На мінулым тыдні старшыня райвыканкама Павел Налівайка сустрэўся з калектывам завода жалезабетонных канструкцый.
З прадпрыемствам кіраўнік раёна знаёмы добра, таму мэтай наведвання было ў першую чаргу павышэнне матывацыі работнікаў у выкананні службовых і грамадскіх абавязкаў. Справы завода не патрабуюць асаблівай увагі з боку раённай адміністрацыі, ЗЖБК сёння працуе ў цэлым паспяхова, мае прадуманую стратэгію далейшага развіцця. А шчырая гаворка з галавой выканаўчай улады дае магчымасць людзям лепш зразумець праблемы, якія стаяць перад Асіповіччынай, больш дакладна асэнсаваць сваю ролю ў іх вырашэнні.
Выклікаў часу нямала: дасягненне прагнозных паказчыкаў росту сярэдніх заробкаў, скарачэнне колькасці працоўных рэсурсаў, замацаванне маладых спецыялістаў, стварэнне новых рабочых месцаў, прыцягненне інвестараў у сельскую мясцовасць, паляпшэнне якасці медыцынскага абслугоўвання, пітной вады, стану дарог…
Не ўсё з гэтага тычыцца дзейнасці завода як суб’екта гаспадарання, але пераважная частка мае прамое дачыненне да жыцця яго работнікаў. Таму важна, каб у вырашэнні сваіх праблем людзі дзейнічалі сумесна, і актыўны ўдзел у выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў — добрая нагода для праяўлення грамадскай актыўнасці. Дэлегаваць у раённы парламент сапраўдных патрыётаў малой радзімы — стварыць умовы для больш эфектыўнага кіравання родным краем.
Дарэчы, некаторыя з праблем мясцовай супольнасці былі агучаны і падчас узгаданай сустрэчы. Работнікі цікавіліся магчымасцямі будаўніцтва жылля — індывідуальных дамоў і жыллёвых кааператываў. Адказаў на такія пытанні Павел Уладзіміравіч грунтоўна, але не будзем удавацца ў канкрэціку. Галоўнае ў іншым: магчымасць ёсць, было б толькі жаданне зарабляць грошы і будавацца.
* * *
Ажыўлена прайшла і сустрэча з насельніцтвам намесніка старшыні райвыканкама Ганны Землянухінай у інтэрнаце АЗАА.
Ведаючы найбольш праблемныя пытанні, якія хвалююць землякоў, Ганна Уладзіміраўна распачала гутарку з інфармацыі па будаўніцтве бальніцы. Узвядзенне корпуса практычна завершана, адкрыцця гэтага сацыяльна важнага аб’екта жыхарам раёна засталося чакаць менш за год. У новы корпус плануецца набыць камп’ютарны тамограф, што з сучасным лабараторным начыннем вывядзе дыягнастычныя магчымасці асіповіцкай райбальніцы на новы ўзровень. Павінна стаць менш клопату і ў тых хворых, каму патрэбна рэгулярна рабіць працэдуру нырачнага гемадыялізу.
Даволі працяглы час не здымаецца з парадку дня стан асіповіцкіх дарог. Сёлета будуць працягнуты рамонтныя работы па вуліцы Рабоча-Сялянскай. З найбольш маштабнага ў дарожных планах на год — капітальны рамонт праезду Чарняхоўскага. Магчыма, будуць адрамантаваны з выкарыстаннем новых тэхналогій вуліцы Дзмітрыева, Рымы Кунько, Iнтэрнацыянальная.
Увогуле большасць пытанняў, якія цікавілі ўдзельнікаў сустрэчы, у чарговы раз тычылася добраўпарадкавання. Напрыклад, асвятленне пешаходных пераходаў, нарматывы ўстаноўкі “ляжачых паліцэйскіх”, ліўнёўкі на вуліцах. Таму ж аўтазаводскаму інтэрнату нярэдка даводзіцца высвятляць адносіны з уласнікамі гандлёвых кіёскаў, якія знаходзяцца непадалёку: вада з іх сцёкавых калодзежаў выкачваецца нерэгулярна, часам з’яўляецца прычынай стварэння “штучных вадаёмаў”. Не заўсёды прыватнікі звяртаюць увагу і на парадак на тэрыторыях каля сваіх крам…
Ганна Уладзіміраўна выказала меркаванне, што чысціня і ўтульнасць райцэнтра залежаць па вялікім рахунку ад кожнага з нас, ад жадання бачыць і ствараць вакол сябе прыгажосць. З мэтай заахвочвання жыхароў, арганізацый і прадпрыемстваў сёлета зноў будзе арганізаваны конкурс на лепшае добраўпарадкаванне тэрыторыі.
Сустрэча аказалася інфармацыйна насычанай яшчэ і таму, што для размовы з землякамі прыйшлі і некалькі дзеючых дэпутатаў райсавета, а таксама тыя, хто балатуецца ў органы ўлады ўпершыню. Кожны з прэтэндэнтаў не толькі знаёміў прысутных са сваёй праграмай, але і запрашаў абавязкова паўдзельнічаць у выбарах, аддаць голас за дастойнага кандыдата.
* * *
Адбылася сустрэча з насельніцтвам і ў намесніка старшыні райвыканкама Аляксандра Дразда. Месца было выбрана даволі люднае — каля магазіна № 17 па вуліцы Глотава.
На працягу доўгіх гадоў галоўная праблема мікрараёна з рамантычнай назвай “Чаромушкі” даволі празаічная: дрэнныя дарогі. Большасць вуліц не мае пакрыцця, а няроўны рэльеф ды колы мноства аўтамабіляў, што курсіруюць тут, дадаюць перашкод. Менавіта таму пытанні людзей і тычыліся якасці дарог. А яшчэ — і іх асвятлення, асартыменту тавараў у краме.
Аляксандр Васільевіч прызнаў слушнасць прэтэнзій, абяцаў дэталёва разабрацца ва ўсім і нагадаў, што, калі ўзнікнуць яшчэ якія-небудзь прапановы-запыты, іх можна данесці праз “прамую тэлефонную лінію”, што працуе па суботах.