Вось ужо каторы год запар падводзіць вынікі жніва на Асіповіччыне раённы фестываль-кірмаш “Дажынкі”. Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да знакавай падзеі ў працоўным календары хлебаробаў, прайшло ў адным з самых старэйшых населеных пунктаў раёна — Свіслачы. Выбар месца быў невыпадковым: гэта паселішча мае не толькі багатую гісторыю, сведка якой у тым ліку гарадзішча з рэшткамі старажытнага замка, але і знаходзіцца на тэрыторыі лепшай гаспадаркі раёна — філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, дзе працуе нямала і свіслачан.
Аграгарадок сустрэў гасцей абноўленым і памаладзелым. Рыхтаваліся да свята, як кажуць, талакою: быў наведзены парадак на мемарыяльным комплексе, археалагічным помніку і ў вёсцы ў агульным, пагрэйдзіравалі і падсыпалі вуліцы, адрамантавалі прадуктовы магазін і будынак сельскага Савета. Значную дапамогу вяскоўцам аказала УКП ЖКГ.
Распачаўся фэст тэматычнай харэаграфічнай замалёўкай. Хвалюючым момантам стала ўручэнне караваяў кіраўнікам гаспадарак і галоўнага дажыначнага каравая старшыні райвыканкама Паўлу Налівайку. Дарэчы, гэтыя атрыбуты свята вырабляліся на ААТ “Асіповіцкі хлебазавод”, і мясцовыя хлебапёкі пастараліся зрабіць сімвалы сонца і дабрабыту прыгожымі, духмянымі і, безумоўна, смачнымі.
Рапартавала аб выніках хлебаўборачнай кампаніі намеснік начальніка ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Алена Кадуш. Работы выкананы своечасова і якасна, раён атрымаў больш за 24 тысячы тон збожжа, што на 20% перавышае леташнія дасягненні.
Радасць паспяховай стваральнай працы раздзялілі і ганаровыя госці мерапрыемства — дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Аляксандр Багдановіч, намеснік начальніка ўпраўлення ўнутраных спраў Магілёўскага аблвыканкама Уладзімір Рыжанкоў, намеснік генеральнага дырэктара Магілёўскага дзяржаўнага аб’яднання “Мясамалпрам” Уладзімір Рамашкевіч, намеснік дырэктара ААТ “Бабруйскі мясакамбінат” Ганна Скрыган, Ганаровыя грамадзяне Асіповіцкага раёна Мікалай Раўбель і Уладзімір Роўбель, настаяцель Свята-Мікольскага храма протаіерэй Андрэй Клепча.
Герояў жніва віншаваў старшыня райвыканкама Павел Налівайка, які ў сваім прывітальным слове падкрэсліў, што гэтае свята вянчае працу соцень і нават тысяч людзей. Не толькі камбайнеры і вадзі-целі, але і спецыялісты многіх галін, дзясяткаў прадпрыемстваў і арганізацый прымалі ўдзел і садзейнічалі паспяховай уборцы збожжа. Кіраўнік раённай адміністрацыі выказаў словы шчырай удзячнасці ўсім перадавікам і ўдзельнікам жніва за добрасумленную працу і асабісты ўклад кожнага ў сацыяльна-эканамічнае развіццё Асіповіччыны. Назапашаны за дзесяцігоддзі тэхналагічны вопыт у вырошчванні збожжавых культур, адпрацаваны механізм правядзення ўборачнай кампаніі дазволілі ў трохтыднёвы тэрмін і без страт убраць хлеб. Ва ўборцы збожжа прымалі ўдзел 42 экіпажы камбайнаў, 27 аўтамабіляў займаліся адвозкай зерня. Арганізаванасць, мэтанакіраванасць, згуртаванасць — вось асноўныя складальнікі паспяховага правядзення кампаніі. Кіраўнік раёна пажадаў хлебаробам, каб сёлетнія поспехі далі адлік новым вяршыням у сельгасвытворчасці.
За дасягненне найбольшай ураджайнасці збожжавых і зернебабовых культур у ходзе ўборкі ўраджаю 2017 года Падзячным пісьмом старшыні райвыканкама ўзнагароджаны дырэктары ААТ “Лапічы” і “ЖорнаўкаАГРА” Мікалай Аляшкевіч і Віктар Стурліс. Адзначана такой жа ўзнагародай і намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце, кіраванні персаналам і сацыяльных пытаннях філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына” Вольга Каўко за асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і аказанне ўсебаковай падтрымкі моладзі ў арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў.
У спаборніцтве за дасягненне лепшых паказчыкаў на жніве сярод арганізацый стаў філіял “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, дзе атрымана 129,9 кілаграма збожжавых і зернебабовых культур на бала-гектар пасяўной плошчы. Сярод галоўных аграномаў вызначы-ліся Валянцін Шкурын з названай гаспадаркі, таксама Кацярына Максімюк і Альберт Старавойтаў з ААТ “Лапічы” і “ЖорнаўкаАГРА” адпаведна. У інжынернай службе лепшымі названы Максім Шаўчэнка з “Белшыны”, Віталь Карпянюк з “Каменічаў” і інжынер па сельскагаспадарчых машынах ААТ “ЖорнаўкаАГРА” Віктар Балюк. Лідарамі сярод старшых камбайнераў прызнаны “белшынаўцы” Валерый Ганчаронак, Сцяпан Давідовіч і Уладзімір Мяцельскі. Сцяпан выклікаўся на сцэну двойчы, бо ён стаў пераможцам і ў маладзёжным спаборніцтве, а другое і трэцяе месцы сярод моладзі занялі Яўген Чаропка з ААТ “Жорнаўка-АГРА” і працаўнік “Бярэзіны-Агра-Люкс” Яўген Жуковіч. Сярод вадзіцеляў у тройку мацнейшых увайшлі прадстаўнікі філіяла “Белшына-агра” Сяргей Вікторчык і Раман Iўчык, таксама Аляксандр Цагойка з “Заходняга-Агра”. Не адставалі і маладыя вадзіцелі, заслужаныя ўзнагароды атрымалі Аляксандр Пятрэнка з ААТ “ЖорнаўкаАГРА”, “белшынавец” Iван Жуковіч і вадзіцель ААТ “Бярэзіна-Агра-Люкс” Міхаіл Вікторчык. Напружанай была праца і аператараў зернесушыльных установак. Тут вызначылася лапіцкая брыгада ў складзе Валерыя Лобаха, Валерыя Высоцкага, Аляксандра Ліхадзіеўскага і Яўгена Гізбрэхта.
Поспехаў у хлебаробскай справе, удачы ва ўсіх пачынаннях і простага чалавечага шчасця жадаў асіповіцкім аграрыям госць з абласнога цэнтра Уладзімір Рамашкевіч. Ён уручыў Ганаровую грамату Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта трактарысту-машыністу ААТ “ЖорнаўкаАГРА” Пятру Жаўняку і Падзяку аблвыканкама вадзіцелю ААТ “Лапічы” Мікалаю Кайко. Абласным камітэтам па сельскай гаспадарцы і харчаванні адзначана праца вадзіцеля ААТ “Каменічы” Аляксандра Пілюгіна і загадчыцы склада ААТ “Заходні-Агра” Алены Мятліцкай.
Як і ў іншыя гады, добрым памочнікам у сельгаспрадпрыемствах сёлета была вучнёўская моладзь. За актыўны ўдзел у рабоце студатрадаў у рамках трэцяга працоўнага семестра дыпломамі і падарункамі былі ўзнагароджаны кіраўнікі атрада Асіповіцкага дзяржаўнага прафесійна-тэхнічнага каледжа Яўгенія Грыгарчук і Вячаслаў Пуціенка, байцы студатрада гэтай жа ўстановы Аляксандр Дражнюк, Дзяніс Карчавы, Аляксандра Шычко, Мікалай Бярнат, Дзмітрый Сіняўскі, Дзмітрый Мельнік, а таксама школьнікі Раман Паркалаў (Лапіцкая СШ), Арцём Блізнец (Жорнаўская СШ), Таццяна Белая (Ясенскі ВПК), Цімафей Логвін (гімназія). За асабісты ўклад у рэалізацыю дзяржаўнай маладзёжнай палітыкі і аказанне падтрымкі моладзі ў арганізацыі дзейнасці студэнцкіх атрадаў дыпломамі і падарункамі адзначаны шэраг кіраўнікоў гаспадарак. Ну а дзякавала ўсім за шчырую працу і стварэнне ўмоў для рэалізацыі працоўных магчымасцей для юнакоў і дзяўчат першы сакратар райкама грамадскага аб’яднання “БРСМ” Алена Надзеявец.
“Дажынкі” праводзяцца ў фармаце фестывалю-кірмашу, а гэта прадугледжвае цэлы шэраг мерапрыемстваў. Адпаведна, цікавага ў гэты дзень адбывалася нямала. На сцэне святочны настрой стваралі вядомыя і любімыя землякамі калектывы: народныя ансамблі “Вязанка”, “Дзівакі”, “Капрыз”, “Люлечка”, “Сузор’е”, “Вечарынка”, “Чыстыя крыніцы”, ваенны духавы аркестр, група “Крышталь”, узорныя ансамбль танца “Асарці”, дзіцячы харэаграфічны калектыў “Крынічка”, эстрадная студыя “Хваля” ды іншыя самадзейныя артысты.
У наведвальнікаў свята была магчымасць набыць цікавую сувенірную прадукцыю, вязаныя рэчы, разнастайныя цацкі і ўпрыгажэнні. Гасцей запрашалі з густам аформленыя падворкі ўстаноў культуры, палаткі гандлёвых арганізацый. А вытворчае ўнітарнае прадпрыемства “Малочны полюс” наладзіла не толькі продаж прадукцыі, але і яе дэгустацыю. Можна было паспрабаваць, напрыклад, сыр “Чорны граф” з водарам адтопленага малака, “Натуры”, пры вырабе якога не выкарыстоўваюцца ні фарбавальнікі, ні кансерванты. Акцыю для сваіх падпісчыкаў з уручэннем на мерапрыемстве галоўнага прыза — электрачайніка — правяла раённая газета. Выдатную тэматычную выставу літаратуры і падборку матэрыялаў падрыхтавала Цэнтралізаваная бібліятэчная сетка Асіповіцкага раёна, запрашаў да гульні гасцей узорны тэатр “Ялінка”. Адразу ў некалькіх месцах можна было паспрабаваць сваю ўдачу ў бяспройгрышнай латарэі. Многія ўдзельнікі кірмашу скарысталіся шансам палюбавацца свіслацкім наваколлем з вышыні птушынага палёту — такую магчымасць прадаставіў землякам Бабруйскі аэраклуб ДТСААФ. Па водгуках — відовішча яркае і ўражваючае. З неба, безумоўна, усё бачыцца па-іншаму. А як прыгожа зліваюцца рэкі Свіслач і Бярэзіна! “Аэра-эпізод” таксама спрыяў таму, каб свята засталося цікавым успамінам.
У хуткім часе дэлегацыя Асіповіччыны прыме ўдзел у абласных “Дажынках-2017”, што пройдуць у Клічаве. Безумоўна, будуць прадстаўляць наш раён і многія з тых, каго ўша- ноўвалі на свяце ў Свіслачы. Верасень — месяц шчодры як на падзяку, так і на клопаты: на палетках ідзе сяўба азімых, працягваецца корманарыхтоўка, паспелі цукровыя буракі. Зямля не спяшаецца развітвацца з працавітымі рукамі!
Валянціна КОРБАЛЬ.
Фота Ніны ЦАРЫК і Дзмітрыя САЎРЫЦКАГА.