Адной з галоўных праблем айчыннай лясной гаспадаркі ў гэтым годзе стала выбуховападобнае размнажэнне жукоў-караедаў. Найбольш значныя страты ад небяспечных шкоднікаў панеслі лясы Гомельскай і Брэсцкай абласцей, аднак “зачапіла” і іншыя тэрыторыі. Па стане на 1 верасня на Асіповіччыне пашкоджана 1324,5 га сярэднеўзроставых сасновых лясоў з агульным запасам драўніны 35,2 тысячы кубаметраў.
Па інфармацыі інжынера-лесапатолага ДДЛГУ “Асіповіцкі доследны лясгас” Наталлі Шкутко, у нашы лясы патрапілі раней не існаваўшыя ў Беларусі віды караедаў — вяршынны і шасцізубчаты, чый звычайны арэал існавання — паўднёвая Еўропа. Па ўзгаданай прычыне многае ў біялогіі “нязваных” гасцей застаецца невядомым і таму змагацца з імі досыць складана.
Першыя выпадкі незвычайнага пашкоджання сасны (так званая “вогненная хвоя”) былі заўважаны летась. Пад “жучыны ўдар” патрапілі невялікія па плошчы лясы Дрычынскага і Дараганаўскага лясніцтваў, размешчаныя на колішніх сельгасугоддзях. Як правіла, такія лясы аслабленыя, дрэвы ў іх хварэюць карнявой губкай — паталогіяй, якую выклікае аднайменны патагенны грыб. Абодва віды караедаў нападаюць на сасну з вяршыні, таму візуальна выявіць іх прысутнасць можна, толькі калі назіраецца ўзгаданая вышэй змена колеру хвоі. Аднак гэты сімптом праяўляецца, калі жукі адклалі яйкі пад кару, пераляцелі на другія дрэвы і працягваюць кладку яек ужо там. Што адбываецца з дарослымі жукамі далей, айчынныя лесапатолагі пакуль не ведаюць.
Пасля шэрагу засушлівых гадоў, снегаломаў і ветравалаў “кармавая база” ў выглядзе пашко-джаных і аслабленых дрэў у караедаў вялікая. Пік актыўнасці караедаў абодвух відаў назіраўся ў ліпені, яшчэ адзін — апошні перад зімоўкай — чакаецца ў кастрычніку. Па яго маштабах можна будзе вызначыць хуткасць размнажэння шкоднікаў і рабіць прагноз на будучы год.
Сёння можна сказаць, што найбольшую небяспеку ўяўляе вяршынны караед. Ён пераносіць споры патагенных грыбкоў, якія надаюць драўніне сіні колер, а гэта рэзка зніжае яе каштоўнасць. Ну і, зразумела, абодва караеды “пракладваюць дарогу” іншым насякомым-шкоднікам: златкам, жукам-вусачам і іншым.
Акрамя высечкі (суцэльнай альбо санітарнай) заражаных дзялянак і спальвання рэшткаў лесасекі, кары разам з лічынкамі шкоднікаў, дзейсных сродкаў барацьбы з “замежнымі” караедамі на сёння няма. Сёлета лясгас прымяняў біяпрэпарат “Актафіт” і інсектыцыд “Гігант” для апрацоўкі нарыхтаванай драўніны. Ці дасць лясны апякунскі савет (FSC — міжнародная арганізацыя, якая кантралюе выкананне стандартаў упраўлення лясамі) дазвол на карыстанне “Гігантам” у наступным годзе — невядома…
* * *
…Відавочна, міграцыя паўднёвых відаў насякомых-шкоднікаў на поўнач звязана з кліматычнымі пераменамі і тычыцца не толькі Беларусі. Скандальна вядомая высечка дрэў на польскай частцы Белавежскай пушчы мела прычынай як раз нашэсце караедаў. Нашы заходнія суседзі настолькі сур’езна ўспрынялі пагрозу сваім лясам, што нават пайшлі на адкрыты канфлікт з Еўракамісіяй, не пабаяліся зварота апошняй у суд Еўрасаюза і магчымых фінансавых санкцый. Больш таго — нашы суседзі выступілі з ініцыятывай выкрасліць “акупіраваную” караедам пушчу са спіса аб’ектаў сусветнай спадчыны ЮНЕСКА. Беларусь выступае супраць рэзкіх крокаў Польшчы, так што “жучынае баляванне” нечакана стала элементам міжнароднай палітыкі.
Значныя страты нясе і лясная гаспадарка Украіны. Аднак там дзейнічаюць даволі спецыфічныя правілы падтрымання здароўя лясоў, што перашкаджае арганізацыі дзейснай барацьбы з караедамі. Для атрымання дазволу на санітарную высечку патрабуецца як мінімум два месяцы, а такое доўгае прамаруджванне дае жукам-шкоднікам поўную свабоду.
Зміцер КАЛЯДА.