25 жніўня раённая арганізацыя БРСМ і актывісты маладзёжнага руху “Наш выбар — здаровы лад жыцця” правялі акцыю па далучэнні маладых асіпаўчан да сапраўдных каштоўнасцей — маральнага і фізічнага здароўя, гарманічнага развіцця ўласнага цела і зносін з цікавымі аднадумцамі.
Старт агітпрабежкі быў дадзены на плошчы Леніна, пасля чаго ўдзельнікі — сярод якіх былі не толькі землякі, але і іх аднагодкі з Мінска і Бабруйска, усяго каля шасцідзесяці чалавек — рушылі ў бок райпаліклінікі, а потым на стадыён “Алімпіец”. Там было запланавана правядзенне майстар-класаў па набіраючых папулярнасць відах вулічнай акрабатыкі — паркуру і варкаўту, пасля якіх прысутныя прынялі ўдзел у насычанай праграме спартыўных гульняў, “паваявалі” у сучаснай “Зарніцы” — “Laser Tag”. У гэтай каманднай ваенна-спартыўнай “стратэгіі” па “праціўніку” страляюць з лазернай “зброі”, таму яна не патрабуе спецыяльнай ахоўнай амуніцыі.
Агітацыйныя прабежкі — свайго роду брэнд маладзёжнага руху “Наш выбар — здаровы лад жыцця”, яны праходзяць у розных гарадах краіны рэгулярна. Будзем спадзявацца, што добрая традыцыя ўкараніцца і ў нашых Асіповічах.
Што ж тычыцца папулярызацыі вулічнай акрабатыкі, то ёй павінна паспрыяць правядзенне рэспубліканскага фестывалю па варкаўце, які ад-будзецца 28 жніўня на стадыёне “Алімпіец”.
Пачатак — у 12 гадзін. Прыходзьце, будзе цікава!