У кожнай сям’і ёсць асаблівыя дні, якія становяцца дарагім успамінам на ўсё жыццё. Для сям’і Снігіроў з аграгарадка Ясень адметнай датай стала 4 кастрычніка, калі на іх падворку з’явілася карова Белка. А здарылася гэта невыпадкова: не так даўно маладая гаспадыня Вольга звярнулася на афіцыйны сайт кіраўніка дзяржавы, дзе выказала просьбу дапамагчы ў набыцці рагулі, каб забяспечыць сваіх пяцярых малалетніх дзяцей здаровым харчаваннем. Як расказала Вольга, паведамленне сацыяльных службаў аб тым, што просьба будзе задаволена, у прынцыпе, не асабліва здзівіла — не сакрэт, што дапамога шматдзетным сем’ям, клопат аб дзецях заўсёды прыярытэтныя накірункі ў дзяржаўнай сацыяльнай палітыцы. А пераканацца ў гэтым асабіста было вельмі прыемна.
Па даручэнні Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі ўручыў адпаведны сертыфікат першы намеснік старшыні аблвыканкама Алег Чыкіда. Пазнаёміцца з маладой сям’ёй таксама прыехалі старшыня Асіповіцкага райвыканкама Павел Налівайка, іншыя прадстаўнікі абласной і раённай вертыкалі. Каб не ўзнікала праблем з даеннем Белкі, а яна адносіцца да высокаўдойных кароў, за лактацыю дае больш чым 7,5 тысяч кілаграмаў малака, сям’і таксама падарылі даільны апарат Melasty. Так што ў бліжэйшыя дні Снігірам неабходна будзе асвоіць гэты агрэгат. Дарэчы шматдзетная сям’я атрымала і іншыя падарункі — двух’ярусны ложак, ноўтбук — тут пастараўся мясцовы лясгас, дзіцячыя цацкі ды мноства розных прысмак.
Сустрэча з гасцямі прайшла ў цёплай — ва ўсіх сэнсах, бо дома напалена і ўтульна — абстаноўцы. Тэм для гутаркі доўга шукаць не даводзілася: калі ў сям’і пяцёра дзяцей, маладым бацькам заўсёды ёсць аб чым расказаць. Напрыклад, старэйшы, Ваня, самы непаседлівы. Не вельмі адстаюць і малодшыя Кірыл, Сярожа і Максім. Асаблівае стаўленне ў таты з мамай да адзінай дачушкі Палінкі, бо дзяўчынка ёсць дзяўчынка. Сяргей з Вольгай стараюцца рознабакова развіваць дзяцей, забяспечыць ім добрыя ўмовы. Да слова, “раёнка” ўжо не раз пісала пра гэту актыўную сям’ю. Тата працуе механізатарам у ААТ “Ясень-АГРА”, быў пераможцам конкурсу прафесійнага майстэрства. У гаспадарцы яго цэняць: нягледзячы на маладосць, мае немалы вопыт работы, працуе старанна, да тэхнікі адносіцца адказна. Менавіта Снігіру пару гадоў назад быў даручаны магутны энерганасычаны трактар “Беларус-3522”, якіх у раёне толькі чатыры. Маладая матуля раней сур’ёзна займалася спортам, аб чым і зараз сведчаць шматлікія медалі з розных спаборніцтваў. Зараз яе дзень праходзіць у пастаянных клопатах, але Вользе такі “спартыўны” рытм даспадобы, бо яна, як і яе муж, дзяцей лічыць найвышэйшай каштоўнасцю і са-праўдным шчасцем.
Візіт толькі размовай не завяршыўся. Усе разам — і госці з вобласці, і журналісты, праведалі Белку на яе новым месцы. Як аказалася, адчувае жывёла сябе выдатна, сена, што было выдзелена сельгас-прадпрыемствам на яе стойлавае ўтрыманне, прыйшлося даспадобы, цёплае памяшканне — таксама. А маладыя гаспадары ўсё не маглі налюбавацца сваёй карміцелькай — і рахманая, і прыгожая.
— Шчыра дзякуем Кіраўніку дзяржавы і ўсім тым, хто меў дачыненне да аказанай дапамогі: аблвыканкаму, райвыканкаму, сацыяльным службам за праяўленую да нашай сям’і ўвагу, — крыху хвалюючыся, падзялілася адчуваннямі маладая гаспадыня. — Са свайго боку абяцаем не толькі дастойна выхаваць дзяцей, але і добра даглядаць нашу рагулю.
У знак удзячнасці шчаслівыя Снігіры перадалі ў Адміністрацыю Прэзідэнта свае падарункі: вялікі сямейны фотаздымак, зробленую рукамі малых падзелку ды кошык з восеньскай садавінай.
Валянціна КОРБАЛЬ.
Фота Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.
Ого даже от самого президента, я тоже хочу корову