Сям’я была дружная, працавітая. Бацька, Павел Грынфельд, адзін з першых градзянскіх камсамольцаў, стаў членам партыі. Рабіў на лесанарыхтоўчым заводзе «Спартак». Працавітага, таленавітага работніка хутка заўважылі, адправілі на павышэнне ў Мазыр Гомельскай вобласці, назначылі дырэктарам лесазавода…
Макс быў адзіным сынам у сям’і. Высокі, светлавалосы хлопец з блакітнымі вачыма вельмі добра вучыўся, выдатна маляваў, захапляўся тэхнікай і авіямадэліраваннем, заўсёды быў на віду. Любіў далёкія лыжныя паходы, удзельнічаў у школьных і раённых спаборніцтвах.
Звычайнае жыццё савецкага школьніка ў сярэдзіне 30-х гадоў. Хаця — не зусім звычайнае: ён часцей за іншых ездзіў у піянерскія лагеры, дзе нaбіpaўся вопыту піянерскай і камсамольскай работы…
У 1937 годзе ў Мазыры бацьку арыштавалі. Судзілі яго як нямецкага шпіёна, хаця акрамя прозвішча ў камуніста Грынфельда нямецкага нічога не было. Больш бацьку Макс не бачыў…
Напачатку ніякіх змен у жыцці сям’і не было. Макс стаў камсамольцам, нават сакратаром выбралі. Ён паверыў словам правадыра, што дзеці за бацькоў не адказваюць, але… Maці працавала старшынёй калгаса. Потым яе перавялі на другую, значна ніжэйшую пасаду… Яму адмовілі ўзначальваць камсамольскую арганізацыю школы. Многія сяльчане неўзабаве ўспомнілі, што іx прозвішча Грынфельд. У Icпаніі перамагалі фашысты, і нямецкае раптам аказалася варожым. Сям’я па-сапраўднаму стала сям’ёй ворага народа. Макс бачыў недавер у вачах аднакласнікаў, былых сяброў і суседзяў. Спрабаваў даказваць, што ён не вораг нават з дапамогай кулакоў. Некага біў ён, білі і яго. A калі зразумеў, што даказаць нічога не зможа, паверыў цалкам, што бацька ніколі не здраджваў сваёй Радзіме, што ніякі ён не нямецкі шпіён.
Калі пачалася Вялікая Айчынная, калі немцы прыйшлі ў Градзянку, Макс ні адной хвіліны не сумняваўся, што яму патрэбна рабіць.
Першы ж загад новай улады здаць зброю, што была на руках у жыхароў, падказаў: зброю трэба хаваць. З верным сябрам Уладзімірам Багдановічам Макс пачынае шукаць зброю ў лесе. Вялікіх баёў пад Градзянкай у сорок першым не было, аднак у напрамку Бабруйска бесперапынным патокам рухаліся разрозненыя часці Чырвонай Apміі, стычкі чырвонаармейцаў з ворагам, кароткія, але жорсткія, адбываліся то тут, то там.
Хлопцы зрабілі тайнік у лесе, зносілі туды рускія і нямецкія вінтоўкі, аўтаматы, патроны і гранаты. Калі caбралі больш дзесятка адзінак, у другім квартале пабудавалі новы тайнік-зямлянку. Падключылі да збору зброі другіх камсамольцаў.
Потым узнікла яшчэ адна праблема: Валодзя Матэюк і Зіна Глебава, шукаючы зброю, знайшлі ля Лазоўскага раз’езда цяжкапараненага чырвонаармейца. Перавязалі, пакармілі, перавезлі ў Градзянку і доўга спрачаліся, у каго ён павінен застацца. Менавіта гады Макс прапанаваў размясціць раненага ў інтэрнаце рамеснага вучылішча, што да вайны рыхтавала кваліфікаваных рабочых для лясной і дрэваапрацоўчай прамысловасці: інтэрнат пуставаў, і там засталося шмат бялізны, ды і знаходзіўся ён недалёка ад хаты доктара. Так і зрабілі.
Раненых, колькасць якіx з кожным днём павялічвалася, пераапраналі ў цы-вільную вопратку. Доўгі час немцы і паліцаі не звярталі ўвагі на гэты шпіталь, тым больш, што Макс Грынфельд быў фольксдойч, сын рэпрэсіраванага, яму немцы давяралі, а паліцаі на першым часе пабойваліся кранаць.
Хутка вакол Макса арганізавалася цэлая група памочнікаў: Уладзімір Матэюк, Леанід Найдзёнак, Барыс Сяргееў, Рыгор Белахвостаў, Леанід Гаўруковіч, Ніна Мяжэнная, Зінаіда Глебава, Сафія Зінавенка, Вольга Блізнец, Сафія Грыневіч. Цесную сувязь падтрымліваў Макс з былым настаўнікам школы Васілём Iванавічам Iвановым, які быў звязаны з партызанамі атрада М.П. Каралёва. Удзячнасць партызан за зброю стала першым стымулам для далейшай работы.
Вільгеміна Уладзіміраўна Мурашка, таксама настаўніца Градзянскай школы, успамінала, што ў гэты час Макс Грынфельд вельмі змяніўся: стаў не па гадах сур’ёзным, валявым…
Раненых трэба было карміць, і Макс з сябрамі шчыравалі з хаты ў хату, угаворвалі людзей падзяліц-ца прадуктамі. Калі ж немцы праз месяц занадта зацікавіліся «шпіталем», камсамольцы перавялі раненых у в. Макаўе, дзе гітлераўцы бывалі толькі наездамі. Менавіта адтуль частка выздаравеўшых пайшла да лініі фронту, а многія, сярод якіх харкаўскі токар Георгій Герасіменка і данскі казак Дзмітрый Серпенка, сталі байцамі мясцовага партызанскага атрада і мужна змагаліся з ворагам.
У час сустрэчы са школьнікамі Градзянецкай СШ Георгій Герасіменка ў 2004 годзе вельмі цёпла азваўся аб градзянскіх камсамольцах і піянерах, у тым ліку і аб Максе Грынфельдзе: яны ў час ваеннага ліхалецця ў суровым сорак першым выратавалі больш двух дзесяткаў параненых чырвонаармейцаў ад вернай гібелі.
Гарачыя і няўрымслівыя падлеткі вельмі часта без патрэбы рызыкавалі. В.I.Iваноў стрымліваў іx, вучыў падпольнай рабоце. Хлопцы і дзяўчаты хадзілі ў разведку, ад рукі пісалі лістоўкі, расклейвалі іx у Градзянцы і навакольных вёсках. Калі ад настаўніцы Яніны Урублеўскай стала вядома аб разгроме нямецка-фашысцкіх войск пад Масквой, Макс і яго сябры адкрыта гаварылі аб радаснай падзеі на вуліцы, заходзілі ў хаты і дзяліліся сваёй радасцю. Гэта было вельмі небяспечна.
Дзейнасць партызан вельмі непакоіла фашыстаў. Пачаліся арышты. I В.I.Iваноў зaбіpae найбольш гарачых у атрад. Сярод іx — і Макса Грынфельда.
Спачатку ён — партызан атрада № 210 імя Сталіна, потым Сцяпан Сяргеевіч Сумчанка бярэ яго ў атрадную разведку. Кемлівы хлопец спадабаўся партызанскаму камандзіру, той давяраў яму найбольш адказныя і важныя заданні.
Разам з ycімі Макс прымае ўдзел у баявых аперацыях атрада па разгрому паліцэйскіх гарнізонаў у Градзянцы і Вязаўніцы, удзельнічае ў засадах на дарогах Асіповічы-Ліпень, Лапічы-Градзянка.
Чым больш расла актыўнасць партызан, тым больш непакоіліся фашысты. На пачатку жніўня 1942 года нямецкае камандаванне прымае рашэнне знішчыць aсіповіцкіx лясных мсціўцаў. У Градзянку прыбывае больш за 800 фашыстаў — узброеных кулямётамі, пушкамі і мінамётамі. Партызанскія сувязныя Вільгельміна Мурашка, Hінa Мяжэнная з вялікай рызыкай для жыцця перадаюць праз разведчыкаў звесткі аб намерах фашыстаў, іx колькасці, узбраенні.
Выстаяць супраць такой групоўкі ворага партызаны не маглі, і Сумчанка адпраўляе некалькі груп разведчыкаў па ўcіx напрамках, каб знайсці месца для перадыслакацыі атрада. Група, у якой быў Грынфельд, ідзе ў напрамку Каляіна-Рэчкі-Якшыцы, да ракі Бярэзіна.
Тым часам камандаванне атрада прымае нечаканае і смелае рашэнне: яны пакідаюць свой лагер, месцазнаходжанне якога добра вядома ворагу, і пераходзяць ва ўрочышча Зялёны лес, што ў кіламетры ад в. Каляіна і Iгуменскага тракта, звязваючага г. Чэрвень з Градзянкай.
Азвярэлыя фашысты, не знайшоўшы партызан, зруйнавалі партызанскую стаянку і прачасалі лес у паўднёва-ўсходнім напрамках на Лазовае і Пагарэлае. Не сустрэўшы партызан і там, фашысты пакідаюць шматлікія засады на ўcіx напрамках ад Градзянкі.
На адну з такіх засад паміж Лазовым і Градзянкай наткнулася група пад камандаваннем вопытнага партызана Васіля Шумілава, які загінуў у гэтай сутычцы; на другую — на ўсход ад Трохграннага Дуба, паміж вёскамі Бярозаўка і Рэчкі Чэрвеньскага раёна — група, у якой быў Макс Грынфельд.
Разведчыкі без асаблівых цяжкасцей дайшлі да ракі Бярэзіна, адзначылі, што вялікіх груповак немцаў у гэтым напрамку няма і павярнулі назад. Абышлі Бярозаўку злева, па хмызняку, выйшлі на ўскраек лесу пад самымі Рэчкамі. Трэба было прайсці некалькі сот метраў па адкрытым, ледзь парослым адзіночнымі дрэўцамі, участку, каб зноў углыбіцца ў лес. I калі да яго заставалася якіх крокаў пяцьдзесят, адтуль пачуліся стрэлы…
Двое сяброў Макса загінулі адразу, гэтымі першымі стрэламі быў паранены і ён. Упаў за невялікую бярозку-самасейку, прыціx. Не слухалася нага. Паспрабаваў перавязаць яе — не змог. Калі ад лесу з п’яным рогатам у яго бок рушылі вopaгі, адкрыў агонь. Патронаў у аўтамаце было зусім нямнога: іx вельмі бераглі партызаны, выдзялялі для самых адказных аперацый, таму Макс страляў кароткімі чэргамі выбіральна.
Побач узарвалася граната, асколкі балюча секанулі па левым боку. Хутка анямела левая рука. Макс бачыў, як упіваліся ў зямлю варожыя кулі, як упала на зямлю перасечаная кулямі бярозка-самасейка, за якой ён хаваўся. Падрыхтаваў апошнюю гранату і, калі скончыліся патроны ў аўтамаце, узняўся, зyбaмі ўзяў чаку. Некалькі куль упіліся ў цела. Макс упаў… Рэчкаўскія паліцаі, што былі ў засадзе, убачыўшы не ўзарваўшуюся гранату, нават не кранулі яго цела, пакінулі ляжаць ля пакалечанай бярозкі. I каб не яны, выхваляючыся сваёй перамогай, целы забітых разведчыкаў маглі б і не знайсці…
Толькі праз два дні, калі карнікі пакінулі Градзянку, сувязныя паведамілі партызанам пра гэты бой…
Герояў-разведчыкаў пахавалі там жа, на месцы апошняга бою, а пасля вайны прах іx быў перанесены ў Градзянку.
Да 65-годдзя Вялікай Перамогі Партызан Макс Грынфельд 19.01.10, № 4
Браніслава ДАНIЛЕВIЧ,
настаўніца Градзянецкай СШ.
Добавить комментарий
« Карытнянскія цуды на Каляды 19.01.10, № 4
Часовае жытло ці пастаянны прытулак? 19.01.10, № 4 »