Школьнікаў з усіх куткоў Асіповіччыны сабраў раённы Цэнтр культуры і адпачынку. У ліку запрошаных былі пераможцы раённых і абласных этапаў прадметных алімпіяд, спартыўных спаборніцтваў і творчых конкурсаў, дзеці з няпоўных сямей і г.д. Увазе гледачоў артысты РЦТДіМ, ДШМ № 1 і ўласна РЦК прадставілі гульнёва-забаўляльную праграму “Навагоднія прыгоды Піна і Гвіна”. Разам з двума пінгвінамі, сабакам Сняжком і Снягурачкай дзеці падарожнічалі па розных кантынентах, сваімі спрытам і кемлівасцю дапамаглі адшукаць галоўнага героя навагодніх свят Дзеда Мароза, які патрапіў у палон да каварнай Снежнай Каралевы.
Не абышлося мерапрыемства і без шаноўных гасцей. Павіншаваць прысутных прыйшоў старшыня райвыканкама Павел Налівайка, які пажадаў школьнікам поспехаў у вучобе, здароўя, прыемных і карысных канікул. Напрыканцы праграмы ўсе запрошаныя па традыцыі атрымалі салодкія падарункі.
Далей героі святочнай феерыі завіталі ў гімназію, дзе ў той жа дзень праходзіў навагодні ранішнік для дзяцей з абмежаванымі магчымасцямі. Гадаванцы Асіповіцкага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі з вялікім задавальненнем паўдзельнічалі ў гульнях, станчылі вакол ёлкі, атрымалі салодкія ласункі. Самой жа ўстанове прынеслі падарункі запрошаныя на свята госці — галоўны спецыяліст аддзела адукацыі, спорту і турызму райвыканкама Марына Бабіна і спецыяліст I катэгорыі па аказанні рознічных банкаўскіх паслуг ЦБП № 722 філіяла № 703 ААТ “Беларусбанк” Вольга Комар. Таксама на ўнутрыцэнтравым ранішніку, які адбыўся 22 снежня, дзеці атрымалі прэзенты і ад шэфаў — вайсковай часці 12147.
Весела і цікава праходзілі ранішнікі ў дзіцячым садку “Пралеска” аграгарадка Карытнае. Дзеці вадзілі карагоды, танчылі, чыталі вершы Дзеду Марозу і Снягурцы, адпраўляліся ў казачнае падарожжа, сустракаліся з добрымі і злоснымі казачнымі персанажамі. Сёлета, напрыклад, да дзяцей завіталі Кікімара і Лешы.
Асіповіцкая раённая арганізацыя ГА “Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа” сумесна з ААТ “БПБ-Ашчадбанк” і Лапіцкім сельвыканкамам 27 снежня правялі навагоднюю дабрачынную акцыю “Ёлка жаданняў” для дзяцей з аграгарадкоў Жорнаўка і Лапічы. Шматдзетныя сем’і і сем’і, якія знаходзяцца ў сацыяльна небяспечным становішчы, запрасілі ў клубы аграгарадкоў, дзе з Новым годам і Калядамі іх павіншавалі Дзед Мароз і Снягурка — валанцёры Чырвонага Крыжа, якія ўручылі ўсім наборы цукерак ад ААТ “БПБ-Ашчадбанк” і падарункі ад райарганізацыі таварыства.