У мінулую пятніцу актавая зала Асіповіцкай дзяржаўнай спецыяльнай агульнаадукацыйнай школы-інтэрната для дзяцей з парушэннямі функцый апорна-рухальнага апарата, дзе зараз навучаецца 59 хлопчыкаў і дзяўчынак, у чарговы раз напоўнілася вясёлымі мелодыямі ды дзіцячымі галасамі. Працягам навагодніх свят стала наведванне ўстановы намеснікам старшыні Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта Андрэем Кунцэвічам і намеснікам начальніка ўпраўлення адукацыі аблвыканкама Iрынай Кусковай у рамках дабрачыннай акцыі “Нашы дзеці”, якая крочыць па ўсёй краіне.
Андрэй Міхайлавіч шчыра павіншаваў хлопчыкаў і дзяўчынак, іх бацькоў і калектыў спецшколы і пажадаў, каб новы год прынёс кожнаму толькі радасныя падзеі. Ён расказаў, што ўзгаданая акцыя стала для Беларусі ўжо традыцыйнай і мае шырокае распаўсюджванне ў Прыдняпроўскім краі: гэтым дабрачынным праектам, які распачаўся 11 снежня, сёлета ахоплена 150 тысяч дзяцей. На памяць аб сустрэчы кожнаму выхаванцу спецшколы па даручэнні Кіраўніка дзяржавы быў перададзены падарунак, і дырэктар установы Ларыса Гормаш ад імя ўсіх цёпла падзякавала за праяўленую ўвагу. На працягу двух пераднавагодніх месяцаў у школе працавала “майстэрня Дзеда Мароза”, таму не засталіся без сувеніраў, зробленых рукамі выхаванцаў, і госці.
Запамінальнай сустрэчу зрабілі таксама Дзед Мароз і Снягурачка. Казачныя персанажы не спяшаюцца развітвацца з дзецьмі, бо ведаюць, што хлопчыкі і дзяўчынкі чакалі іх цэлы год. А яшчэ былі вясёлы карагод вакол зіхатлівай ёлкі і цікавая гульня ў снежкі — аказваецца, нават адсутнасць снегу на вуліцы не перашкода.
…Хіба можа быць штосьці больш каштоўнае, чым тыя шчаслівыя хвіліны, што выклікаюць у дзяцей усмешку? Няхай такіх дзён у новым годзе будзе як мага больш!
Валянціна КОРБАЛЬ. Фота Ніны ЦАРЫК.