Калектыў ваенкамата Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў разам з калегамі ў нядзелю адзначыць юбілейную дату — 100-годдзе ваенных камісарыятаў.
Існуючая зараз сістэма органаў мясцовага ваеннага кіравання пачала фарміравацца 9 красавіка 1918 года і адразу прыступіла да вырашэння вельмі складаных задач па забеспячэнні маладой Чырвонай Арміі асабовым складам ва ўмовах грамадзянскай вайны. Камісарыяты па ваенных справах першую “праверку боем” вытрымалі, а набыты вопыт даў магчымасць удасканаліць мабілізацыйны механізм краіны, падрыхтаваць яго да найбольш жорсткага выпрабавання — Вялікай Айчыннай вайны. З моманту аб’яўлення мабілізацыі і да завяршэння баявых дзеянняў ваенкаматы бесперабойна забяспечвалі патрэбы войскаў у людзях, конях, машынах, трактарах і іншай маёмасці, якую прадугледжвалася пераводзіць з народнай гаспадаркі на патрэбы фронту. Пасля Перамогі быў удзел у не менш складанай справе па дэмабілізацыі шматмільённых Узброеных Сіл напрыканцы 40-х гадоў, турботны перыяд пераходу на скарочаную да 2 гадоў (на флоце — да трох) тэрміновую вайсковую службу напрыканцы 60-х, рашэнне задач па прызначэнні падчас доўгіх дзесяцігоддзяў “халоднай вайны”.
Роля ваенных камісарыятаў у падтрыманні абароназдольнасці суверэннай Рэспублікі Беларусь застаецца не менш важнай, чым у папярэдні гістарычны перыяд. Пастаянная гатоўнасць ажыццяўляць мабілізацыйныя мерапрыемствы ў маштабах, адпавядаючых патрэбам Узброеных Сіл і іншых воінскіх фарміраванняў, правядзенне планавага камплектавання сілавых структур, забеспячэнне эфектыўнасці дзеянняў структур тэрытарыяльнай абароны, удзел у ваенна-патрыятычным выхаванні, рабоце з ветэранамі — вось далёка не поўны пералік абавязкаў кожнага айчыннага ваенкамата.
Колькі дзейнічае ваенны камісарыят у нашым раёне, устанавіць складана. Безумоўна, ён існаваў у даваенны перыяд, аднак самы стары дакумент, дзе ўзгадваецца Асіповіцкі РВК, — гэта загад ад 24 красавіка 1944 года, які абумоўлівае вяртанне ўстановы ў Асіповічы пасля таго, як горад будзе вызвалены. З гэтага можна зрабіць выснову, што ў 1941 годзе РВК не быў знішчаны і арганізавана адступіў на не занятую ворагам тэрыторыю. Пасля вяртання РВК адразу прыступіў да выканання сваіх абавязкаў і ўжо праз лічаныя тыдні пачаў адпраўку папаўненняў у дзеючую армію.
Яшчэ адна знакавая дата — 31 жніўня 2015 года, калі адбылося аб’яднанне Асіповіцкага і Клічаўскага ваенкаматаў.
Наш ваенны камісарыят заўсёды надзейна выконваў свае абавязкі, забяспечваючы патрэбы Узброеных Сіл, а пазней і сіл тэрытарыяльнай абароны. Сярод камісараў, якія ўзначальвалі РВК на працягу апошніх дзесяцігоддзяў, найбольшы ўклад у дасягненне агульнага поспеху ўнеслі Міхаіл Слесарэнка, Уладзімір Іонаў і Мікалай Гоман. Менавіта гэтыя камандзіры сфарміравалі сучасны калектыў ваенкамата — згуртаваную каманду граматных спецыялістаў, кожны з якіх выконвае свае абавязкі добрасумленна і, як кажуць у арміі, “праяўляючы разумную ініцыятыву”. Найвышэйшы ж аўтарытэт у калег і заслужаную павагу кіраўніцтва маюць вядучыя спецыялісты мабгрупы Таццяна Рудкоўская і Жанна Свірыдзенка, па сацабароне і пенсіённым забеспячэнні Алена Парфір’ева.
Растуць і перспектыўныя маладыя кадры. Сярод іх Надзея Савенка, якая напрыканцы мінулага года была зацверджана на пост начальніка аддзела групы прызыву. Назначэнне на афіцэрскую (маёрскую) пасаду служачага, а не ваеннаслужачага, ды яшчэ жанчыны, не маючай вайсковай спецыяльнасці, — гэта вельмі рэдкая, нават незвычайная падзея для ўсіх Узброеных Сіл. Адбылася яна менавіта ў Асіповіцкім РВК, і гэта якраз пацвярджае стабільнасць і прафесіяналізм калектыву, здольнасць паспяхова спраўляцца з любымі, нават самымі нечаканымі, задачамі.
Напрыканцы сакавіка прайшлі камандна-штабныя трэніроўкі, і вышэйстаячае камандаванне высока ацаніла поспехі ў арганізацыі тэрытарыяльнай абароны Асіповіцкага і Клічаўскага раёнаў. А гэта адзін з найбольш складаных накірункаў дзейнаці ваеннага камісарыята.
На ўліку ў Асіповіцкім РВК знаходзіцца больш за 14000 асоб, якія адносяцца да мабілізацыйнага кантынгенту. Штогод на тэрміновую службу ў часці Узброеных Сіл накіроўваецца звыш 200 прызыўнікоў.
Дзмітрый САЎРЫЦКІ.