Міліцыя і грамадства
Грамадскія пункты аховы правапарадку пачалі дзейнічаць у нашай краіне з 2009 года. Iх прававы статус вызначаны Законам «Аб асновах дзейнасці па прафілактыцы правапарушэнняў» — гэта форма аб’яднання намаганняў органаў тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання, добраахвотных дружын, калектываў арганізацый і грамадзян у дзейнасці па ахове грамадскага парадку, прафілактыцы правапарушэнняў і ўзаемадзеяння з іншымі суб’ектамі прафілактыкі правапарушэнняў». Такім чынам, іх нельга лічыць месцам работы ўчастковага інспектара міліцыі — гэта хутчэй комплекс прафілактычна-праваахоўных мерапрыемстваў, у якіх задзейнічаны ўсе зацікаўленыя структуры: выканкам мясцовага Савета дэпутатаў, адміністрацыі прамысловых і сельскагаспадарчых прадпрыемстваў, школ, устаноў аховы здароўя, грамадскіх арганізацый.
На адным з такіх мерапрыемстваў — пасяджэнні савета ГПАП пры Вяззеўскім сельвыканкаме з удзелам пракурора раёна Аляксандра Канецкага, начальніка РАУС Андрэя Гаваракі і першага намесніка начальніка УУС Магілёўскага аблвыканкама Аляксандра Кавальчука — і пабываў карэспандэнт «раёнкі».
У склад Вяззеўскага сельсавета ўваходзіць 21 населены пункт, у якіх пражывае 1.899 чалавек. Крымінагенная сітуацыя стабільна-здавальняючая. За 10 месяцаў года зарэгістравана 35 злачынстваў — на 23,9% менш, чым летась.
Колькасць грамадзян, якія маюць крымінальнае мінулае, — 14, пастаўленых на прафілактычны ўлік — 17, абавязаных асоб — 16.
Нa ўзгаданае пасяджэнне было выклікана 5 мясцовых «грамадзян алкаголікаў, хуліганаў, дармаедаў» — карацей, розных маргінальных асоб. Але моцны бок ГПАП — яго ўдзельнікі маюць магчымасць не толькі караць шалапутных землякоў, але і аказваць ім дапамогу, у тым ліку часам самую нечаканую.
Менавіта за дапамогай звярнуўся сюды і малады хлопец. Ён нядаўна быў умоўна-датэрмінова выслабанены з месцаў пазбаўлення волі і прыехаў у адну з вёсак сельсавета. Жыве ў палове дома, які па законе мае права выкупіць. Уласнік жылля — СВК «Калгас «Авангард» — не супраць, але ёсць адна праблема: пэўны час узгаданай жылплошчай карысталіся несумленныя кватэранаймальнікі, якія пакінулі жытло ў дашчэнт «дабітым» стане ды яшчэ з 3-месячнай запазычанасцю за электраэнергію. Натуральна, прэтэндэнт на прыватызацыю плаціць па чужых даўгах не жадае, а кіраўніцтва сельгаскааператыва не бачыць мэтазгоднасці ў кампенсацыі дадатковых страт старонняга — да таго ж не вельмі надзейнага ў плане законапаслухмянасці — чалавека.
Выйсце з патавай сітуацыі ГПАП знайшоу: дапамога будзе аказана пры ўмове працаўладкавання апошняга ў гаспадарку.
Моцна патрапаная абраным спосабам жыцця жанчына — ёй на выгляд не менш 60 гадоў, а на самой справе няма і 40 — з’явілася на пасяджэнне, каб пацвердзіць, што не мае нічога супраць па-збаўлення яе бацькоўскіх правоў у адносінах да малодшай дачкі. Па словах гора-маці, дзяўчынка і так жыве са сваёй старэйшай сястрой, і ёй там намнога лепш, чым у бацькоўскай хаце. Не ўразіла кабету і перспектыва стаць абавязанай асобай: як падалося, яна цалкам махнула рукой на ўласную будучыню.
А вось са сталым мужчынам, які патрапіў у непрыемную гісторыю таксама з-за выпіўкі, тлумачальная гаворка мела добры плён. Летам вясковец з сябрам зайшлі на ўчастак знаёмай дачніцы і «ачысцілі яго ад смецця», у сэнсе — ад металічнага лому. Свавольства з чужой маёмасцю скончылася прыцягненнем да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе немалога штрафу. Паколькі іншых правапарушэнняў за ім ніколі не значылася, ёсць нагода, што больш на пасяджэнне ГПАП гора-«металіста» выклікаць не давядзецца.
Хацелася б спадзявацца, што такі прагноз спраўдзіцца і ў адносінах да адносна маладога чалавека, чыя характарыстыка ўразіла незвычайным кантрастам. Як цвярозы — выдатны работнік і цалкам адэкватны чалавек, але выпіўшы ўмомант губляе розум і можа нарабіць рознага глупства. Хлопец разумее сваю загану, таму згодзен прайсці кадзіраванне ад алкагольнай залежнасці. Тым болей, што калгас абяцаў выдзеліць яму жыллё і аплаціць курс псіхатэрапеўтычнага лячэння. У гаспадарцы падобная форма заахвочвання работнікаў практыкуецца ўжо даволі даўно: насельніцтва на вёсцы скарачаецца, таму сельгаскааператыў прымае самыя розныя меры па павышэнні якасці існуючых працоўных рэсурсаў. Ну а калі пазбаўляцца ад алкагольнай залежнасці чалавек не жадае, «Авангард» прымае рашучыя меры. Зразумела, пасля абмеркавання сітуацыі саветам ГПАП. Так, жанчына, якая пэўны час ухілялася ад лячэння, атрымала апошняе папярэджанне: да абумоўленага тэрміну не возьмецца за розум — будзе звольнена і выселена са службовай кватэры.
Эфектыўнасць работы Вяззеўскага ГПАП лічыцца дастаткова высокай — такую ацэнку дзейнасці мясцовай грамадскасці ў праваахоўнай рабоце даў Андрэй Гаварака. Але мяжы дасканаласці няма, таму з боку Аляксандра Кавальчука прагучала пераканаўчая просьба весці больш актыўную прафілактычна-тлумачальную работу па прадухіленні распаўсюджвання курыцельных сумесей у маладзёжным асяроддзі.
Для Вяззеўскага сельсавета, які знаходзіцца на перакрыжаванні буйных аўтадарог і паблізу ад райцэнтра, патэнцыяльна гэта сапраўды актуальная праблема. Пакуль барацьба з незаконным абарачэннем наркатычных і псіхатропных сродкаў тут вядзецца паспяхова: за студзень-кастрычнік колькасць узгаданых злачынстваў скарацілася на 60% у параўнанні з леташнім аналагічным перыядам. Але расслабляцца, зразумела, нельга.
Дзмітрый САЎРЫЦКI.