Напярэдадні Дня настаўніка, 29 верасня, актавая зала МПЦ “Равеснік” прымала прадстаўнікоў усіх навучальных устаноў раёна на традыцыйным пасяджэнні клуба педагагічных сустрэч.
Напачатку мерапрыемства да прысутных звярнулася з віншаваннямі і падзякамі намеснік старшыні райвыканкама Ганна Землянухіна, якая адзначыла, што настаўнікі перш за ўсё — гэта носьбіты ведаў, духоўнасці, культуры, маральных каштоўнасцей, таму ў многім ад асабістых якасцей педагога залежыць лёс дзяцей і заўтрашні дзень краіны.
— Нашы педагогі — адны з самых лепшых у Магілёўскай вобласці, і гэтаму маецца пацвярджэнне, — падкрэсліла Ганна Уладзіміраўна. — З года ў год прадстаўнікі навучальных устаноў раёна становяцца пераможцамі конкурсаў прафесіянальнага майстэрства, а іх вучні — прызёрамі прэстыжных алімпіяд і конкурсаў рознага ўзроўню. Так, 49 выпускнікоў узнагароджаны пахвальнымі граматамі, 15 чалавек атрымалі атэстаты асобага ўзору і залатыя медалі, 6 школьнікаў сталі стыпендыятамі фонду Прэзідэнта Беларусі па сацыяльнай падтрымцы адораных вучняў і студэнтаў, а настаўнік гімназіі Таццяна Амбрушкевіч стала яго лаўрэатам. Добрыя вынікі ўдзелу ў рэспубліканскіх і міжнародных конкурсах паказалі настаўнікі Дараганаўскай сярэдняй школы Мікалай Тамашоў і Жанна Караленя. Настаўнік гімназіі Таццяна Крэпская стала пераможцам абласнога этапу, а 28 верасня — лаўрэатам другой ступені рэспубліканскага конкурсу прафесіянальнага майстэрства “Настаўнік года Рэспублікі Беларусь”.
За поспехі ў рабоце намеснік старшыні раёна ўзнагародзіла Ганаровай граматай райвыканкама настаўніка фізікі Вяззеўскай СШ Алену Гаўруковіч. Падзячным лістом старшыні райвыканкама была адзначана намеснік загадчыка па асноўнай дзейнасці Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Святлана Торвінен. Яшчэ 8 педагогаў атрымалі граматы Міністэрства адукацыі — Мікалай Пішчоў (на здымку), Аляксандр Гарбачоў, Аксана Русаковіч, Аляксандр Сакаў, Наталля Сакалова, Мікалай Роўбель, Мікалай Тамашоў і Наталля Шчэрбачэня.
Начальнік аддзела адукацыі, спорту і турызму Наталля Шаўчэнка павіншавала ўсіх, хто сабраўся ў зале, з прафесійным святам. З рук Наталлі Iванаўны Ганаровыя граматы ўпраўлення адукацыі Магілёўскага аблвыканкама атрымалі 16 настаўнікаў, уладальнікамі ганаровых грамат і падзячнага пісьма аддзела адукацыі, спорту і турызму Асіповіцкага райвыканкама сталі 29 педагогаў.
Як рака пачынаецца з крынічкі, так і школа пачынаецца з дзіцячага садка. Самыя шчырыя пажаданні прагучалі ад выхаванцаў ясляў-сада № 6 “Сонейка”, пасля якіх ушанаванне лепшых працягнула старшыня Асіповіцкага раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Алена Кулакоўская. Яна ўручыла Ганаровыя граматы Прэзідыума Магілёўскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі загадчыку Асіповіцкага дашкольнага цэнтра развіцця дзіцяці Таццяне Васянкінай і дырэктару СШ № 1 Сяргею Сувееву, яшчэ 11 педагогаў атрымалі ганаровыя граматы ад Прэзідыума Асіповіцкага раённага камітэта Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Шчырыя словы ўдзячнасці ў гэты дзень гучалі ў адрас ветэранаў педагагічнай працы, якія заклалі ўстойлівы фундамент адукацыі, зрабілі многае для паспяховага развіцця нашага раёна і з’яўляюцца ўзорам глыбокай адданасці свайму прызванню.
Мерапрыемства стала свайго роду зорным часам для 15 маладых спецыялістаў. Iх не толькі выклікалі на сцэну, але і прадставілі відэаролікі, у якіх юнакі і дзяўчаты расказвалі пра сябе і першыя працоўныя дні. На далейшыя поспехі ў асваенні прафесіі моладзь натхніла настаўнік рускай мовы і літаратуры СШ № 3, пераможца раённага і лаўрэат абласнога конкурсу прафесійнага майстэрства “Настаўнік года-2013”, лаўрэат рэспубліканскага конкурсу “Лепшы відэаўрок рускай мовы і літаратуры” Галіна Вайцюк.
Асобага шанавання ўдастоілася настаўнік рускай мовы і літаратуры гімназіі Таццяна Амбрушкевіч. Яна стала пераможцам міжнароднага конкурсу педагагічных праектаў па папулярызацыі рускай мовы, культуры і адукацыі на рускай мове ў дзяржавах СНД. Таццяна Львоўна з задавальненнем падзялілася ўражаннямі пра ўдзел у прэстыжным конкурсе.Завяршылася мерапрыемства канцэртнай праграмай, арганізаванай Асіповіцкім раённым камітэтам Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.
Ганна ШАРАМЕТ.
Фота Ніны ЦАРЫК.