Калі сэрцы б’юцца разам
З тым, што панядзелак — дзень цяжкі, не пагадзіліся 6 сямей-удзельніц раённага агляду-конкурсу “Сям’я года-2014”. Якія прылюдна даказалі, што пачатак тыдня не столькі турботны, колькі шчаслівы і напоўнены прыемнымі хваляваннямі. Арганізатарамі стаўшага традыцыйным сямейнага спаборніцтва выступілі аддзел ідэалогіі, культуры і па справах моладзі райвыканкама і раённы Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва.
У праграму мерапрыемства ва ўтульнай зале МПЦ “Равеснік” уваходзілі тры конкурсы: “Візітная картка”, “Сямейнае дрэва” (рамесны) і “Сямейны пірог” (кулінарны). Два апошнія рэалізаваліся ў выставе ў фае і ўжо ў самым пачатку сустрэчы дазволілі журы і гледачам скласці ўяўленне аб канкурсантах, расказаўшы аб іх густах і захапленнях. Так, самае “старое” радавое дрэва атрымалася ў Борухавых — сваімі каранямі яно “дарасло” да 1896 года, а сярод кулінарных шэдэўраў найбольш прыцягнулі ўвагу вырабы сям’і Шастаковых: торт у выглядзе замка і кошык пячэння-ягадак.
Зразумела, апісаць усё дзейства, якое адбывалася на сцэне, не атрымаецца, а вось перадаць агульную атмасферу паспрабуем. Шчыра кажучы, крыху спачувала журы: выбраць лепшае выступленне сярод аднолькава цікавых і арыгінальных было справай нялёгкай.
Напрыклад, сям’я Каваленка расказала пра сябе пры дапамозе казкі, пераапрануўшыся ў… катоў. Круціліны “культывавалі” на сцэне сваю зайздросную “Рэпку”, а Борухавы ў тэатралізаванай мініяцюры выказалі думку, наколькі важная ў сям’і дапамога. Еўдакімовічы песнямі і танцамі пацвердзілі, што яны дружныя і таленавітыя.
Шмат аб удзельніках паведамілі прадстаўленыя прэзентацыі. Наогул, у гэты вечар было каго і за што пахваліць. Тых жа тат ужо хаця б проста за тое, што не пабаяліся сцэны — з прадстаўніцамі прыгожага полу ў гэтым значна прасцей. Малайцы мамы: па вялікім рахунку, дзякуючы іх рознабаковым клопатам і адбыўся конкурс. Праявілі стойкасць і дзеці: больш дарослыя паказалі свае таленты, а самыя маленькія садзейнічалі ўжо тым, што не заміналі, пакінулі капрызы і слёзы дома. Моцным звяном былі і балельшчыкі, якія на працягу ўсёй праграмы шчыра падтрымлівалі сваіх канкурсантаў.
I вось — хвалюючы момант. У намінацыі “Самая арыгінальная сям’я” віншаванні прымалі Каваленкі, тытул “Самая творчая сям’я” атрымалі Еўдакімовічы. Выдатна прадставілі сябе Цвірко, якія і сталі лепшымі адразу па дзвюх пазіцыях: самай духоўнай і самай мастацкай сям’ёй. Дыплом трэцяй ступені ў Круціліных, якія ідуць па жыцці з дэвізам: “Нет лучше, надежней и крепче тех уз, чем наш нерушимый семейный союз”. Другую прыступку першынства занялі Борухавы, а пераможцай агляду-конкурсу з правам прадстаўляць раён у абласным туры стала сям’я Шастаковых.
— Паўдзельнічаць у такім незвычайным спаборніцтве прапанавала жонка Таццяна — яна ў мяне натура творчая, любіць сцэну, — падзяліўся галава сям’і Сяргей Шастакоў. — А я, нечакана для яе самой, узяў ды згадзіўся: чаму б і не разнастаіць сямейнае жыццё? Не сказаць, каб галоўнай мэтай была перамога, але калі ўжо бяруся за справу, люблю, каб усё рабілася як мага лепш. Безумоўна, карысна было паглядзець на выступленні іншых канкурсантаў — у кожнага знайшлося чаму павучыцца. Спадабалася гэтая справа і нашай двухгадовай дачушцы Соф’і — спрабавала на рэпетыцыях адабраць мікрафон і таксама штосьці праспяваць. Нават 9-месячная Ксеня праяўляла пэўную цікавасць. Канечне, удзельнічаць у абласным конкурсе — вялікая адказнасць. Але цяжкасцей не баімся!
Урачысты настрой на працягу вечара падтрымлівалі самадзейныя ар-тысты, а салодкія пачастункі ад ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”, якія атрымалі ўсе ўдзельнікі, сталі атрыбутам іх далейшай сямейнай вячэры з абмеркаваннем разам перажытых на сцэне хвілін.
Валянціна КОРБАЛЬ.
Знаёмцеся: Шастаковы
Сямейны стаж — 5 гадоў. Пазнаёміліся ў Шклове, куды трапілі па размеркаванні пасля заканчэння навучальных устаноў. Родны горад Сяргея — Смаргонь, Таццяны — Асіповічы.
Любімы дзень календара — 21 лютага: заключылі шлюб.
Захапленні: мама — вакал, дэкупаж; тата — фота, работа з дрэвам; абодва — прырода, падарожжы.
Дэвіз па жыцці: разам нам мора па калена і неба па плячо.
Сакрэт сямейнага дабрабыту: давер і ўзаемадапамога.
Галоўная мара: пабываць у розных краінах і пазнаёміцца з культурай іншых народаў.