Аддзяленне хуткай дапамогі цішыня, як кансерваторыю, наведвае даволі рэдка, толькі тэлефонныя «канцэрты” ў медыкаў працягваюцца і ўночы. Iмгненнага з’яўлення людзей у белых халатах у любы час сутак чакаюць амаль усе і, разам з тым, забываюцца пра фізічныя законы і існаванне другіх хворых. Самыя нецярплівыя могуць аддзячыць медыкам абразамі і пагрозамі. Таму хочацца паведаміць, што 52-тысячную Асіповіччыну абслугоўваюць толькі 4 брыгады медвыратавальнікаў…
У апошнія гады папулярнасць службы хуткай дапамогі рэзка вырасла, дзякуючы распаўсюджванню сотавай сувязі. За суткі нумар «103” набіраюць больш за сотню чалавек. Дыспетчар фіксуе кожны зварот у журнал, даведваецца сімптомы і накіроўвае брыгаду да пацярпелага. Звычайна гэту пасаду займае вельмі вопытны медык, які раней працаваў раз’язным фельчарам.
У дыспетчарскай усталяваны 4 тэлефоны. Два апараты з нумарам 103 часта звоняць адначасова. З-за паралельнай сувязі часам узнікаюць нават казусы. Дыспетчар стараецца па чарзе выслухаць або-двух субяседнікаў. Пакуль пытаецца звесткі ў аднаго, другі можа кінуць трубку. Прыходзіцца потым перазвоньваць яму і тлумачыць сітуацыю. Увогуле, дыспетчар павінен быць »трохручкай”. Да дуэта тэлефонаў 103 можа дабавіцца і трэці — 24-1-03. Па ім з аддзяленнем звязваюцца жыхары гарадоў, чые бацькі жывуць на Асіповіччыне. Два гады таму з’явіўся і чацвёрты апарат — наладзілася прамая сувязь з райаддзелам МНС. Каб даведацца інфармацыю пра аварыю, дастаткова проста падняць трубку.
Праз які прыблізна час з’явіцца дапамога, можна вылічыць так: выявіць экстраннасць выкліку і дадаць 15 хвілін на дарогу па горадзе ці паўгадзіны — па раёне. Паступіўшыя ў аддзяленне званкі падзяляюцца на экстранныя, тэрміновыя і неадкладныя. Да першых адносяцца аварыі, суіцыды, роды, страты прытомнасці, інфаркты міякарду, кровазліцці ў мозг, захворванні дзяцей да 1-го года. На гэтыя здарэнні трэба выехаць праз 4 хвіліны. Нават калі ўсе машыны занятыя, адна з іх па магчымасці вызваляецца. Звычайна за суткі бывае 8-9 экстранных выпадкаў.
Тэрміновыя выклікі — прыступы астмы, эпілепсіі, стэнакардыі, вострыя псіхозы, апёкі, абмаражэнні. Да пацыентаў з такімі дыягназамі медыкі выпраўляюцца праз 15 хвілін.
Апошні тып выклікаў — высокі ціск, алергія, моцныя галаўныя болі, высокая тэмпература — абслугоўваецца на працягу гадзіны. Многім пазваніўшым таксама даюцца кансультацыі па тэлефоне. Варта адзначыць, што хранічных хворых хуткая павінна дастаўляць у бальніцу толькі па рашэнню тэрапеўта.
За суткі медыкі робяць у сярэднім 60-70 выездаў, з якіх на сельскую мясцовасць прыпадае 10-15. Радыус Асіповіцкага раёна — 60 кіламетраў. На яго аб-слугоўванне сыходзіць багата часу: паездка, напры-клад, у Пясчанку і назад можа заняць некалькі гадзін. За 12-гадзінную змену адна машына »намотвае” да 400 кіламетраў. З улікам паездак у Мінск ці Бабруйск — гэта няшмат. Калі 200 км накаталі па горадзе, значыць быў вельмі напружаны дзень. У выхадныя, паколькі паліклініка зачынена, нагрузка павялічваецца на 30%.
— Праца на «хуткай” патрабуе грунтоўнай падрыхтоўкі, добрай рэакцыі і асцярожнасці, — кажа раз’язны фельчар Iгар Акуліч. — Вельмі важна, каб чалавек умеў добра валодаць сабой. Хваляванне будзе заўважана адразу. Пабачыўшы медыка з упэўненым позіркам і цвёрдай рукой, пацыент падумае: »Вось ён мяне выратуе!”. I не будзе цыкліцца на болі ці смерці. Апрача таго, неабходна веданне псіхалогіі, з людзьмі ні ў якім разе нельга ўступаць у канфлікты. Асобам з істэрычнымі рэакцыямі варта падтакваць. Калі знойдзеш правільны падыход, то хворы ўсё раскажа сам. Застанецца толькі прааналізаваць пачутае і паставіць дыягназ. I яшчэ адно важнае правіла: пакідаць чалавека можна толькі тады, калі яму дакладна палягчэла.
Медыкі пастаянна сутыкаюцца з вялікай колькасцю сюрпрызаў. Iх могуць не пусціць на парог ці адмовіцца ад дапамогі. Такія выезды лічацца безвыніковымі і здараюцца праз дзень. Альбо даюць інфармацыю, якая насамрэч не адпавядае рэчаіснасці, каб «хуткая” прыехала хутчэй. Бывае, што гаспадары забываюцца(?) уключыць святло ў цёмны час і навязаць сабаку.
Працаўнікі службы «103” могуць багата распавесці пра безадказных грамадзян, якія лянуюцца ісці ў паліклініку. Неяк а другой гадзіне ночы «хуткую” выклікаў 50-гадовы мужчына з тэмпературай 37,5. Да доктара ён не пайшоў, бо адчуваў слабасць і нават не ведаў, якія таблеткі прыняць. Другому моцна балела калена. Яму зрабілі абязбольваючы ўкол, які, аднак, не пазбавіў ад хранічнай хваробы — артрозу суставаў. Яго лячэнне зойме багата часу — і гэта ўжо справа хірурга, а не «хуткай”.
Сустракаюцца ў медыцынскай практыцы і сімулянты. Напрыклад, дзяўчаты імітуюць страту прытомнасці з-за любоўных перажыванняў. Вывесці на чыстую ваду такіх актрыс, якім хочацца ўвагі, проста: варта лёгенька падзьмуць ім на векі. У беспрытомнага чалавека яны не будуць дрыгацца. Асобны кантынгент — алкаголікі. Пасярод ночы выклікаюць брыгаду з-за пахмельнага сіндрому і просяць таблетку «ад галавы”. З некаторымі такімі «кліентамі” фельчары знаёмы даўно, але выпраўляцца да іх абавязаны ў любым выпадку.
Многія беларусы нават не задумваюцца над тымі выгодамі, якія маюць. На адзін выезд асіпвовіцкай брыгады затрачваецца каля 50 тысяч рублёў. У іншых краінах за абслугоўванне «хуткай” людзям трэба плаціць з уласнай кішэні. Гэта фінансавы бок праблемы, але ёсць яшчэ і этычны. Перад тым, як набраць нумар «103”, варта падумаць, наколькі гэта неабходна. Раптам, пакуль машына будзе мчаць «ухаластую” ці на недастаткова сур’ёзны выклік, дзесьці без дапамогі памрэ чалавек? Наступным разам на яго месцы можа апынуцца любы з нас. Таму давайце больш сур’ёзна і паважліва ставіцца да службы, якая ратуе чалавечае жыццё!
Вольга ЖАРНАСЕК.