Сёння ў раённым цэнтры культуры і адпачынку пройдзе дыскатэка для падлеткаў “На адной хвалі”, прысвечаная 15-годдзю БРСМ. Акрамя запальных танцаў, усіх чакаюць конкурсы, прызы і сюрпрызы. Пачатак у 19 гадзін. Уваход свабодны.
Першы этап рэспубліканскай акцыі МНС “У цэнтры ўвагі — дзеці!” днямі правялі супрацоўнікі РАНС у гандлёвых цэнтрах «Сіці Мол» і «Магніт». У павільёнах, што спецыялізуюцца на дзіцячых таварах, з хлопчыкамі і дзяўчынкамі былі праведзены гутаркі па бяспецы жыццядзейнасці, пра веданне тэлефонных нумароў службы выратавання, з бацькамі — аб недапушчальнасці пакідання непаўналетніх без нагляду. I, зразумела, усе юныя ўдзельнікі акцыі атрымалі падарункі ад выратавальнікаў.
Як паведамілі ў АРЭС, на мінулым тыдні падчас навальніцы з-за шквалістага ўзмацнення ветру і навальнічных перанапружанняў фіксаваліся аварыйныя адключэнні ліній электраперадач у Каменічах, Градзянцы, Цэзарове, Замошшы, Лучыцах, Асаўку, Казіміраве, Вязаўніцы, Ліпені і іншых населеных пунктах раёна. Наступствы неспрыяльнага надвор’я аператыўна ліквідаваны, электразабеспячэнне адноўлена.
З 1 верасня загадам МУС краіны Асіповіцкі аддзел унутраных спраў на транспарце рэарганізаваны ў аднайменнае аддзяленне з падначаленнем Магілёўскаму АУСТ.
Студыя эстраднага вакалу РЦКіА запрашае юных аматараў спеваў на праслухоўванне, якое пройдзе 13 верасня па адрасе: вул. Сумчанкі, 9. Даведкі па тэл. 58-278.
У прыёмны пункт хімчысткі, што па вул. 60 гадоў Кастрычніка, у жніўні звярнулася больш за паўсотні асіпаўчан, якія выдаткавалі на паслугі майстэрні 1300 рублёў. Найбольшы попыт у апошні месяц лета быў на чыстку падушак, кошт якой — 1 руб. 81 кап. за кілаграм пяра. А ў верасні землякі звяртаюцца ў асноўным з просьбай давесці да ладу верхняе аддзенне: чыстка дэмісезоннай вопраткі абыдзецца ў 7,79, зімовай — у 10,16 руб.