Новыя гарадскія маршруты аўтапарка-19 дзейнічаюць у райцэнтры з 22 студзеня. Аўтобусы з абазначэннямі 7в, 7г, 9в, 15в, 15г рухаюцца па вуліцы Сташкевіча з прыпыначным пунктам “Гімназія”. Звяртайце ўвагу на інфармацыю на аўтобусных прыпынках! Новы расклад руху транспарту размешчаны на сайтах райвыканкама і раённай газеты.
68000 тон збожжа перапрацавана летась Асіповіцкім вытворчым участкам ААТ “Бабруйскі КХП”. Выпушчана 31100 тон мукамольнай прадукцыі і 18216 — крупяной. Аб’ём вытворчасці ў дзеючых цэнах склаў 20592 тысячы рублёў — 101,7% да 2016 г.
48 дзікоў з мэтай недапушчэння заносу і распаўсюджвання на тэрыторыі раёна афрыканскай чумы свіней ліквідавана і ўтылізавана за мінулы год: членамі Беларускага таварыства паляўнічых і рыбаловаў — 27, прадстаўнікамі паляўнічых гаспадарак лясгаса і філіяла “Асіповіцкае УМГ” ААТ “Газпрам трансгаз Беларусь” — 13 і 8 асобін адпаведна. У студзені знішчана 4 кабаны.
28663 абаненты знаходзіцца на абслугоўванні Асіповіцкага раёна электрасетак філіяла “Бабруйскія электрычныя сеткі” РУП “Магілёўэнерга”. Летась спецыялістамі прадпрыемства заменена 3559 прыбораў уліку, 2500 з якіх электронныя з аўтаматызаванай сістэмай кантролю перадачы дадзеных.
На ўліку па цяжарнасці ў гінекалагічным аддзяленні райпаліклінікі зараз знаходзіцца 251 жанчына — на 36 менш, чым у леташнім студзені. Сярод будучых матуль — дзве непаўналетнія. За 2017 год на перадабортнае кансультаванне да псіхолага было накіравана 39 зямлячак, 11 з якіх вырашылі захаваць цяжарнасць.
Пасведчанні шматдзетным сем’ям з пачатку года выдаюцца ў Цэнтры сацабслугоўвання насельніцтва.