10 лістапада лепшыя работнікі і ветэраны працы ЗТАА “Дахавы завод ТэхнаНIКОЛЬ” атрымалі запрашэнне паўдзельнічаць ва ўрачыстасці з нагоды 25-годдзя кампаніі і 45-годдзя з пачатку вытворчасці дахавых матэрыялаў у Асіповічах. За амаль паўстагоддзя прадпрыемства неаднаразова мяняла назву, перажывала ўзлёты і падзенні, аднак заўсёды заставалася адным з горадаўтваральных, уносіла важны ўклад у развіццё нашага краю, спрыяла дабрабыту землякоў.
У 2005 годзе завод увайшоў у склад кампаніі “Тэхна-НIКОЛЬ” — буйнейшага еўрапейскага вытворцы ізаляцыйных матэрыялаў, што стварыла магчымасці для развіцця інфраструктуры, адкрыла доступ да перадавых тэхналогій у вытворчасці шырокага спектра прадукцыі, запатрабаванай для гідраізаляцыі дахаў, падмуркаў, танэляў, мастоў, дарожнага будаўніцтва. Прычым з попытам не толькі ў Беларусі: на экспарт ідзе болей за палову выпускаемых матэрыялаў.
Калектыў лідзіруе па вытворчасці працы сярод айчынных прадпрыемстваў несыравіннага сектара і лічыцца адным з самых перспектыўных падраздзяленняў кампаніі ў інвестыцыйных адносінах. Зараз на яго тэрыторыі рэалізуецца адразу два буйныя праекты: будаўніцтва высокавытворчай лініі па выпуску бітумна-палімерных мембран і завода па вытворчасці экструдзіраванага пенаполістыролу.
…Слаўнае ўчора, напружанае сёння і аптымістычнае заўтра дахавага завода сімвалізаваў выхад на сцэну трох дырэктараў, якія ўзначальвалі прадпрыемства ў розныя перыяды яго існавання, — Анатоля Бабанскага, Мікалая Калтунова і Рамана Бардаша. “Старая гвардыя” не парывае сувязі з вытворчасцю ізаляцыйных матэрыялаў. Анатоль Бабанскі займае тут пасаду галоўнага інжынера і адказвае за рэалізацыі ўзгаданых вышэй інвестпраектаў, а Мікалай Калтуноў узначальвае савет дырэктараў СААТ “Дах”. I ўсе яны аднадушна адзначалі, што працаваць з такой кампетэнтнай, дружнай і высокаматываванай камандай, як калектыў завода, — высокі гонар.
Персанальным увасабленнем павагі кіраўніцтва кампаніі стала шанаванне лепшых работнікаў, чые імёны будуць занесены на Дошку гонару прадпрыемства, уручэнне карпаратыўных узнагарод.
Срэбраныя значкі кампаніі “ТэхнаНIКОЛЬ” атрымалі Валянціна Заяц, Андрэй Кадушкін, Міхаіл Карчэўскі, Сяргей Каржоў, Аляксандр Красны, Аляксандр Макарэвіч, Яўгеній Філіпенка; залатым узнагароджана Яўгенія Гунькіна — старшыня савета ветэранаў СААТ “Дах”.
Дахавы завод прыносіць усім відавочную карысць — менавіта на гэтым аспекце ўзаемаадносін Асіпо-віччыны і кампаніі “Тэхна-НIКОЛЬ” зрабілі акцэнт у сваіх прамовах старшыня райвыканкама Павел Налівайка, намеснік старшыні Камітэта эканомікі Магілёўскага аблвыканкама Павел Марыненка, старшыня райаб’яднання прафсаюзаў Алена Паргачова. Асабісты ўклад у развіццё рэгіёна быў адзначаны ўручэннем Ганаровай граматы Магілёўскага аблвыканкама апаратчыку Святаславу Мільто, Ганаровай граматы Міністэрства архітэктуры і будаўніцтва Рэспублікі Беларусь — галоўнаму інжынеру Анатолю Бабанскаму, Ганаровай граматы райвыканкама — слесару-рамонтніку Леаніду Гарадзецкаму, медалі “110 гадоў прафсаюзнаму руху Беларусі” — старшыні прафсаюзнай “пярвічкі” Пятру Логвіну.
Ну а добры настрой прысутным стварылі артысты беларускай эстрады: спявак і вядучы Герман Цітоў, баяніст Віталь Варанко, шоу-балет “Феерыя”, група “Без билета”.
Поспехаў вам, работнікі завода, і ва ўсіх далейшых справах!
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.