65 месца са 118 раёнаў рэспублікі займае Асіповіччына па выніках работы ў жывёлагадоўлі за студзень-верасень. У нас ад кожнай каровы надоена 3507 кілаграмаў малака — на 101 больш, чым у адпаведным леташнім перыядзе. Паказчык вышэйшы за сярэднеабласны (3308 кг), але ніжэйшы, чым па краіне (3811).
Важная духоўная падзея чакае праваслаўных вернікаў: можна будзе памаліцца перад вобразам святой блажэннай Матроны Маскоўскай з часцінкамі яе мошчаў 4 лістапада ў храме пасёлка Ялізава і 5 чысла ў Лапічах, дзе пройдуць боскія літургіі (9.00) і вячэрнія богаслужэнні (17.00).
На чарговы прававы прыём грамадзян юрыстамі Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі звярнулася 5 чалавек. Землякоў хвалявалі налічэнне зарплаты пры звальненні, аздараўленне ў прафсаюзных зраўніцах, сямейна-бытавыя адносіны і іншае.
Перапрацоўкай яблыкаў заняты зараз працаўнікі ААТ “Асіповіцкі кансервавы завод”. Сёлета закуплена 26 тон сыравіны. Сярод мясцовых партнёраў — ААТ “Лапічы”. Ужо выпушчана 13 тысяч 3-літровых слоікаў нектараў, 10 тон яблычнага пюрэ.
На курсы польскай мовы ў Асіповічах запісалася паўтара дзясятка землякоў. Большасць жадае вывучаць мову краіны-суседкі з мэтай у далейшым павялічыць шансы атрымаць Карту паляка.
Першая тона сыру “Адыгейскі” новай цыліндрычнай формы выпушчана на ВУП “Малочны полюс”. Магчымым такое ўдасканаленне стала пасля нядаўняй рэканструкцыі аддзялення вытворчасці мяккіх сыроў і ўвядзення ў эксплуатацыю абсталявання для фармавання сыру.
Праезд у гарадскім транспарце ў Асіповічах, як і па ўсёй вобласці, учора падаражаў. Талон зараз каштуе 50 капеек, у вадзіцеля — 55, праязны на месяц — 19 руб. 12 кап. Кошт білетаў на прыгарадны транспарт не змяніўся.
У рамках рэспубліканскай пажарна-прафілактычнай акцыі “За бяспеку разам” аглядавай камісіяй Вяззеўскага сельвыканкама абследавана 52 домаўладанні. Праведзена і 5 рэйдаў па гарышчах шматкватэрак і выяўленні пустуючых дамоў. Знесены безгаспадарны дом у Орчы, ачышчаны ад аварыйных дрэў могілкі ў Лучыцах. Пры магчымасці такая ж работа будзе выканана на пагостах у Смыку і Вяззі.