Заваяваць сваю рыначную прастору — справа адна, а вось не страціць яе ды пашыраць з цягам часу — гэта ўжо, згадзіцеся, з разраду мастацтва. Аб усіх тонкасцях сучаснага “шакаладнага” маркетынгу ведаюць на ААТ “Белга-Прам”. А інакш чым можна матываваць пастаянны пошук новых, прывабных ва ўсіх сэнсах, ідэй?
Вытворчых участкаў на фабрыцы тры. Першы займаецца выпускам розных відаў глазуры — кандытарскай, для марожанага, глазуравання тварожных мас. Гэтага прадукту тут выпускаецца да 200 тон у месяц — нездарма кампанія мае статус буйнейшага ў краіне вытворцы шакаладнай глазуры і розных напаўняльнікаў.
На другім участку робіцца непасрэдна шакалад — 15-20 тон у месяц. Для яго вырабу выкарыстоўваецца імпартная сыравіна, якая дастаўляецца з Германіі, Нідэрландаў, а, напрыклад, цёртае какава прывозяць сюды праз Літву аж з Афрыкі. Дробсаў, якія патрабуюцца для дэкарыравання розных вырабаў харчовай прамысловасці, тут атрымліваюць за месяц 50 тон. Як для глазуры, так і для шакаладу ў справу ідзе каля ста рэцэптур. У сваю чаргу па адным рэцэпце можна выпускаць шакаладныя пліты і пліткі самай рознай вагі — ад ласунка ў 5 кілаграмаў і да 5 грамаў. Дарэчы, якраз маленькія шакаладныя квадрацікі 3х3 сантыметры ў абгортцы з рознымі лагатыпамі даюць магчымасць займець мноства партнёраў: для кампаній такая прадукцыя стала элементам карпаратыўнай культуры і адным з інструментаў эфектыўнай рэкламы. Міні-шакаладка — своеасаблівая салодкая візітка, тут можна знайсці і адрас вытворцы таксама…
На ўчастку № 3 выпускаюцца самыя разнастайныя полыя шакаладныя фігуркі. За студзень, напрыклад, іх было зроблена 11.730 штук. Гэтая лінія працуе не так даўно, крыху больш за год, але, як паказаў час, выпуск шакаладнага эксклюзіву — крок правільны, ён дазваляе заўсёды “быць у тэме”, і многія фігуркі “выліваюцца” непасрэдна да пэўнага свята. Напрыклад, перад Новым годам толькі на асіповіцкім кірмашы было рэалізавана каля паўтысячы сімвалаў года — коней, 2,5 тысячы Дзедаў Марозаў, анёльчыкаў, калядных мядзведзяў ды розных коцікаў-зайчыкаў, матацыклаў ды мабільнічкаў вагою ад некалькіх кілаграмаў да 35 грамаў. Мелі магчымасць набыць своеасаблівыя аксесуары свята і жыхары сталіцы: прадпрыемства цесна супрацоўнічае са многімі мінскімі буйнымі магазінамі.
Ёсць адразу некалькі прычын падрабязней спыніцца на шокаарце, пра што з задавальненем расказала начальнік лабараторыі Жанна Мядзведзева (на здымку). Па-першае, гэта новы накірунак, які асвойваецца на прадпрыемстве. Што скрываецца за гэтым нязвыклым словам? Перакласці даслоўна — шакаладнае мастацтва. Вас здзіўляе, што гэта ў дачыненні да шакаладу? А ўсё вельмі проста для тлумачэння і складана для выканання. Гэта — свайго роду дэкарыраванне вырабаў. Вось, напрыклад, бяром шакаладную загатоўку бутэлькі з-пад шампанскага, прымацоўваем раней зробленыя кветачкі-лісточкі з рознакаляровай мастыкі — і вуаля, кавалак шакаладу пераўтвараецца ў сапраўдны шэдэўр. Нават больш таго — у крэатыўны падарунак. Безумоўна, з такой задачай можа справіцца далёка не кожны, але фабрычныя кандытары-мастакі Таццяна і Наталля — абедзве, дарэчы, Пашковы — асвоілі новую тэхніку і з задавальненнем дзеляцца ўменнямі. На пытанне, ці ёсць якія-небудзь любімыя вырабы, каманда майстроў роспісу шакаладам прыйшла да адзінадушнага вываду: сэрцайкі, якія якраз зараз, напярэдадні свята ўсіх закаханых, набываюць асаблівую актуальнасць. Яны аздабляюцца не толькі ўсялякімі кветачкамі, але і надпісамі-прызнаннямі ў каханні. Такая “валянцінка” здольна растапіць лёд у любым жывым сэрцы!
Наогул, усё тое, што зроблена ўручную, надае вырабу асаблівую вытанчанасць і прыцягальнасць. А гэта, у прынцыпе, і ёсць адзін з козыраў удалага маркетынгу.
Валянціна КОРБАЛЬ.
Фота Ніны ЦАРЫК.
Вот бы ещё фотки с производства! интересно всё таки, как шоколад делается