ГОДАМ МАЛОЙ РАДЗIМЫ вырашана аб’явіць 2018 год у Беларусі. Аб гэтым Прэзідэнт краіны заявіў на ўрачыстай цырымоніі ўручэння дзяржаўных узнагарод лепшым работнікам аграрнай галіны рэспублікі.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што настаў час кожнаму не толькі ўспомніць аб сваіх каранях, аб месцы, дзе засталася часцінка душы, але і аддаць доўг гэтаму кавалачку зямлі. “Няма мяжы дасканаласці, і заўсёды знойдзецца, дзе прымяніць уласныя сілы. Беларусь — наш агульны дом, і ў нашых інтарэсах зрабіць яго ўтульным і ўзорным, — сказаў ён. — Давайце пакажам, што мы сапраўдныя і руплівыя гаспадары сваёй зямлі. Нас шмат, і таму нават самы сціплы ўклад кожнага адыграе сваю ролю, зробіць краіну яшчэ прыгажэйшай”.
Паводле слоў кіраўніка дзяржавы, асабісты ўдзел кожнага ў гэтым працэсе будзе для новых пакаленняў прыкладам сапраўднага патрыятызму, калі прыгожыя лозунгі і словы падмацоўваюцца канкрэтнымі справамі і ўчынкамі. “I гэта не задача аднаго года. Магчыма, некалькіх гадоў. А лепш, калі стане нормай жыцця. Нашай роднай зямлі патрэбна энергія любові кожнага жыхара, яго вера ў сваю краіну і клопат аб ёй. Беларусь такая, якой мы яе бачым, такая, якой мы яе ствараем. I самае галоўнае — якія мы, такая і яна, наша Беларусь. Чым больш людзей паспяховых, упэўненых у сабе і сваёй краіне — тым мацнейшая дзяржава. I разуменне гэтай сувязі трэба перадаць, як ген, сваім дзецям”, — лічыць Прэзідэнт.
(Па матэрыялах БелТА).