Да 145-годдзя Асіповічаў
Менш за месяц засталося да дня, калі райцэнтр адзначыць сваю 145-ю гадавіну. Сёння шмат робіцца для таго, каб гэта дата засталася ў памяці: працягваецца добраўпарадкаванне, рыхтуюцца святочныя мерапрыемствы, праводзяцца розныя тэматычныя конкурсы. I адзін з лепшых напамінкаў пра тую ці іншую падзею альбо месца — сувенір: асаблівым прадметам уласціва прыцягваць увагу цікаўных людзей і дарыць чалавеку задавальненне. Менавіта пра іх і вялі размову з начальнікам Асіповіцкага філіяла ААТ “Магілёўсаюздрук” Iрынай Бабковай.
— Ужо даўно так склалася, што землякі і нашы госці шукаюць сувенірную прадукцыю перш за ўсё ў нашых кіёсках, — падзялілася назіраннямі субяседніца. — I мы робім усё для таго, каб пакупнік не застаўся расчараваным. Зараз маем у гандлёвых кропках даволі шырокі асартымент такой прадукцыі. У першую чаргу — розныя магніты з выявамі роднага горада і краявідамі Асіповіччыны. Прыгожых месцаў у нас, згадзіцеся, нямала. Кошт у дыяпазоне да 5 рублёў — на любы кашалёк. Можна набыць кубкі з сімволікай горада, у якіх кава і гарбата маюць асаблівы смак — праверана на сабе. Ёсць такія эксклюзіўныя вырабы, як талеркі з тэматычнымі малюнкамі, выкананыя пад заказ майстрамі фабрык мастацкіх вырабаў у Бабруйску і Магілёве. Можам прапанаваць абярэгі і вымпелы, бірулькі і ручкі. Сярод навінак — зялёныя папяровыя сцяжкі з дзвюма чорнымі палоскамі — маленькія копіі асіповіцкага сцяга. У бліжэйшы час чакаецца паступленне блакнотаў з выявай Асіповічаў. Тыя, хто не паспеў набыць наборы з 12 паштовак, якія прадаваліся раней, будуць мець магчымасць зрабіць гэта ў хуткім часе, прычым у абноўленай вокладцы. Лічу цікавай прапановай керамічны паравоз, над узорамі якога зараз працуюць спецыялісты ўзгаданых прадпрыемстваў.
Каб усё ж захаваць інтрыгу, не станем раскрываць усіх нашых задумак. Абавязкова будзем удзельнічаць у святочным гандлі. Ну а хто не любіць чакаць, можа набыць сувеніры ўжо зараз. Сустрэнем свята горада разам!
Валянціна КОРБАЛЬ.