Аўтапарк №19 нядаўна атрымаў 3 новыя аўтобусы Volkswagen Crafter, МАЗ-241 і МАЗ-103. Першы разлічаны на 19 пасадачных месцаў і курсіруе па маршруце Асіповічы-Магілёў-Асіповічы. Апошнія ўмяшчаюць па 35 і 90 пасажыраў адпаведна і ўжо палюбіліся гараджанам і сяльчанам.
Райспажыўтаварыства прыняло ў насельніцтва 1,4 тоны лісічак і 3 — чарніц на 18,5 тыс. рублёў. З пачатку ліпеня закупіла агуркоў каля 4, таматаў — звыш 2, цыбулі — крыху больш за 2, капусты і бульбы па 5,3 і 6,6 тоны на 4,3 тыс. рублёў.
У Пратасевіцкім сельсавеце пільна сочаць за добраўпарадкаваннем вуліц, якія рэгулярна абкошваюцца. За кошт сродкаў службы занятасці адрамантавана 138 метраў агароджы. Спілены аварыйныя дрэвы на грамадзянскіх могілках вёсак Пратасевічы-2, Перарожкі, Кляпчаны Мост і месцах агульнага карыстання ў Вярхах і Забалацці, на што выдаткавана 1,6 тысячы рублёў. Хутка пройдзе свята вёскі Дражня. Асабістымі сіламі праведзена добраўпарадкаванне стадыёна, дзе ўжо прайшлі два футбольныя матчы паміж мясцовымі спартсменамі і камандай горада.
Абласныя “Зажынкі” пройдуць у суботу, 29 ліпеня, на палях філіяла “Белшына-агра” ААТ “Белшына”. Гэта старадаўні звычай, падчас якога ўдзельнікі ў напевах і танцах апавядаюць пра нялёгкую працу сялян, якая робіць ніву ўрадлівай, а калоссе — цяжкім. У святочных абрадавых мерапрыемствах прымуць удзел народныя калектывы “Дзівакі” і “Вяселле”.
БУ-2 на станцыі Асіповічы актыўна займаецца будаўніцтвам другой узлётна-пасадачнай паласы на тэрыторыі Нацыянальнага аэрапорта “Мінск”, дзе разам з імі працуе каля 300 чалавек і 100 адзінак тэхнікі з розных рэгіёнаў краіны. Нядаўна арганізацыя занялася яшчэ адным аб’ектам — будаўніцтвам 9-кіламетровай аўтамабільнай дарогі “Заходні абход Брэста”.
Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва ўжо прыняў дакументы ад 430 сямей, якія выхоўваюць дзяцей-школьнікаў, для выплаты матэрыяльнай дапамогі на падрыхтоўку да новага навучальнага года. Усяго такіх сем’яў у раёне звыш 520.