З 12 па 26 кастрычніка ў рабочым пасёлку праходзіла традыцыйная восеньская кампанія па ўборцы тэрыторыі ад апаўшага лісця. У камунальнай інфраструктуры паселішча не прадугледжана наяўнасць дворнікаў, таму арганізацыя работ па сезонным добраўпарадкаванні талакою — чым, натуральна, займаецца выканкам пассавета — застаецца адзіным спосабам падтрымліваць ахайнасць знешняга выгляду Татаркі.
Мясцовае торфапрадпрыемства сёлета ўзяло на сябе львіную долю выдаткаў па вывазу сабранага смецця, чым істотна дапамагло пассавету ў паспяховым завяршэнні клопатнай, але непазбежнай “уборачнай кампаніі”.
***
Таксама сумеснымі намаганнямі выканкама савета і торфапрадпрыемства сёлета ўдалося пазбавіць пасёлак ад праблемы, псаваўшай жыццё як мінімум двум пакаленням татаркаўскіх жыхароў.
З-за асаблівасцей рэльефу значная частка пасёлка знаходзіцца пад пагрозай падтаплення дажджамі і талымі водамі. З гэтай нагоды яшчэ ў сярэдзіне мінулага стагоддзя па нізінных участках былі выкапаны водаадводныя каналы, але некалькі апошніх дзесяцігоддзяў за імі не было ні-якага нагляду, і дрэнажная сістэма паступова перастала спраўляцца са сваімі функцыямі.
Улетку, пасля чарговай скаргі жыхароў завулка Першамайскага, пассавет звярнуўся за дапамогай у РВУТП “Татарка”, якое знайшло магчымасць выдзеліць неабходныя рэсурсы і тэхніку, каб правесці ачыстку і паглыбленне амаль 1.000 метраў занядбаных каналаў.
Як паказала выпрабаванне восеньскай слотай, узгаданыя работы былі праведзены торфанарыхтоўшчыкамі якасна.
* * *
Днямі пачалася закупка будаўнічых матэрыялаў, неабходных для ўкладкі тратуараў на вуліцы Ленінскай — галоўнай у пасёлку. Знайсці сродкі на гэтую, даўно наспеўшую, справу пассавет здолеў, зэканоміўшы 13 млн. руб. з сумы, якая сёлета выдзялялася з бюджэтных крыніц на рамонт асфальтавага пакрыцця праезнай часткі вуліц Ленінская, Кастрычніцкая і Камуністычная.