Ліст у рэдакцыю
Калі нарадзіла дзіця, стала задумвацца аб тым, у які свет яго прывяла і што трэба змяніць, каб ён стаў лепш. Зразумела, на цуд не спадзяюся і спрабую штосьці рабіць уласнымі рукамі.
Мы з сынам часта гуляем уздоўж ракі Свіслач і бачым: у некаторых мясцінах бераг забруджаны так, што хочацца плакаць. Абыякава да некультурнасці ў адносінах да прыроды ставіцца не магу: бяру бульбяныя мяхі і іду збіраць смецце. Дзіцё, якому ўсяго тры з паловай гады, дапамагае. Часам збіраем па 5-6, а бывае і 12 мяхоў… Спадзяюся, што ўдзел у гэтай справе дасць майму хлопчыку добрае разуменне таго, што можна рабіць з прыродай, а чаго — ніяк нельга.
Але ж засмечана не толькі ўзбярэжжа Свіслачы: у прылягаючыя да ракі лясы землякі выносяць адыходы са сваіх участкаў. Гэтага ўцяміць увогуле не магу: на кожнай вуліцы Вяззя стаяць кантэйнеры для смецця — навошта ж забруджваць наваколле?
Яшчэ вельмі непакоіць склад адыходаў, якія «дапамагаюць» прыродзе. Значную іх долю складаюць поліэтыленавыя пакеты, і гэта не дзіўна: кожны чалавек за год выкарыстоўвае звыш 500 адзінак універсальнай упакоўкі. У сярэднім кожны пакет прыносіць карысць прыблізна 20 хвілін, а выкінуты пасля выкарыстання шкодзіць прыродзе дзесяцігоддзямі. Многія лічаць, што найпрасцей пазбавіцца ад непатрэбных пакетаў можна, спаліўшы іх на вогнішчы. Але пры такім метадзе ўтылізацыі адбываецца забруджванне атмасферы таксічным рэчывам бісфенол-А, якое вельмі дрэнна ўплывае на гарманальную сістэму чалавека.
Зразумела, праблема зручна-небяспечнага палімера тычыцца не толькі Беларусі. У шэрагу краін упаковачнаму поліэтылену аб’яўлена сапраўдная вайна. Шмат гадоў яго вытворчасць і ўжыванне забаронены ў некаторых штатах ЗША, а ў Iндыі за карыстанне гэтым матэрыялам можна патрапіць пад суд. Ад поліэтылену, які не раскладаецца на бяспечныя рэчывы, ужо адмовіліся Кітай, Сінгапур, Тайвань, Бангладэш, Аўстралія, Iталія, Францыя.
Спадзяюся, што з цягам часу да ўзгаданага спісу далучыцца і Беларусь. Пакуль жа звяртаюся да землякоў з прапановай дзе толькі магчыма адмовіцца ад карыстання поліэтыленавымі пакетамі, замяніўшы іх шматразовымі сумкамі. Спасылаючыся на ўласны вопыт скажу, што гэта зрабіць зусім няцяжка.
I яшчэ. Давайце паспрабуем, убачыўшы поліэтылен альбо іншы пластык у прыродным наваколлі, не праходзіць міма, а забіраць яго з сабой, каб “уладкаваць” на санкцыянаваных сметніках.
Алена ЛАШЧ, вёска Вяззе.