Сёлета, як і ў іншыя гады, асіповіцкае жніво мае свой маладзёжны атрад, і яго без перабольшвання можна назваць моцным звяном. Доказы гэтаму відавочныя. Напрыклад, вадзіцель ААТ “ЖорнаўкаАГРА” Аляксандр Пятрэнка яшчэ ў пачатку тыдня апярэдзіў сваіх паплечнікаў з іншых гаспадарак і трапіў у спіс “тысячнікаў” — сёння на рахунку хлопца ўжо 1100 перавезеных тон хлеба. Ці не добры прыклад не толькі прадстаўнікам маладога пакалення, але і ўвогуле ўсім аграрыям? З Падзячным лістом ад райкама прафсаюза і ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, вымпелам пераможцы і кепкай з эмблемай прафесійнай суполкі працаўнікоў АПК маладога вадзіцеля віншавала па даручэнні райкама прафсаюза старшыня “пярвічкі” сельгаспрадпрыемства Лідзія Раманенка.
Дарэчы, і ў мінулым годзе Аляксандр быў першым сярод тых, хто перавёз тысячу і больш тон. Займаць перадавыя пазіцыі для маладога чалавека ўжо становіцца нормай — няхай такая ўстаноўка дзейнічае і на працягу ўсяго працоўнага шляху!
Днямі пазнаёміцца з маладзёжнымі экіпажамі і пазначыць іх транспарт спецыяльнымі наклейкамі накіраваліся ў гаспадаркі галоўныя спецыялісты райкама ГА БРСМ Анастасія Гоціна і аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Ларыса Волкава. Пабывалі ў ААТ “Авангард-Ніва”, філіяле “Белшына-агра” ААТ “Белшына”, ААТ “ЖорнаўкаАГРА”. Тут працуюць экіпажы ў складзе Віталя Дубінчыка і Руслана Ігрунова, Сцяпана Давідовіча і Рыгора Грышановіча, Яўгена Чаропкі і Аляксандра Буслейкі адпаведна. Задзейнічана на ўборцы моладзь і ў ААТ “Бярэзіна-Агра-Люкс”, у раённае спаборніцтва за дасягненне лепшых вынікаў на жніве ўступілі камбайнеры Яўген Жуковіч і Павел Тупік, вадзіцель Міхаіл Вікторчык.
Будатрад імя героя Савецкага Саюза Гарэліка Зіновія Самуілавіча, куды ўваходзяць 7 юнакоў з мясцовага прафесійна-тэхнічнага каледжа, працуе зараз на зернетаку ААТ “Каменічы” (фота 4) пад кіраўніцтвам выкладчыка дапрызыўнай падрыхтоўкі Вячаслава Пуціенкі. Рабяты перайшлі на 2 і 3 курсы. І якія б яны ні асвойвалі спецыяльнасці, быць гаспадаром і паважліва адносіцца да хлеба — самыя важныя навыкі. Гэтымі гарачымі ва ўсіх сэнсах дзянькамі юнакі адназначна атрымаюць добрую сельскагаспадарчую практыку.
Валянціна КОРБАЛЬ.