против расчета новую технику. Настал критический момент…”
Абодва байцы за праяўленую мужнасць пры вызваленні Лапіч 22 жніўня 1944 года атрымалі званне Героя Савецкага Саюза. Бюсты салдат устаноўлены на Алеі Герояў у Асіповічах.
Яшчэ адзін баец — ураджэнец Растоўскай вобласці, гвардыі малодшы лейтэнант Аляксей Фларэнка, камандзір агнявога ўзвода 280-га гвардзейскага знішчальна-супрацьтанкавага артылерыйскага палка — адным з першых фарсіраваў раку Свіслач у Лапічах. За трое сутак узвод адбіў 18 контратак ворага, чым спрыяў утрыманню плацдарма. Афіцэр умела арганізаваў кругавую абарону, у рукапашным баі быў ранены. 25 верасня 1944 года ён таксама атрымаў вышэйшую ўзнагароду радзімы за баявыя заслугі, у тым ліку і за лапіцкі бой.
З журнала баявых дзеянняў 1-га гвардзейскага Данскога танкавага корпуса: “Подойдя к реке Свислочь в районе железнодорожной станции Лапичи и взорвав мост, первым переправился вброд танк лейтенанта Симакова, а затем — вся рота старшего лейтенанта П.А.Губищева. При взятии поселения его танк был подбит, из экипажа в живых остался один Губищев. Он выскочил из танка, залег в окоп и из автомата отбивался от немцев. У него вышли боеприпасы, ему угрожал плен, но живым не сдался и пал смертью храбрых. Немцы искололи труп кинжалами, разули его, сняли ордена и взяли у него документы. Танковая рота Губищева дала возможность переправиться танкам бригады через р.Свислочь и овладеть железнодорожной станцией и дер. Лапичи”.
З успамінаў Алены Сцяпанаўны Гоман, запісаных вучнямі Лапіцкай СШ:
— На свае вочы бачыла, як трупы ляжалі пад дубамі, карані якіх былі ў крыві. Людзі сталі ахвярамі з-за адной здрадніцы. Менавіта па яе ўказцы ў 5 гадзін раніцы каля многіх дамоў стаялі паліцаі. Выганялі і старых, і малых. Людзі яшчэ спадзяваліся, што застануцца жывыя. Але каля моста праз Свіслач іх расстралялі, а потым кідалі трупы на павозкі і звозілі ў прыгатаваныя ямы.
З успамінаў Зінаіды Мікалаеўны Самусевай (Гоман):
— Памятаю, як вязлі на расстрэл сляпога бацьку і старэйшага сына Вольгі Газьбенка. Стары сядзеў на прызбе, а ўнук гуляў побач. Але пад’ехалі паліцаі, схапілі іх, кінулі на падводу і павезлі… Калі хлопчык пабачыў родных, закрычаў: “Дзядуля, глядзі, тут бабуля, мама і Пашка”. Дзед адказаў: “Вядзі мяне да іх”. Хлопчык, падбегшы да іх, ускрыкнуў: “Ды яны ж мёртвыя”. I тут прагрымелі стрэлы…
У школе захоўваюцца і запісаныя ўспаміны іншых людзей, якія або былі відавочцамі, або ведаюць пра забойства ад родных ці суседзяў. Чытаць без слёз тыя радкі немагчыма…
Побач з гэтым помнікам — яшчэ адзін: “Вечная слава воинам-танкистам, павшим в боях за освобождение Советской Белоруссии в июне 1944 г.” з 12 прозвішчамі.
У 2011 годзе ўсталявана таксама тумба з надпісам: “Здесь захоронена семья лейтенанта РККА Яськова (3 человека), зверски убитая фашистами в 1942 г.”
Лапічы. Грамадзянскія могілкі, брацкая магіла. На ёй — абеліск: “Здесь захоронены останки мирных жителей, расстрелянных в 1942 году немецко-фашистскими захватчиками”. Усяго 140 чалавек.
Сквер. Брацкая магіла. У 1964 годзе пастаўлены помнік-скульптура “Воін”. У 1982 — мемарыяльная дошка: “Здесь похоронены воины СА и партизаны, погибшие в боях с немецко-фашистскими захватчиками в период Великой Отечественной войны 1941-1945 гг.”. Сярод іх — 38 вядомых і 30 невядомых.
У 2013 годзе вучні мясцовай школы правялі пошукавую работу, у выніку якой удалося высветліць, што з 38 вядомых пахаваных тут воінаў у 17 выпадках на пліце былі ўказаны няправільна званні, прозвішчы, імёны і імёны па бацьку, даты нараджэння і смерці. Мяркуецца, што да 70-годдзя вызвалення Лапіч на мемарыяльнай пліце памылкі будуць выпраўлены.
Перад вайной у мястэчку Лапічы было 225 яўрэйскіх дамоў. Таксама тут апынуліся і 20-30 яўрэяў-бежанцаў. Бургамістрам Лапіцкай управы быў Мурач, былы старшыня сельсавета, які быў звязаны з партызанамі. Начальнікам паліцыі — Кунцэвіч, мясцовы жыхар.
У адзін з ліпенскіх дзён 1941 года немцы схапілі прыкладна 75 яўрэяў — маладых мужчын і падлеткаў, жорстка іх збілі, затым пагналі да прыстані, дзе быў невялікі пясчаны кар’ер, і расстралялі.
Апошнія яўрэі Лапіч, у большасці жанчыны і дзеці, былі знішчаны вясной сорак другога года. Старажылы сцвярджаюць, што існуюць два месцы, дзе яны былі расстраляны. Адно з іх — па вуліцы Зарэчанскай (там ляжыць камень), другое — на тэрыторыі цяперашняга ваеннага гарадка, які цягнецца ўздоўж шашы з цэнтра Лапіч у бок Асіповіч.
У 1992 годзе мясцовая ўлада арганізавала з дапамогай пошукавага батальёна раскопкі на месцы масавага знішчэння. У 1993 годзе астанкі перазахаваны на старых яўрэйскіх могілках у Асіповічах.
Уборак. Могілкі. Брацкая магіла. У 1957 годзе ўстаноўлены абеліск з плітой з 14-ю імёнамі мірных жыхароў і 2-ма ваеннаслужачымі, загінуўшымі 29 чэрвеня 1944 года.
Жорнаўка. Каля Дома культуры ў гонар 30-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі ўзвышаецца помнік-скульптура “Воін”.
Амінавічы. У гады вайны супраць акупантаў дзейнічала падпольная група. Карнікі абрабавалі вёску, спалілі 12 двароў.
У 1981 годзе пастаўлены помнік ураджэнцу вёскі, Герою Савецкага Саюза М.П.Каралёву.
Пагарэлае. У час акупацыі ў наваколлі дзейнічалі партызанскія атрады 1-й Асіповіцкай партызанскай брыгады, а ў вёсцы — падпольная група. У канцы сорак першага лясныя байцы знішчылі размешчаны тут нямецкі гарнізон. Згодна з дадзенымі Нацыянальнага архіва, у лютым 1942 і ў студзені 1943 гадоў гітлераўцы палілі вёску. Было разбурана 129 дамоў і забіта 187 мірных грамадзян.
На могілках у брацкай магіле ў 1944 годзе пахавана 8 ваеннаслужачых. У 1969 годзе ўстаноўлены абеліск. Два прозвішчы вядомыя: старшы лейтэнант Васілій Якаўлевіч Залыгін і радавы Антон Антонавіч Пугач. У 2010 годзе праведзена рэканструкцыя.
Ёсць манумент-скульптура землякам, якія не прыйшлі з фронту.
У Дубраўцы і Ражышчы таксама стаяць помнікі вяскоўцам — ахвярам вайны.
Ніна ВIКТОРЧЫК.