Чарговы дзень падпісчыка, які адбыўся ва ўсіх аддзяленнях паштовай сувязі Асіповіччыны, паказаў, што ў раённай газеты ёсць нямала сяброў: абанементы на “Асіповіцкі край” аформілі 165 землякоў, і кожны з іх стаў удзельнікам розыгрышу купонаў на бясплатнае віншаванне на старонках мясцовага выдання.
Найбольш актыўна прайшло мерапрыемства ў трэцім і першым гарадскіх аддзяленнях сувязі, дзе было аформлена 33 і 24 падпіскі адпаведна. Сярод сельскіх ПАС вызначыліся Вяззеўскае (12 абанементаў), Пратасевіцкае (11), Дараганаўскае (10), Пагарэльскае (7). Вялікі дзякуй нашым партнёрам за работу!
Уладальніцай аднаго з бонусных купонаў ад “АК” стала жыхарка Забалацця Ганна Курс — да яе і накіраваліся разам з начальнікам райвузла паштовай сувязі Валерыяй Матузавай, каб уручыць прыз. Ганна Васільеўна ўжо на працягу больш як 40 гадоў выпісвае раённую газету. У наш горад гэта прыветлівая жанчына патрапіла ў 1975 годзе пасля заканчэння гідрафака сельскагаспадарчай акадэміі ў Горках, дзе і стварыла сям’ю з хлопцам з Канцоў Міхаілам Курсам. Працоўны шлях распачынала ў лясгасе інжынерам-гідратэхнікам, потым рабіла інжынерам-тэхнолагам у аддзеле галоўнага металурга на АЗАА. Асаблівае ж месца ў біяграфіі належыць ПМК-95: меліяратыўнай арганізацыі Ганна Васільеўна аддала 29 гадоў шчырай працы. Дадаткова на базе вышэйшай адукацыі набыла спецыяльнасць эканаміста — па такой прафесійнай дарозе пайшлі дочкі Вольга і Таццяна, якія займаюць пасады галоўнага і вядучага эканамістаў на прэстыжных прадпрыемствах у Салігорску і Гомелі. Маюць Курсы ўнучку і трох унукаў. Самы маленькі Цімафейка нарадзіўся сёлета, зрабіўшы гэты год шчаслівым і адметным.
—“Асіповіцкі край” любіць уся сям’я, — падзялілася чытачка. — У газеце ёсць інфармацыя на любы густ. Цікава даведацца, як жывуць нашы прадпрыемствы, якія пытанні хвалююць жыхароў раёна, пачытаць забаўляльную інфармацыю. Добра, што “раёнка” не забывае пісаць і пра сельскія населеныя пункты. Як бы там ні было, а вясковая праца ўсё роўна застаецца ў аснове народнага дабрабыту. Зараз нават не ўяўляю, як можна абыходзіцца без мясцовага выдання. Лічу, што газета — адзін з фактараў, які аб’ядноўвае жыхароў Асіповіччыны. Жадаю землякам заўсёды мець такога на-дзейнага сябра, а на наступны год — грандыёзных планаў, маштабных праектаў, здароўя, міру і стабільнасці.
Валянціна КОРБАЛЬ.