Вось такі “маляўнічы” выгляд меў бераг ракі Свіслач каля вёскі Азярышча 7 красавіка. Па апошніх звестках, сітуацыя не змянілася і на момант здачы матэрыяла ў друк.
У існуючай сёння сістэме добраўпарадкавання населеных пунктаў і навядзення парадку на зямлі максімальныя паўнамоцтвы ў гэтай справе нададзены выканкамам мясцовых Саветаў дэпутатаў. Адпаведна — яны ж нясуць і поўную адказнасць за стан паднаглядных тэрыторый. Аднак у дадзеным выпадку крытыкаваць Лапіцкую ўладу за бяздзейнасць было б несправядліва, таму што праблема не ў тэрмінах выяўлення і ліквідацыі канкрэтнага несанкцыянаванага сметніка, а ў чалавечай псіхалогіі.
У вёсцы Азярышча ёсць свой міні-палігон для захавання цвёрдых бытавых адыходаў, і немагчыма зразумець матывы таго, хто вывез смецце не на спецыяльна абсталяваную пляцоўку, а забрудзіў самы, бадай, маляўнічы кавалак свіслацкага ўзбярэжжа.
Вельмі хацелася б глянуць у вочы гэтага “быдласапіенса” — істоту, якая паводзіць сябе падобным чынам, чалавекам называць не хочацца.
* * *
На жаль, такія выпадкі не адзінкавыя — у мясцінах, дзе часта “тусуюцца” аматары адпачынку на ўлонні прыроды, смецця хапае. Нават аддаленае ад цывілізацыі Лочынскае возера з-за рэшткаў упакоўкі ад ежы, пляшак і іншых адкідаў сёння выглядае да гідкасці неахайным.
Наўрад ці можна пераканаць таго, хто пакідае пасля сябе смецце на прыродзе, што гэтага нельга рабіць. Не надта палохае яго і пагроза штрафу — злавіць “аўтара” несанкцыянаванага сметніка не так проста. Але ж большасць землякоў да стану навакольнага асяроддзя неабыякавая і, убачыўшы горы адкідаў на месцы ляснога “пікніка” альбо ўдалай рыбалкі, адчувае абурэнне.
Толькі сёння гэтага мала. Калі ўсе возьмуць за правіла забіраць з сабой і выносіць на цывілізаваны сметнік хаця б па некалькі кінутых “культурнымі” бутэлек, пластыкавых пакетаў, цыгарэтных пачкаў, наша прырода ў хуткім часе стане намнога больш чыстай.
Хочаш змяніць свет да лепшага? Пачні з сябе!
Фота Ніны ЦАРЫК.