Выстава, прысвечаная 100-годдзю Узброеных Сіл Беларусі і Дню абаронцаў Айчыны працуе ў раённым гісторыка—краязнаўчым музеі з 17 лютага.
У афармленні экспазіцыі прынялі ўдзел вядомыя асіповіцкія ўніфармісты, удзельнікі клуба ваенна-гістарычнай рэканструкцыі “Штык” Андрэй Торбін і Аляксандр Аляксеенка, якія папоўнілі музейныя запасы знаходкамі з уласных калекцый. У выніку атрымалася ёмкая падборка прадметаў амуніцыі, узбраення, адзення і іншага рыштунку, якім карысталіся воіны Рабоча-Сялянскай Чырвонай Арміі падчас Вялікай Айчыннай вайны.
Сярод найбольш незвычайных і цікавых прадметаў — узор першай бронекамізэлькі, якой карысталіся штурмавыя інжынерна-сапёрныя брыгады рэзерву Стаўкі Вярхоўнага Галоўнакамандуючага (самыя элітарныя часці РККА ваеннага часу); частка корпуса танка Т-34; супрацьгазавая маска для каня; кацялкі і іншыя асабістыя рэчы з паметкамі, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу загінуўшага байца; набор дакументаў і падзяк за баявыя поспехі чырвонаармейца Далгіх, па якіх можна дэталёва прасачыць вайсковую біяграфію земляка.
* * *
Заўтра ўдзельнікі клуба “Штык” Аляксандр Аляксеенка і Сяргей Батура прымуць удзел у святочных мерапрыемствах, якія пройдуць у гісторыка—культурным комплексе “Лінія Сталіна”.
Да 100-годдзя Узброеных Сіл нашай краіны тут прыўрочана правядзенне шэрагу ваенна-гістарычных рэканструкцый з прымяненнем адрэстаўрыраванай тэхнікі 30-40-х гадоў, дэманстрацыя сучаснай баявой тэхнікі. Па словах арганізатараў, відовішча чакаецца вельмі яркае, таму ўсім, хто цікавіцца ваеннай гісторыяй, ёсць сэнс стаць яго гледачом.