29 лістапада ў Магілёве прайшоў фінал конкурсу прафесійнага майстэрства сярод кіраўнікоў школ “Лідар адукацыі”, які праводзіўся ўпраўленнем адукацыі аблвыканкама, Магілёўскім дзяржаўным абласным інстытутам развіцця адукацыі, абкамам прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Асіповіччыну ў гэтым ганаровым спаборніцтве, якое адбылося ўпершыню, прадстаўляў дырэктар ДУА «Сярэдняя школа № 3 г. Асіповічы». І ў выбары прэтэндэнта раён не памыліўся: Анатоль ШЧАМЯЛЁЎ заняў І месца!
Шлях да перамогі быў няпростым і даволі працяглым. 13 лістапада прайшла занальная сустрэча, дзе ўдзельнікі прэзентавалі свой вопыт, — і на гэтым этапе журы і вызначыла дзясятку лепшых. Наступнай прыступкай да Дыплома І ступені стала творчая работа “Кіраўнік — эфектыўны менеджар”, абарона якой і ўдзел у прэс-канферэнцыі па актуальных пытаннях рэгіянальнай адукацыі адбыліся 28 лістапада. Адным з заданняў было рашэнне складанай упраўленчай сітуацыі, і пасля гэтых іспытаў засталося 5 самых моцных педагогаў-кіраўнікоў. Фіналісты паказвалі майстар-клас і расказвалі аб сваіх трох паспяховых справах 2013 года.
— Адчуваю вялікае маральнае задавальненне, што ўдалося дастойна прадставіць і раён, і дзейнасць сваёй школы, якую ўзначальваю ўжо 26 гадоў, — падзяліўся сваім настроем з “раёнкай” Анатоль Цітавіч. — Без зладжанай і творчай работы калектыву ў кіраўніка можа атрымацца не так і шмат, таму лічу, што гэта наш агульны прафесійны поспех. Ну і, безумоўна, цікава было пазнаёміцца з жыццём іншых устаноў адукацыі, пераняць вопыт калег. Словам, конкурсам задаволены!
Анатолий Титович, так держать! Вы молодец! поздравляю!