Як паведамлялася ў СМI, напярэдадні зімовай Алімпіяды-2014 адміністрацыя горада Сочы папоўніла свой парк грамадскага транспарту амаль тысячай аўтобусаў. Каля трохсот МАЗаў — мадэлі 103 і 256 — былі закуплены ў нашай краіне. Прычым, абслугоўваць айчынныя аўтобусы падчас спартыўнага фэсту будуць беларускія вадзіцелі, у ліку якіх двое нашых землякоў — Мікалай Шчаковіч і Аляксандр Савіцкі.
Па інфармацыі аўтапарка № 19, для транспартнага забеспячэння Алімпійскіх гульняў адбіраліся добраахвотнікі, чые кандыдатуры потым праходзілі праверку на адпаведнасць дастаткова жорсткім умовам расійскага боку.
Адправяцца асіповіцкія вадзіцелі ў Сочы цягніком 10 студзеня, рушаць дадому напрыканцы сакавіка. Падчас камандзіроўкі адзін з іх будзе працаваць у горадзе, другі — перавозіць пасажыраў па прыгарадных маршрутах.