Дзень 14 снежня 2017 года адзначыўся важнай падзеяй не толькі для асобна ўзятага паселішча, але і для ўсёй краіны. I — не без прычыны: Татарка стала апошнім рабочым пасёлкам Беларусі, які атрымаў доступ да прыроднага газу.
Урачыстая цырымонія з гэтай нагоды адбылася з удзелам старшыні Магілёўскага аблвыканкама Уладзіміра Даманеўскага, міністра энергетыкі краіны Уладзіміра Патупчыка, старшынь райвыканкама і райсавета дэпутатаў Паўла Налівайкі і Аляксандра Пузіка, гендырэктара РУП “Магілёўэнерга”, члена Савета Рэспублікі Канстанціна Пуцілы, кіраўнікоў ДВА “Белпалівагаз”, РУП “Магілёўаблгаз” і ААТ “Белгазбуд” Леаніда Рудзінскага, Аляксея Кушнарэнкі і Аляксандра Прастакова.
Высокія госці сардэчна павіншавалі мясцовых жыхароў, адзначылі Ганаровымі граматамі і Падзячнымі лістамі дастойных прадстаўнікоў арганізацый, якія ўдзельнічалі ў рэалізацыі праекта “Газазабеспячэнне прыродным газам рабочага пасёлка Татарка Асіповіцкага раёна”. Сярод лепшых — дырэктар ТАА “Асіповічыгазбуд” Аляксандр Гулік, галоўны інжынер Аляксандр Пацкевіч, машыніст Анатоль Карніцкі, зваршчык Сяргей Тураў, а таксама інжынер Асіповіцкага раёна газазабеспячэння Андрэй Папыльчанка.
Будаўніцтва падводзячага газаправода Ясень-Татарка сукупнай даўжынёй 9,6 кіламетра скончылася на месяц раней прадугледжанага праектам тэрміну. На прыродны газ ужо пераведзены два 24-кватэрныя дамы на вуліцы Заслонава. Падключэнне астатняга жылфонду — 356 дамоў — будзе весціся пры наяўнасці попыту з боку жыхароў пасёлка і, зразумела, пры іх фінансавым удзеле.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.