Музычны калектыў “Крышталь” МПЦ “Равеснік” добра вядомы землякам — рэдка якія гарадскія канцэрты праходзяць без удзелу гэтых сімпатычных дзяўчат. Аднак, асіповіцкіх спявачак цікавіць не толькі мясцовая сцэна.
Важная падзея ў творчым жыцці ансамбля адбылася ў мінулым месяцы: старшая група “Крышталя”, у якую ўваходзяць Алена Грышановіч, Вікторыя Пыжык і Вольга Раманчук, стала ўладальніцай Дыплома I ступені на IV Міжнародным фестывалі-конкурсе сучаснай дзіцячай і юнацкай песні і танца “Два кота” ў Маскве. Гэтае музычнае першынство праводзіцца ў расійскай сталіцы з 2010 года і мае мэтай развіццё і прапаганду творчасці, адраджэнне лепшых традыцый розных жанраў, выяўленне новых таленавітых выканаўцаў, кампазітараў, паэтаў і г.д.
Нашы дзяўчаты прадстаўлялі дзве песні: “Каля майго церама” і “Беларусь”, мілагучным выкананнем якіх і пакарылі сэрцы гледачоў. На канферэнцыі пасля мерапрыемства журы адзначыла спетасць і высокія вакальныя вартасці ў цэлым беларускага калектыву. Былі дадзены і пэўныя парады па ўдасканаленні сцэнічнага іміджу.
— Засталіся самыя яркія ўспаміны, — падзялілася музычны кіраўнік “Крышталя” Аксана Мысюціна. — Мы ў захапленні і ад арганізацыі, і ад самога конкурсу, і ад Масквы. Словам, атрымалі шмат новых уражанняў і натхнення для далейшай работы.