Сёння можна дзень глядзець самыя розныя кінафільмы, нават не ўстаючы з канапы. А для людзей сталага веку ў дзяцінстве такой забавы не было — пра тэлевізары тады яшчэ нават не чулі. Першыя кінастужкі, якія давялося ўбачыць перажыўшай ліхалецце пасляваеннай дзятве, здаваліся сапраўдным цудам, на якое хацелася зірнуць хоць праз аконную шыбіну. Першы ўбачаны фільм — няхай і чорна-белы, можа, не зусім добрай якасці, з перарываючыміся гукам і выявай, бо кінамеханіку раз-пораз даводзілася склейваць стужку — падарыў гледачам шмат яркіх уражанняў. Аб тым і ўспамінаюць сённяшнія суразмоўцы.
Антаніна Лаўрэнцьеўна Крыжаноўская, п. Ялізава:
— У Беларусі, куды прывёз муж, я з 1964 года, а дзяцінства праходзіла ў Грозным. Тата працаваў у клубе, таму ва ўстанове культуры была частым госцем. І фільмы магла паглядзець усе, якія паказвалі. Спачатку да нас прывозілі толькі трафейныя амерыканскія карціны. Першай кінастужкай, якую ўбачыла, быў “Тарзан”. А найбольш уразіла “Тайна двух акіянаў”.
Да фільмаў прызвычаілася з малых гадоў, люблю і зараз паглядзець якое-небудзь кіно. У клуб, праўда, ужо не хаджу, не тыя гады, а з тэлевізарам сябрую.
Ірэна Іосіфаўна Альшанік, г. Асіповічы:
— Школу заканчвала ў Зэльве, там і бегала з сяброўкамі ў кіно. Затым вучылася ў Магілёве — таксама любіла схадзіць у кінатэатр “Мір”. Моладзь сачыла за афішамі, і калі з’яўляліся новыя кінастужкі, то абавязкова іх праглядалі. Заўсёды падабаліся савецкія — індыйскія мне здаваліся прымітыўнымі. А фільм “Афіцэры” гатова глядзець зноў і зноў. Наогул імпануюць творы з цікавымі змястоўнымі сюжэтамі, дзе ўладарыць справядлівасць. Баевікі — гэта не маё кіно. Вабяць гістарычныя карціны, напрыклад, “Троя”. Ну і, канечне, на вечную тэму — аб узаемаадносінах людзей, сяброўстве і любові.
Ганна Дзянісаўна Ус, в. Троіцкае:
— Кіно да нас у вёску — праходзіла дзяцінства і юнацтва ў Старадарожскім раёне — прывозілі раз у два тыдні. Яго ўсе спяшаліся пагля-дзець. Я вучылася яшчэ ў школе, і мама, якая выхоўвала нас у строгасці, не пускала ў клуб. Яе слова было законам. Гэта не цяпер, што з 14 гадоў бегаюць вечарамі па розных забаўках…
Калі выйшла замуж, клуб наведвалі сям’ёй. Было гэта ўжо ў Дараганаве. Раней усе фільмы здаваліся цікавымі, а цяпер іх наогул не гляджу. У нас яшчэ жывая памяць аб вайне, а ў сучасных фільмах толькі перастрэлкі і розныя няшчасці паказваюць, немагчыма такое нават уключаць. “Поле цудаў”, “Чакай мяне”, яшчэ некалькі перадач можна паглядзець, астатняе — немаведама што.
Іван Сцяпанавіч Бурак, в. Вяззе:
— Жыў я ў маладыя гады ў Новай ніве — цяпер гэта Вязычын. Добра памятаю той час. Прага да ведаў была вялікая. Толькі з’явіліся дэтэктарныя радыёпрыёмнікі, якія выклікалі вялікую радасць хлапчукоў. Бегаў да суседа Нішта, свайго аднакласніка, з ім разам слухалі навіны.
Аднойчы ў 1948 годзе ў мясцовую школу прывезлі перасовачную кінаўстаноўку, і вучням паказалі фільм “Белы Клык” па аповесці Джэка Лондана. Нас моцна ўразіла ўбачанае. А далей прывозілі кінастужкі “Маладая гвардыя”, “Сталінградская бітва”, “Свінарка і пастух”. Грошай тады не было, у калгасе бацькі нічога не зараблялі, маці нешта прадасць, збярэ нейкія капейчыны, але ў кіно схадзіць заўсёды хацелася…
Тэлевізары прыйшлі ў нашы хаты значна пазней. Цяпер жа не гляджу мастацкія фільмы, толькі дакументальныя або пра вайну. А яшчэ — навіны, прычым, па ўсіх каналах.
Пелагея Іванаўна Кадашэвіч, г. Асіповічы:
— Вельмі люблю чытаць кнігі, хаця кіно таксама вабіла заўсёды. У студэнцкія гады наведвала кінатэатр у Мінску, дзе вучылася. Хоць і нячаста такое здаралася, бо не было чаго апрануць. Хадзіла ў тапачках, а пра прыгожую сукенку магла толькі марыць…
Падабаюцца кінагісторыі жыццёвыя, дзе паказаны лёс годных, прыстойных людзей, якія вучаць дабрыні, павазе, узаемадапамозе. Навошта нам фільмы, у якіх галоўнымі героямі становяцца сквапныя, бездухоўныя істоты, якія імкнуцца любым спосабам ухапіць пабольш, пераступаючы праз родных і сяброў? Таму да выбару фільмаў падыходжу крытычна.
…Успаміны нашых паважаных чытачоў нібы перанеслі іх у гады маладосці, калі, на іх погляд, і дрэвы былі вышэйшымі, і адносіны людзей адрозніваліся сваёй шчырасцю, і фільмы дэманстраваліся больш цікавыя. Сённяшняе ж тэлебачанне напоўнена вялікай колькасцю рознай тэлепрадукцыі, глядзець якую часта бывае не тое, што непрыемна, а нават жудасна. Таму пажылыя людзі аддаюць перавагу так званаму “старому кіно”. А некаторыя пераходзяць у інтэрнэт. Але гэта ўжо, як кажуць, іншая гісторыя…