Гэтая восень — фенаменальна багатая на ўраджай грыбоў. Аднак непакоіць пытанне: ці не канцэнтруюць гэтыя дары лесу розныя шкодныя рэчывы і ў першую чаргу радыенукліды?
Анатоль Т., асіпаўчанін.
Адказвае галоўны ўрач УАЗ «Асіповіцкі райЦГЭ» Кацярына Мукалава:
— З пачатку верасня лабараторыя нашай установы правяла даследаванне проб грыбоў, адабраных у вёсках Мязовічы, Ставішча, Ясень, Краі, Караны. Утрыманне радыенуклідаў вагалася ад 24,3 да 160,5 Бк/кг пры норме 370,0 Бк/кг. Таксама праводзілася праверка журавін, сабраных на тэрыторыі раёна. Сярэдняе ўтрыманне радыенуклідаў у іх каля 20,2 Бк/кг, што ў 6 разоў ніжэй дапушчальнага ўзроўню — 180 Бк/кг. Такім чынам, лясныя прысмакі можна нарыхтоўваць і спажываць без аніякай шкоды для здароўя.