З 5 па 12 красавіка па ініцыятыве Мінлясгасу пройдзе акцыя «Тыдзень лесу-2014″.
Асіповіцкі доследны лясгас запрашае ўсіх неабыякавых да стану роднай прыроды жыхароў горада і раёна прыняць удзел у пасадцы дрэў і навядзенні парадку ў лясах.
Валанцёры могуць атрымаць усю неабходную інфармацыю ў бліжэйшым лясніцтве альбо лясгасе. Даведкі па тэлефонах: 24-2-10, 23-0-89.
Ляснічы Акцябрскага лясніцтва ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” Андрэй САРОКА самы малады сярод калег, але ўжо адзін з самых аўтарытэтных. I мае і грунтоўныя веды ў сваёй галіне, і вялікае жаданне іх рэалізоўваць.
На Асіповіччыне Андрэй Iванавіч з 2006 года: трапіў сюды па размеркаванні пасля заканчэння лесагаспадарчага факультэта Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Далёка не ў кожнага першае месца працы становіцца лёсавызначальным. Гэтаму ж маладому чалавеку пашанцавала: у Ялізаве стварыў сям’ю, пабудаваў уласны дом, зараз ужо мае двух маленькіх сыноў — Ваню і Паўліка.
Па яго словах, праца ляснічага з разраду стваральных і творчых. Лес — гэта тое, што ў любую пару года дае яму натхненне. Таму і робіць заўсёды з ахвотаю. З задавальненнем падзяліўся Сарока і «самымі-самымі» фактамі з жыцця ўзначальваемага лясніцтва.
Самы вопытны працаўнік Акцябрскага лясніцтва — ляснік Уладзімір Мількевіч. Яму 62 гады, 35 з якіх аддаў гэтаму прадпрыемству. Самы малады — 27-гадовы майстар лесу Сяргей Яноўскі: робіць у лясніцтве 5 гадоў.
Самую вялікую колькасць драўніны лясніцтва экспартуе ў Польшчу — каля 1000 кубаметраў у месяц. Таксама сыравіна пастаўляецца ў Латвію, Літву і, канечне, айчынным партнёрам.
Самыя вялікія аб’ёмы продажу дроў насельніцтву Асіповіччыны: прыкладна 400 «кубоў» у месяц.
Самая новая тэхніка — набыты ў сакавіку трактар МТЗ з гідраманіпулятарам. Усяго лясніцтва мае 3 трактары і 2 машыны.
Самыя каштоўныя насаджэнні на тэрыторыі лясніцтва — 150-гадовыя ліпы, дубы, ясені. Ліпы, напрыклад, займаюць 89 гектараў.
Самая “эксклюзіўная” — плантацыя лістоўніцы еўрапейскай плошчай у 3 гектары, закладзеная ў 2008 годзе.
Самае маляўнічае месца — сутока Бярэзіны і Свіслачы.
Самае незвычайнае дрэва — помнік прыроды “Векавое дрэва дуб”. Яму больш за 220 гадоў. Вышыня волата — 37,5 метра, дыяметр — 170 сантыметраў.